Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наперадзе – газавы сьнежань


Сытуацыя з цэнамі на расейскі газ для Беларусі ў 2011 годзе пакуль застаецца няпэўнай. Таксама невядома, ці патрапіць афіцыйны Менск захаваць або павялічыць квоту на пастаўкі бязмытнай нафты з Расеі ў Беларусь. Апроч гэтага, у эканамічным судзе СНД завісла справа адносна адмены расейскага мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь.

Разьвязаньне пытаньняў з пастаўкамі энэрганосьбітаў у Беларусь адкладаецца на сьнежань. У мэдыях зьявіліся прагнозы, што напрыканцы году паміж Беларусьсю і Расеяй зноў можа распачацца газа-нафтавая вайна. У "Газпроме" карэспандэнту "Свабоды" паведамілі, што цана на газ для Беларусі будзе вядомая па выніках 2010 году. Цана ў 250 даляраў — гэта пакуль толькі прагнозы. Прадстаўніца прэс-службы расейскага канцэрну Тацяна Галубовіч патлумачыла, што ёсьць дзейны кантракт, згодна зь якім цана даўно вызначаецца паводле формулы.
Калі вам трэба прыкладную цану, то вы можаце браць 250 і ёй апэраваць ...

"Больш дакладны прагноз можа скласьціся ў сьнежні з аб'ектыўных прычын. Цана будзе складацца паводле формулы. Я была б рада вам дапамагчы, каб нашая размова адбывалася недзе ў сьнежні. А цяпер аддаленыя прагнозы, якія могуць мяняцца, і мы ня бачым сэнсу іх пакуль паказваць. Але, згодна з кантрактам, з 2011 году там ня будзе паніжальнага каэфіцыенту. А другі момант — трэба глядзець на паводзіны нафтапрадуктаў. Калі вам трэба прыкладную цану, то вы можаце браць 250 і ёй апэраваць. А больш дакладных дадзеных не скажу ні я, ні іншыя прадстаўнікі "Газпрому".

У Менску афіцыйныя асобы заяўляюць, нібыта з расейскім бокам вядуцца перамовы адносна паставак газу ў Беларусь на наступны год. На гэта ў прэс-службе "Газпрому" сказалі:

"Кіраўніцтва "Белтрансгазу" да нас даўно не прыяжджала. Шчыра кажучы, ня ведаю, перамовы на якім узроўні яны маюць на ўвазе. Бо бягучая праца ёсьць і зь Беларусьсю, і з Украінай, і зь іншымі краінамі. Яна заўсёды вядзецца. Дэлегацыі з кіраўніком "Белтрансгазу" мы не чакаем".

Паводле загадчыка катэдры Інстытуту бізнэсу і мэнэджмэнту БДУ Георгія Грыца, эканамічныя патрабаваньні ператварыліся ў інструмэнт палітычнага ціску. А газ, нафта фактычна выступаюць інструмэнтам зьнешняй палітыкі. Спадар Грыц адзначае наяўнасьць міжасабовага канфлікту ў дачыненьнях паміж Расеяй і Беларусьсю.
і той, і другі бок робяць заявы-страшылкі ў мэдыях, бо лягчэй апусьціць плянку, чым падняць ...

"Ёсьць нефармальныя заявы "Газпрома", што яны павысяць да 250 даляраў. Але потым пасол Расеі ў Беларусі сказаў, што цана для Беларусі можа быць плюс 10% адносна сёньняшняй цаны. Гэта крыху менш за 250 даляраў. Таму нават такі разнабой пастаўшчыка газу і прадстаўніка расейскага ўраду сьведчыць, што адзінай пазыцыі ў расейскага кіраўніцтва пакуль няма. Гэта прадмет перамоваў. Натуральна, і той, і другі бок робяць заявы-страшылкі ў мэдыях, бо лягчэй апусьціць плянку, чым падняць".

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, цана на газ для Беларусі вырасьце хутчэй на 20, чым на 50 даляраў. Таксама пакуль невядома, ці захавае Расея квоту бязмытнай нафты для ўнутранага спажываньня Беларусі ў 6,3 мільёна тон.

Леанід Злотнікаў
"Дачыненьні прэзыдэнта Беларусі з урадам Расеі могуць пагоршыцца ў больш значнай ступені, чым сёньня. Тады мыта на нафту можа быць уведзена і для ўнутранага спажываньня. Гэта больш залежыць ад палітыкаў, а не ад эканамічных заканамернасьцяў, на падставе якіх можна прагназаваць, што адбудзецца. Таму цяжка даць прагноз, зыходзячы з палітычных высноваў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG