Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпісныя лісты панесьлі на праверку


Прадстаўнікі тых кандыдатаў у прэзыдэнты, якія ўжо набралі неабходныя 100 тысяч подпісаў, пачалі здаваць падпісныя лісты на праверку ў тэрытарыяльныя раённыя выбарчыя камісіі. І тут адразу пачалі ўзьнікаць праблемы. Шмат дзе камісіі адмаўляюцца выдаваць расьпіскі пра атрыманьне лістоў з подпісамі.

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч кажа, што ягоная ініцыятыўная група здае падпісныя лісты толькі ў абласных цэнтрах. Ён тлумачыць, што вымусіла яго спыніць гэту працэдуру ў меншых гарадах і райцэнтрах:

Мікола Статкевіч
«Калі пачалі здаваць у больш дробных гарадах, то высьветлілася такая акалічнасьць. Я пасьля разабраўся, у чым тут справа. Сярод ночы раздаецца тэлефонны званок, і грубы голас пытаецца: «Вы насамрэч за гэтага апазыцыянэра Статкевіча расьпісаліся ці не?» Гэтая пагалоска пайшла, і ў тых гарадах пачала падаць адчыняльнасьць дзьвярэй. Людзі пачалі баяцца. Я даведаўся, што гэта мясцовыя аддзелы КГБ праводзяць такую спэцапэрацыю.

— А дзе гэта было дакладна?

— У Баранавічах, Воршы, Барысаве… Мы давялі гэтую інфармацыю да нашых абласных кіраўнікоў. І сказалі, што яны самі павінны прымаць рашэньне аб здачы.

Алесь Міхалевіч
Яшчэ адзін прэтэндэнт, Алесь Міхалевіч, падаў заяву ў ЦВК з просьбаю зрабіць прыём сабраных подпісаў больш празрыстым. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што ў бальшыні раённых выбарчых камісіяў ня лічаць дакладную колькасьць подпісаў, а толькі колькасьць перададзеных лістоў. Таксама раённыя камісіі адмаўляюцца выдаваць даведкі, якія пацьвярджаюць здачу подпісаў.

У Цэнтравыбаркаме на гэта адказваюць: даведак не давалі і раней, дастаткова запісу ў спэцыяльным журнале з подпісамі двух чалавек — таго, хто здаў падпісныя лісты, і таго, хто іх прыняў. А калі пазначаная колькасьць лістоў, то навошта яшчэ лічыць і агульную колькасьць подпісаў? Маўляў, гэта ўскладніць працу камісіяў.

Мікола Статкевіч кажа, што ягоная група ў такой сытуацыі ўжо прадумала меры перасьцярогі:

«Мы, дзе даюць, патрабуем расьпіскі. Але ў мэтадычных рэкамэндацыях спадарыня Ярмошына напісала, што камісіі не абавязаныя даваць расьпіскі за колькасьць сабраных подпісаў. Сям-там даюць, але ў бальшыні выпадкаў адмаўляюць. Тады мы складаем акт, робім запісы ў журнале і фатаграфуем гэтыя запісы».

Мікалай Лазавік
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа: асноўная нагрузка пры падліку галасоў кладзецца на раённыя выбарчыя камісіі:

«Тут нейкі працэнт подпісаў будзе забракаваны. З раёнаў дадзеныя пойдуць у вобласьць. З абласьцей інфармацыя паступіць у Цэнтральную камісію. Ну, а мы ўжо падлічым па сямі рэгіёнах рэспублікі і тады зможам канкрэтна сказаць, колькі кожны патэнцыйны кандыдат сабраў подпісаў па ўсёй Беларусі».

Сёньня стала вядома, што давядзецца правяраць якасьць збору подпісаў як найменей дзесяці ініцыятыўных груп. Віцебскі прадпрымальнік Уладзімер Правальскі і дырэктар менскага таварыства з дадатковай адказнасьцю «Трывіюм» Дзьмітрый Ус заявілі, што іхнія ініцыятыўныя групы сабралі па 100 тысяч подпісаў выбарцаў. У размове са «Свабодай » Уладзімер Правальскі сказаў, што амаль усе подпісы сабраныя ім на тэрыторыі адной, Віцебскай вобласьці.

Сама менш 100 тысяч подпісаў неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. Раней пра тое, што адпаведны рубеж ужо ўзяты, заяўлялі ў ініцыятыўных групах: Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімера Някляева, Яраслава Раманчука, Андрэя Саньнікава, Віктара Цярэшчанкі, Алеся Міхалевіча, Міколы Статкевіча, Рыгора Кастусёва.

Збор подпісаў, які вядуць 14 ініцыятыўных груп, завяршаецца 29 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG