Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраслаў Раманчук: Будзе вялікая супольнасьць замест вялікай дзяржавы


Эфір 21 верасьня

21 верасьня адбылася прэсавая канфэрэнцыя патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука і яго партыйных калегаў. Раманчук разьлічвае атрымаць у першым туры выбараў 30-35% галасоў выбарцаў і выйсьці ў другі тур. Яраслаў Раманчук – госьць начнога эфіру Свабоды.

Абламейка: Добры вечар Яраслаў. Сёньня вы паведамілі, што зьбіраецеся падаваць дакумэнты ў ЦВК для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы 23 верасьня. Ці задаволеныя вы ходам яе стварэньня?

Раманчук: Так, задаволены. Гэтаму былі прысьвечаны 3 месяцы актыўнай працы ў рэгіёнах, адбылося амаль 30 спатканьняў у вялікіх і малых гарадах, сфарміраваная сетка ў 32 населеных пунктах, 20 рэгіянальных штабоў. Уся гэтая сыстэма гатовая, каб сабраць 100 тыс. подпісаў.

Абламейка: Вы разьлічваеце атрымаць 30-35% галасоў выбарцаў і выйсьці ў другі тур. На падтрымку якіх слаёў беларускага грамадзтва вы спадзеяцеся?

Раманчук: Перш за ўсё, гэта 20-25 адсоткаў тых людзей, якія сёньня падтрымліваюць дэмакратыю, свабоду наша краіны, эўрапейскі шлях. Я думаю, што большасьць гэтых людзей на выбарах будзе галасаваць за мяне. Другая частка можа падтрымаць мяне таму што мы дастаткова доўга зь ёй працуем – гэта прадпрымальнікі і малы і сярэдні бізнэс. Таксама новая мэтавая група – моладзь, якая не ўваходзіць у маладзёвыя дэмакратычныя структуры, яле якая таксама кажа, што ёй хопіць гэтай улады і яна хоча пераменаў. Таксама сярэдняя кляса, тыя інтэлігентныя людзі, якія хацелі б жыць у вольнай дэмакратычнай эўрапейскай краіне.

Абламейка: Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна для нашых слухачоў пра сваю праграму? І, найперш, пра яе эканамічную частку – бо ж якраз эканоміка найперш цікавіць простага чалавека...

Раманчук: Калі мы прадстаўлялі праграму "Мільён новых месцаў працы", мы менавіта з гэтага сыходзілі – што людзям трэба даць адказы на эканамічныя пытаньні. Што будзе калі Раманчук стане прэзыдэнтам, будуць расьці цэны ці не? Мой адказ – цэны будуць стабільнымі. Ці будуць расьці заробкі, ці будуць стварацца новыя месцы працы? Так, будуць. Іх перш за ўсё будуць ствараць прадпрымальнікі і малы і сярэдні бізнэс Беларусі, але гэта ня будзе выключаць замежных інвэстыцый, рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў, якія будуць працаваць у клімаце 30 найлепшых краінаў сьвету. У нас распрацаваны новы бюджэт краіны, дзе прадстаўленая новая падатковая сыстэма. Таксама будзе новы закон аб прыватызацыі, які ўлічвае пазытыўны ды нэгатыўны вопыт краінаў Цэнтральнай Эўропы, нэгатыўны вопыт Украіны і Расеі. За тры гады мы створым мільён новых месцаў працы, каб не дапусьціць беспрацоўя. Будзе адкрытая прывабная краіна для ўсходніх і заходніх інвэстыцыяў. Полівэктарнасьць нашай краіны, што кардынальна адрозьніваецца ад самаізаляцыі, які абраў спадар Лукашэнка. У маёй праграме першае – гэта вялікая супольнасьць замест вялікай дзяржавы. Вялікая супольнасьць – гэта ўлада чалавека, яго голас у прыняцьці рашэньняў.

Абламейка: Ну вось яшчэ простае пытаньне пра вашу праграму і вашыя погляды. Якой павінна быць сыстэма аховы здароўя ў Беларусі? Дзяржаўная, прыватная, страхавая?

Раманчук: Перш за ўсё, трэба каб кожны чалавек меў страхоўку. Страхоўка ня будзе толькі дзяржаўнай ці толькі прыватнай. Для тых людзей, якія трапілі ў бяду, якія страцілі працу, хто зьяўляецца інвалідам, маюць шмат дзяцей, дзяржава павінна пакрываць да 80% сабекошту страхоўкі. Дармовыя лекі для тых, хто мае хранічныя захворваньні.

Абламейка: Наколькі я ведаю, Вы зьяўляецеся членам Саюзу палякаў. Якая мова будзе дзяржаўнай у Беларусі ў выпадку вашай перамогі?

Раманчук: Дзяржаўная мова – безумоўна беларуская мова. Трэба правесьці вельмі шырокую дыскусію, сказаць, што нацыянальная ідэнтычнасьць бяз мовы немагчымая. Я тут буду грунтаваць сваю палітыку на тым, што папулярызуе "Таварыства беларускай мовы" пад кіраўніцтвам Алега Трусава. Мне вельмі імпануе яго пазыцыя. Навучаньне дзьвюх замежных моваў у школе. Ну і кожны чалавек будзе выбіраць сам, на якой мове размаўляць. Тут ніякай забароны на разьвіцьцё іншых моваў няма. Я абяцаю зрабіць 10-гадовую праграму разьвіцьця беларускай мовы і культуры. Бюджэт на гэта ня будзе скарачацца не ў залежнасьці ад агульнага стану бюджэту. Гэта частка майго другога лёзунгу "Захоўваем лепшае!".

Абламейка: Учора адзін з экспэртаў у нашым эфіры выказаў думку, што адмова Мілінкевіча, Лябедзькі і Калякіна ад удзелу ў выбарах зьвязана зь іх меркаваньнем, што выбары 19 сьнежня ня будуць выбарамі ў поўным сэнсе, а будуць проста выбарамі Лукашэнкі, і, адпаведна, партыйныя лідэры вырашылі ня браць удзелу ў гэтых выбарах бяз выбару. Чаму вы вырашылі ў іх усё ж удзельнічаць?

Раманчук: Ня буду казаць за матывацыю Мілінкевіча і Калякіна. Я кажу за матывацыю Лябедзькі – гэта безумоўна калектыўнае рашэньне нашай партыі, гэта аднаўленьне лідэрства, гэта фармаваньне каманды, гэта па-сутнасьці спроба знайсьці адказы на пытаньні, якія ставіць беларускі электарат, беларускае грамадзтва. Ніхто не казаў, што будзе лёгка, ніхто не спадзяваўся, што Лукашэнка пойдзе на лібэралізацыю, але адзіны шлях дэмакратызацыі і свабоды нашай краіны, адзіны шлях да захаваньня незалежнасьці – удзел у выбарчай кампаніі і перамога. Перамога магчыма. Таму што мы ведаем, хаця яны і будуць лічыць галасы, але калі апытаньні будуць паказваць, што там столькі галасоў, што Лукашэнка будзе вымушаны пайсьці на другі тур. У другім туры мы перамагаем, і тыя людзі, якія прыйдуць у маю падтрымку на плошчу 19 сьнежня, будуць важным аргумэнтам, які ні адна ўлада ігнараваць ня будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG