Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў спадзяецца, што беларусаў не прымусяць выбіраць з крайнасьцяў


Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, які знаходзіцца зь візытам у Польшчы, спадзяецца, што на сьнежаньскіх выбарах прэзыдэнта Беларусі выбарцаў не прымусяць рабіць выбар паміж прарасейскай або празаходняй арыентацыяй іх краіны, паведамляе агенцтва “РИА-Новости”.

"Мы вельмі не хацелі б паўтору сытуацыі прыкладна шасьцігадовай даўніны, калі перад (прэзыдэнцкімі) выбарамі ва Ўкраіне гучалі галасы, што ўкраінцы павінны вызначыцца, з кім яны: з Эўропай або з Расеяй", - заявіў Лаўроў на прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве.

Паводле расейскага міністра, ёсьць усе падставы меркаваць, што падобнага закліку гэтым разам не прагучыць. "Перш за ўсё гэта тлумачыцца тым, што ў Эўропы і ў Расеі няма разыходжаньняў ў тым, што тычыцца задач разьвіцьця і росквіту ўсёй нашай агульнай прасторы", - сказаў Лаўроў. Ён таксама выказаў спадзяваньне на тое, што выбары ў Беларусі пройдуць сумленна і свабодна, нагадаўшы, што Менск запрасіў замежных назіральнікаў.

У сваю чаргу, кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі выказаў жаданьне, каб цяперашнія выбары ў Беларусі "прайшлі лепш, чым папярэднія". "Паколькі гэта эўрапейская дзяржава, хацелася б, каб там ўжываліся і эўрапейскія стандарты, у тым ліку ў адносінах да чысьціні і транспарэнтнасьці прэзыдэнцкіх выбараў", - заявіў кіраўнік МЗС Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG