Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску зьбілі зьбіральніка подпісаў


Інцыдэнт адбыўся ў прыватнай кватэры дома №3 корпус 1 па вуліцы П.Броўкі, куды Андрэй Лядоўскі завітаў, каб прапанаваць падпісацца за вылучэньне Яраслава Раманчука.

Ён распавядае, што подпіс за вылучэньне гэтага кандыдата даў ягоны равесьнік, Аляксандар Чубакоў 1978 году нараджэньня. Ён падпісаўся, але пажартаваў, што ягоны подпіс можа трапіць у КДБ, і праз тое яго "пасадзяць"

У кватэры былі яшчэ двое мужчын нападпітку. Адзін зь іх, старэйшага веку, кінуўся да зьбіральніка ды запатрабаваў аддаць яму падпісны аркуш з прозьвішчам Чубакова. Андрэй Лядоўскі патлумачыў, што зрабіць гэтага ня можа, бо там падпісаліся і іншыя людзі, але подпіс, калі чалавек перадумаў, можна выкрасьліць.

Такая прапанова ягонага апанэнта не задаволіла. Сівавалосы мужчына кінуўся біцца да Андрэя Лядоўскага, некалькі разоў штурхнуў яго, нанёс колькі ўдараў па галаве кулакамі і ўрэшце ўдарыў галавой аб сьцяну.

Усур'ёз біцца зь немаладым мужчынам Андрэй Лядоўскі ня стаў, але мусіў зьвярнуцца па мэдычную дапамогу, бо дужа балела ў галаве. У шпіталі зафіксавалі цялесныя пашкоджаньні, і Андрэй Лядоўскі напісаў заяву ў Першамайскі РАУС, каб нападніка пакаралі.

Парваны падпісны аркуш можа быць рэчавым доказам у судовай справе – зьбіральніку подпісаў удалося яго захаваць.

Апрача як за Яраслава Раманчука, жыхар Віцебску Андрэй Лядоўскі зьбірае подпісы яшчэ й за вылучэньне Мікалая Статкевіча ды Ўладзімера Някляева.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG