Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета кандыдата: Мікалай Статкевіч


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Нарадзіўся ў 1956 годзе. 1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню. 1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю. Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні. Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС. 1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). 1995 г. Старшыня БСДП (НГ). 1991-1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў. 2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў. 2005 г. Быў прысуджаны да трох гадоў абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год. Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).


Для чаго Вы вылучаецеся ў прэзыдэнты?


Я вельмі даўно не задаволены тым, як і куды рухаецца наша краіна. Я хачу гэта зьмяніць. Першы крок, які трэба зрабіць — гэта вярнуць краіне дэмакратыю. Вярнуць беларускаму народу права абіраць сабе ўладу. Зараз гэтага права няма. Выбары ператвораныя ў фарс. Я ведаю, што трэба рабіць, каб краіна вярнулася да дэмакратыі, каб у людзей было права ведаць пра ўладу, абіраць і мяняць яе.


Як зьменяцца падчас Вашага кіраваньня сярэднія заробкі і пэнсіі і чаму?

"Казаць нешта “падчас майго кіраваньня” — сьмешна і наіўна, бо ў краіне няма выбараў. Але калі ў краіне будзе дэмакратыя, калі ўлада будзе мяняцца, калі людзі будуць уплываць на пераабраньне ўлады рэальна, то тады і пэнсіі, і заробкі пачнуць расьці. Бо любая ўлада будзе зацікаўленая праз пэўны тэрмін захаваць свой статус, яна будзе старацца для народа. Выдатны прыклад гэтаму — Украіна, дзе адбыўся калясальны за апошнія пяць гадоў рост пэнсій і заробкаў".


Якія беларускія прадпрыемствы варта прыватызаваць і якім чынам?

Прыватызацыя заўсёды пачынаецца, і гэта нармальна, зьнізу. Гэта невялікія прадпрыемствы, прадпрыемствы, якія зьвязаны з абслугоўваньнем насельніцтва. Прыватызаваць іх лепш, безумоўна, на рынку. Каб той, хто хоча стаць іх уласьнікам, яшчэ ўнёс дадатковыя сродкі ў бюджэт. Але для таго, каб людзі раскашэльваліся, несьлі свае грошы — беларускія ці лепш з-за мяжы — трэба стварыць добры інвэстыцыйны клімат. Для гэтага патрэбна заканадаўчая праграма. Як яе рабіць? Існуе адмоўны і станоўчы вопыт суседзяў. Яго трэба ўжыць у Беларусі. Тады ў краіну пойдуць грошы, якія будуць шукаць, куды ўкласьціся. І тады можна весьці размову пра рэальную прыватызацыю. Мэханізм гэты павінен быць абсалютна празрыстым для грамадзтва. Каб не было прыватызацыі па блаце, прыватызацыі сваім сваякам, адданым, знаёмым і гэтак далей.


Як зьменшыць залежнасьць Беларусі ад імпарту энэргарэсурсаў?

Беларусі наканавана імпартаваць энэргарэсурсы, бо ўласных мала. Мы можам зрабіць толькі тры рэчы. Эканоміць гэтыя энэргарэсурсы. Па магчымасьці павялічваючы долю ўласных, хаця тут крыніцы вельмі абмежаваныя. У нас гідраэнэргетыка зьвязаная з затапленьнем вялікіх плошчаў, у нас слабыя вятры, мала сонца. Тут проста большы акцэнт трэба надаваць эканоміцы. Па-другое, патрэбна дывэрсыфікацыя паставак энэрганосьбітаў, каб мы не залежалі ад адной краіны. Улада, на жаль, толькі празь 15 гадоў свайго кантролю над краінай пачала гэта разумець. Трэцяе: адзіная крыніца энэргіі, якую мы можам тут разьвіваць, каб здабыць энэрганезалежнасьць — гэта ядзерная энэргетыка. Там вельмі шмат мінусаў і пытаньняў, але ад гэтага шляху нам не сысьці, бо нам трэба быць у мэйнстрыме, нам трэба мець сваю школу, спэцыялістаў. Бо яна будзе мяняцца і рабіцца ўсё больш бясьпечнай і таннай. І нам ня трэба быць тут краінай, якая ўсё гэта набывае ў некага. Нам трэба пачынаць ужо цяпер. Ня трэба ставіцца так: калі гэта прапануе ўлада, то гэта адразу падлягае абвяржэньню апазыцыі. Але разьвіцьцю ядзернай энэргетыкі павінна папярэднічаць адкрытая, публічная, дэмакратычная дыскусія з узважваньнем усіх плюсаў і мінусаў, каб мы сьвядома прымалі рашэньне. Але нам гэтага шляху не пазьбегнуць.


Ці трэба зьмяншаць паўнамоцтвы прэзыдэнта і як?

Трэба зьмяншаць паўнамоцтвы прэзыдэнта. І пачынаць з пераразьмеркаваньня функцый. Заканадаўчая ўлада павінна быць адна — гэта парлямэнт. Ужо пры дзейнай канстытуцыі трэба прыняць закон аб парлямэнце, які надаў бы яму права быць ня толькі, так бы мовіць, штампоўшчыкам указаў прэзыдэнта, а трэба надаць яму заканадаўчую ініцыятыву і манаполію на выдачу заканадаўчых актаў.


Ці патрэбныя іншыя зьмены ў Канстытуцыю? Калі так, то якія?

Безумоўна, патрэбны. І самае галоўнае — гэта балянс галінаў улады. Патрэбна павелічэньне ролі заканадаўчай улады, функцый парлямэнту, каб гэта быў насамрэч орган улады. А выканаўчая ўлада павінна быць толькі выканаўчая. Патрэбна незалежнасьць судовай улады, якая б кантралявала дзейнасьць выканаўчай улады. Патрэбны гарантыі для мас-мэдый, разьвіцьця незалежных СМІ, абмежаваньня і паступовага зьмяншэньня да нуля колькасьці дзяржаўных СМІ. Народ мае права ведаць аб дзейнасьці ўлады. І для гэтага патрэбны вольныя мас-мэдыя. Народ павінен праз выбары ўплываць на гэтую ўладу. А паміж выбарамі — з дапамогай суда. Вось гэта мэта такіх зьменаў. Усе гэтыя зьмены ўплываюць на эканоміку, на той жа інвэстклімат. Усё гэта даўно вывучана і апісана. Але ж у нас па цывілізаваным шляху краіну весьці ня хочуць. Я буду весьці. Любы нармальны чалавек, стаўшы прэзыдэнтам, будзе весьці краіну па цывілізаваным шляху.


Ці павінна беларуская мова стаць адзінай дзяржаўнай?

Беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай. Яе трэба падтрымліваць. Пры захаваньні статусу расейскай мовы такім, якім ён быў у папярэдняй канстытуцыі 1994 года. Беларусі наканавана быць мультылінгвальнай краінай. Беларусы павінны добра ведаць расейскую мову, бо Расея — асноўны гандлёвы партнэр Беларусі. Некалькі дзясяткаў адсоткаў беларусаў павінны ведаць ангельскую мову й іншыя эўрапейскія мовы. Магчыма, нехта ўжо — і кітайскую. Але ў гэтай мультылінгвальнасьці павінна быць беларуская мова. Бо калі ня будзе мовы, стала будзе ўзьнікаць пытаньне ў нашага ўсходняга суседа, ці ёсьць мы нацыяй, і чаму мы існуём самастойна. Пачынаць вырашаць гэту праблему трэба вельмі далікатна і паступова. І пачынаць трэба зьверху. Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі павінен ведаць беларускую мову — і я прапанаваў бы гэта запісаць у законе аб выбарах. І гэта хутка памяняе стаўленьне да беларускай мовы. Пакуль мова паціху набывае статус мовы эліты грамадзтва, пакуль што маральнай эліты. Але беларуская мова будзе мовай беларускай кіроўнай, эканамічнай элітаў. Але і расейская мова тут захаваецца, бо мы знаходзімся пад велізарным культурным уплывам нашага суседа. Расейскую папсу будуць слухаць яшчэ вельмі доўга. Так што той, хто баіцца за расейскую мову тут, няхай не трывожыцца.


Якім павінен быць статус бел-чырвона-белага сьцяга і герба "Пагоня", і якім чынам трэба вырашаць пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы?


Гэтыя старадаўнія беларускія гістарычныя сымбалі павінны быць дзяржаўнымі. Нельга рабіць гэта нейкім валявым рашэньнем, трэба правесьці тлумачальную працу. Падчас яе гэтым сымбалям трэба надаць статус нацыянальных. Людзям трэба патлумачыць, што калі гербу 700 гадоў, то абсалютная недарэчнасьць ад яго адмаўляцца на карысьць гербу, прыдуманага некалькі дзясяткаў гадоў таму. Сымболіка прыдуманая людзьмі ня вельмі адукаванымі. Напрыклад, арнамэнт на беларускім сьцягу мае сваю мову, бо некалі жанчыны арнамэнтам нешта выказвалі. Гэта ж пахавальны арнамэнт. А ў нас жа прыгожы бел-чырвона-белы сьцяг. Яго ўзор ужываюць праваслаўныя гіерархі падчас Вялікадня. Гэты ж сьцяг — сымбаль ўваскрэсеньня да вечнага жыцьця. І вось уявіце — сьцяг — сымбаль сьмерці і сьцяг сымбаль уваскрэсеньня і жыцьця. Так што выснова відавочная.


Ці варта Беларусі імкнуцца ў Эўразьвяз?

У любым выпадку Беларусі трэба імкнуцца да эўрапейскай інтэграцыі. Бо эўрапейская інтэграцыя — гэта, найперш, эўрапейскія стандарты ва ўсіх галінах эканомікі, мэдыцыны, адукацыі. Чым гэта кепска? Але канкрэтныя ўмовы інтэграцыі Беларусі павінны вырашацца шляхам перамоваў, каб захаваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Уся хрысьціянская частка эўразійскага кантынэнту павінна быць аб'яднаная Эўразьвязам.


Ці варта Беларусі імкнуцца ў НАТО?

У НАТО мы можам пайсьці толькі сьледам ці разам з Расеяй. Бо нельга ўтвараць гэты канфлікт. У нас няма жыцьцёвай неабходнасьці ўступаць у нейкія вайсковыя блёкі. Бо тады мы станем закладнікамі рашэньняў зь іншых цэнтраў. І не заўсёды гэтыя рашэньні прадуманыя. Іншы раз рашэньні аб увязваньні НАТО ў вайсковыя канфлікты выглядаюць валюнтарысцкімі. Я нагадаю два прыклады: гэта бамбаваньне Сэрбіі і вайна супраць Іраку.


Ці захаваецца падчас Вашага прэзыдэнцтва сьмяротнае пакараньне?

Ад сьмяротнага пакараньня трэба адмовіцца. Бо ня мы даём жыцьцё чалавеку, і ня нам забіраць. Пакараць чалавека можна і па-іншаму. Ня трэба людзей ставіць у такую сытуацыю, калі яны вымушаныя забіваць, а потым хаваць гэта ад сваякоў.


Чым Вы будзеце лепшы за цяперашняга прэзыдэнта?

Мабыць, складана быць горшым за гэтага прэзыдэнта. У кожнага палітыка ёсьць свой час, і калі палітык настолькі свой час перабраў і нарабіў столькі стратэгічных памылак, супраць якіх ён цяпер гераічна змагаецца, што, мабыць, любы нармальны кіраўнік прадпрыемства ці калгасу, а ў нас іх некалькі тысячаў, быў бы ня горшым. Але, у любым выпадку, я ня буду хлусіць. Паклаўшы руку на сэрца, гледзячы ў вочы, — ня буду хлусіць. Я ня буду падаўляць сваіх апанэнтаў і, крый Божа, забіваць іх. Я ня буду зьнішчаць беларускую культуру і гісторыю. Я ня буду гандляваць сваёй краінай для працягненьня сваёй улады. Я ня буду імкнуцца сядзець вечна. Трэба неадкладна паставіць пытаньне аб адмене вынікаў рэфэрэндуму 2004 году, які быў сфальсіфікаваны. Кожны кіраўнік павінен ведаць, што раней ці пазьней яму давядзецца хадзіць па гэтых вуліцах як простаму чалавеку і глядзець людзям у вочы. І вось гэтае веданьне будзе стрымліваць пэўныя дзеяньні лепей, чым любы кантроль падзелу ўладаў. Калі гэтага веданьня няма, то пачынаюцца розныя рэчы, якія нам, усёй краіне, так нахабна тыкаюць з экрана.


Які будзе Ваш першы ўказ?

Працы вельмі шмат, але яна пачынаецца з каманды. Трэба сфармаваць сваю каманду. Я не кажу пра тых людзей, якія разам са мной — яны ўвойдуць у гэту каманду. Але ў Беларусі шэраг выдатных, маральных, высокапрафэсійных кіраўнікоў. І сваім першым указам я думаю ўключыць у сваю каманду такіх асобаў, як Міхаіл Марыніч, Васіль Лявонаў, Васіль Шлындзікаў, Станіслаў Багданкевіч і іншыя. На жаль, мы ня ведаем дакладнай карціны, бо афіцыйная статыстыка хлусіць. І калі апынуцца сам-насам з гэтай гарой праблем, патрэбны будзе досьвед ва ўсіх галінах. Ідэальны прэзыдэнт — гэта не спэцыяліст у галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, сілавых структур і так далей. А ідэальны прэзыдэнт — гэта ідэальны кіраўнік, арганізатар, які павінен сабраць каманду адмыслоўцаў, якія ўсё гэта ведаюць. Ён павінен кіраваць гэтай камандай і атрымліваць ад яе максымальны вынік. То бок, пачынаць трэба з каманды. Але безь вяртаньня да выбараў усе гэтыя словы выглядаюць, як фантазіі. Трэба вярнуць у краіну права выбару, і я ведаю, як гэта зрабіць.


Які лёс чакае прадстаўнікоў папярэдняй улады ў выпадку Вашай перамогі?

Я за тое, каб беларусы памірыліся, я за нацыянальнае прымірэньне. Каб мы не ваявалі і ня бачылі тут ворагаў адзін у другім. Прапаную нават дараваць нейкія палітычныя грахі. Я маю маральнае права пра гэта казаць, бо супраць мяне неаднаразова ўжываліся рэпрэсіі. Але тут ёсьць выключэньні. Можна чалавеку кампэнсаваць грашыма згубленую працу, нават нейкую “адсідку”. Але калі ўжываўся гвалт, калі людзей зьбівалі, той, хто зьбіваў, павінен быць пакараны. Той, хто забіваў, павінен быць пакараны. У нас ёсьць зьніклыя, мабыць, забітыя палітыкі. Іх сваякі маюць права ведаць, што зь імі сталася, хто гэта зрабіў, і бачыць забойцаў пакаранымі. Вось гэта выключэньні. А так, нам трэба ўрэшце рэшт памірыцца і рухацца наперад. А не шукаць ворагаў, потым ворагаў ворагаў, потым зноў ворагаў, і гэта ўсё будзе цягнуцца бясконца. Трэба рухацца наперад, бо мы адсталі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG