Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета кандыдата: Уладзімер Някляеў


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Нарадзіўся ў 1946 г. у Смаргоні, вучыўся ў Менскім электратэхнікуме сувязі, у Менскім пэдагагічным інстытуце, у Літаратурным інстытуце ў Маскве.


Паэт, грамадзкі дзеяч.


Стварыў і доўгія гады быў галоўным рэдактарам самага папулярнага ў Беларусі часопіса «Крыніца».


Аўтар шматлікіх кніг, паэтычных зборнікаў, папулярных беларускіх песень.


З 1998 да 2001 году — старшыня Саюза пісьменьнікаў Беларусі.


З 2010 г. узначаліў усебеларускую грамадзянскую кампанію «Гавары праўду!».


Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.


Жанаты, мае дзьвюх дарослых дачок.



Для чаго Вы вылучаецеся ў прэзыдэнты?


Я вылучаюся ў прэзыдэнты дзеля таго, каб перамагчы на выбарах, прыйсьці да ўлады і зьмяніць палітычную і эканамічную сытуацыю ў краіне.


У палітычным кірунку правесьці канстытуцыйную рэформу ў бок парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі, з паступовым наданьнем усё больш паўнамоцтваў парлямэнту і ўсё менш — прэзыдэнту. Дзеля таго, каб нават тэарэтычна ў нашай краіне не магло больш адбыцца тое, што адбылося, і што доўжыцца апошнія 16 гадоў.


У эканамічным кірунку будзе мадэрнізацыя краіны праз новыя тэхналёгіі і разьвіцьцё бізнэсу — найперш сярэдняга і малога.



Як зьменяцца падчас Вашага кіраваньня сярэднія заробкі і пэнсіі і чаму?


Што да пэнсіяў, то мы будзем іх захоўваць і павялічваць. Людзі, якія няздольныя зарабіць, будуць атрымліваць дапамогу дзяржавы. І гэта несумненна.


Што датычыцца заробкаў, то нейкія фіксаваныя сумы, 5 альбо 10 тысячаў даляраў, у адрозьненьне ад папулістаў, мы ня можам абяцаць. Кожны зможа зарабляць столькі, колькі зможа. Захоча болей, калі ласка. Мы будзем усяляк гэтаму спрыяць. Наогул, наш кірунак — гэта краіна, багацеючая кожны дзень за кошт сваіх грамадзянаў.



Якія беларускія прадпрыемствы варта прыватызаваць і якім чынам?


Пытаньне прыватызацыі — гэта не пытаньне ШТО прыватызаваць. Бо калі пытацца, што, дык — усё. Таму што прыватызацыя — гэта перадача з неэфэктыўнага кіраўніцтва ў эфэктыўнае. Калі неэфэктыўна кіруе дзяржава, значыць, патрэбна забраць у дзяржавы і перадаць прыватніку. Калі нейкі прыватнік кепска кіруе прадпрыемствам — то купіць прадпрыемства і перадаць яго таму, хто здольны кіраваць ім лепей.


Гэта аксіёма. Іншая справа, як гэта зрабіць. Можна так, як гэта сёньня ўлада робіць — гэта значыць, найлепшае аддаць па блату. Гэтага чалавека я ведаю, ён — добры мужык. Ды яшчэ «адкат» ад яго магу мець. Таму і будзе яму, а ня іншаму. Вось гэта будзе цалкам зьменена. Будзе абсалютна ўсё празрыста, на адкрытых аўкцыёнах. Так, як гэта робіцца па ўсім сьвеце.



Як зьменшыць залежнасьць Беларусі ад імпарту энэргарэсурсаў?


Магчыма, ад мяне тут найперш чакаюць адказу на пытаньне: будаваць нам атамную электрастанцыю ці не, пра што цяпер ідзе столькі гаворкі? Я сёньня, па шчырасьці, не гатовы сказаць — патрэбна нам гэта станцыя, ці можна абысьціся без яе? Я не спэцыяліст у галіне энэргетыкі і ня бачу пакуль што сур’ёзных абгрунтаваньняў спэцыялістаў на карысьць таго ці іншага боку. Таму гэта пытаньне для будучыні.


Але я ведаю, што мы павінны рабіць сёньня. Гэта — энэргазьберажэньне, пераход на менш затратныя спосабы вытворчасьці і ўрэшце рэшт пераход на тое, каб мы самі эканомілі энэргію. Я меў размовы зь некалькімі энэргетыкамі, і яны мне казалі, што энэргіі ў краіне наогул хапае. Але ж яе трэба эканомна расходаваць.



Ці трэба зьмяншаць паўнамоцтвы прэзыдэнта і як?


Пра паўнамоцтвы прэзыдэнта я ўжо сказаў. Магу толькі дадаць — пераважная большасьць апазыцыйных палітыкаў кажа, што ў выпадку перамогі дэмакратычных сілаў, іх асабіста, яны будуць вяртацца да Канстытуцыі 1994 году. Мы гэтага ня кажам. Мы будзем рабіць канстытуцыйную рэформу. Мы ня будзем вяртацца да Канстытуцыі 1994 году. Бо акурат у ёй было закладзена тое, што мы цяпер маем — па сутнасьці неабмежаваныя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы і дыктатура. Уласна кажучы, калі б Лукашэнка нават не пайшоў на рэфэрэндум 1996 году, ён усё роўна меў бы ўсе рычагі, каб кіраваць нашай краінай так, як ён кіруе ёй па сёньняшні дзень. І яшчэ да гэтага рэфэрэндуму Лукашэнка казаў, што Канстытуцыя 1994 году дае яму царскія паўнамоцтвы.



Ці патрэбныя іншыя зьмены ў Канстытуцыю? Калі так, то якія?


Мне падаецца, што я ўжо фактычна адказаў на гэтае пытаньне.



Ці павінна беларуская мова стаць адзінай дзяржаўнай?


Гэта пытаньне да мяне як для чалавека вельмі істотнае. Таму што я ўсё сьвядомае сваё жыцьцё змагаўся за тое, каб беларусы былі беларусамі. Каб яны размаўлялі на сваёй мове, каб яны мелі сваю дзяржаўнасьць, сваю гісторыю. Карацей, каб яны нечым на гэтым сьвеце вызначаліся. І безумоўна я за тое, каб беларуская мова стала дзяржаўнай. Але я ня буду змушаць беларусаў быць беларусамі. Гвалтоўна гэтага я рабіць ня буду. Угаворваць іх стаць беларусамі, па тых прычынах, па якіх я ўжо сказаў, я буду.


Я думаю, што з разьвіцьцём эканомікі, палітычнай сыстэмы да нашых гістарычных сымбаляў, да нашай мовы мы прыйдзем ня нейкім штучным шляхам, а натуральна, пасьлядоўна. Бо ня можа быць так, каб краіна, якая мае сваю эўрапейскую гісторыю (я ж нарадзіўся ў Крэве, дзе ў 1385 годзе была падпісаная першая эўрапейская унія), не зразумела, што яна насамрэч мае сваё імя, сваю мову, сваю гісторыю. Гэтак абавязкова будзе.



Якім павінен быць статус бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня», і якім чынам трэба вырашаць пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы?


Статус нашых сымбаляў і нашай мовы — гэта па сутнасьці адна тэма. Гэта ўсё вернецца, усё стане на свае месцы. Але, зноў жа, негвалтоўна. Для гэтага трэба падрыхтаваць грамадзтва, падрыхтаваць людзей, якія на сёньняшні дзень, што казаць, зрусіфікаваныя. Яны не адчуваюць гэтых каранёў, не адчуваюць дрыготкасьці ў душы, калі бачаць бел-чырвона-белы сьцяг, чуюць «Магутны Божа». Вось гэта павінна стацца. І гэта прыйдзе праз гістарычную, культурную палітыку, праз усё тое беларускае, што ёсьць у нашых душах.



Ці варта Беларусі імкнуцца ў Эўразьвяз?


Беларусі найперш важна трымацца кірунку, які вядзе нас у Эўразьвяз. На сёньняшні дзень патрабаваньні Эўразьвязу да патэнцыйных ягоных сябраў такія, што Беларусі пакуль нават няма чаго сьніць стаць сябрам Эўразьвязу. Мы павінны ісьці да гэтага. Але ж іхныя ўмовы напісаныя на тысячах старонак. І ўсе мае заявы пра тое, што мы будзем супрацоўнічаць з Расеяй, што мы будзем разам старацца падняць нашу эканоміку на прынцыпова іншы ўзровень — гэта значыць на ўзровень новых тэхналёгіяў, зводзяцца да таго, каб мы падняліся да выкананьня гэтых патрабаваньняў. А тое, што Беларусі наканавана быць у Эўропе, і яна там будзе, я ня маю ніякіх сумненьняў.



Ці варта Беларусі імкнуцца ў НАТО?


Што да НАТО, то я таксама ня маю тут ніякіх сумненьняў — Беларусі няма там чаго рабіць. Мы заявілі, што мы нэўтральная краіна. І гэтага трэба прытрымлівацца.



Ці захаваецца падчас Вашага прэзыдэнцтва сьмяротнае пакараньне?


Катэгарычна — не. Я выхаваны ў сям’і сапраўдных вернікаў. Мой дзед, якога я лічыў сьвятым чалавекам, і які, мабыць, такім і быў, стаў маім выхавацелем. Ён мяне па Бібліі навучыў чытаць. І з таго Сьвятога пісаньня я ведаю як неабвержнае тое, што дадзенае Богам ня можа забраць чалавек. Таму мы спачатку ўвядзем мараторый, а пасьля падпішам усе дакумэнты, якія патрэбна, каб гэта адмяніць.



Чым Вы будзеце лепшы за цяперашняга прэзыдэнта?


Тым, пра што я ўжо сказаў. Я не адношуся да тых людзей, якія ненавідзяць Лукашэнку асабіста, якія мараць яму адпомсьціць за нешта аб’ектыўнае альбо суб’ектыўнае. Я не хачу ні з кім распраўляцца. Я проста бачу памылкі, якія зрабіў гэты чалавек, асабліва ў апошнія гады. Ён хацеў выглядаць ласкавым цяляткам, які смокча дзьве маткі. А насамрэч прывёў краіну да таго, што ўжо ні адна, ні другая матка ня хочуць даваць за так малака. Палітыка гандляваньня чыстым паветрам скончылася ўжо даўно. А Лукашэнка да гэтай пары гэтага не заўважае. Цяпер ён ня здольны дамаўляцца ні з кім. І ён стаў рэальнай перашкодай на шляху Беларусі для будучыні. І вось гэтым Лукашэнка горшы за мяне. А я адрозна ад яго не зьвязаны пэўнымі абавязацельствамі. І таму магу прыняць рашэньні, якія выгадныя краіне і народу, не азіраючыся на тое, што я ўжо нарабіў. Вось гэтым я і лепшы за Лукашэнку.


А калі казаць пра нейкія маральныя розьніцы ў нашых характарах, то гэта судзіць людзям, а ня мне.



Які будзе Ваш першы ўказ?


Можа чакаюць ад мяне, што найперш я скажу пры сымболіку, мову. Дык не. Першы ўказ будзе зьвязаны з эканомікай. Нам трэба рухацца наперад, нам трэба, каб людзі жылі лепш. Каб яны прыйшлі да таго, пра што я ўжо казаў — да ўсьведамленьня сваёй мовы, сваёй нацыянальнай сымболікі. Таму мой першы ўказ будзе тычыцца сярэдняга і малога бізнэсу, як магчымасьці найбольш дынамічна разьвіваць краіну. Мы зробім усё, каб людзі хацелі працаваць, хацелі зарабляць, хацелі багацець, хацелі рухацца наперад. Заможная краіна — тая, дзе жывуць заможныя людзі.



Які лёс чакае прадстаўнікоў папярэдняй улады ў выпадку Вашай перамогі?


Зноў жа нямашака ў мяне жаданьня кагосьці люстраваць. Хто вінаваты, калі будзе за што, будзе адказваць па законе. Але гэтым буду займацца ня я. Будуць абсалютна разьмежаваныя паўнамоцтвы прэзыдэнта, Савета Міністраў, Вярхоўнага Савету. І першае, што мы закладзем у канстытуцыйную рэформу, — гэта незалежны суд. Абавязкова судзьдзі павінны абірацца, абавязкова яны павінны быць незалежнымі. Бяз гэтага нам не абысьціся.


Бо тое, што робіцца сёньня, і ёсьць асноўная праблема краіны. Суд ня ёсьць суд. Гэта нейкая выканаўчая структура па вырашэньні загадаў аднаго чалавека. І гэта той страх, які вісіць над кожным з нас. Кожны ведае, што трапіць туды, гэта праўды не знайсьці, адтуль ужо ня выбрацца.


І адсюль у нас праблемы з выбарамі, з нашай ініцыятыўнай групай. Бо жадаючых працаваць у ёй палохаюць: «Мы вас з працы выганім». І гэта яшчэ найменшае. А кажуць і: «Мы вас пасадзім».


Дык вось, такога пры новай уладзе ніколі ня будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG