Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь запрасіла на выбары назіральнікаў АБСЭ і СНД


Міністэрства замежных спраў Беларусі сёньня афіцыйна прапанавала АБСЭ і СНД накіраваць міжнародных назіральнікаў ад гэтых арганізацый на выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, прызначаныя на 19 сьнежня 2010 году. Апазыцыя з гэтай нагоды заяўляе пра намер дамагацца, каб на выбарах дзейнічала толькі адна сыстэма міжнароднага назіраньня.

Сёньня міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў падпісаў афіцыйныя лісты на адрас АБСЭ і СНД з прапановай накіраваць міжнародных назіральнікаў ад гэтых арганізацый на выбары, прызначаныя на 19 сьнежня 2010 году.

Пра гэта паведаміў журналістам прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

"Хачу падкрэсьліць, што Рэспубліка Беларусь не вылучае якіх-колечы абмежаваньняў па тэрмінах знаходжаньня назіральнікаў, а таксама па іх колькасьці. Гэта сьведчыць пра намер беларускага боку правесьці адкрытыя і празрыстыя выбары адпаведна найвышэйшым міжнародным стандартам".

Назіральнікаў ад СНД і АБСЭ традыцыйна запрашаюць на беларускія выбары паасобку. Гэтым разам апазыцыя змагаецца за тое, каб былі ня дзьве, а толькі адна сыстэма міжнароднага назіраньня — пад эгідай Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька называе гэту задачу стратэгічнай:

"І на гэтую стратэгічную мэту мы ўжо пачалі працу. Так, на мінулым тыдні наша партыйная дэлегацыя ў Бэрліне праводзіла перамовы з улікам гэтага фактару. Здолелі знайсьці паразуменьне і ў Бундэстагу, і ў ведамстве канцлера.

З гэткім самым мэсыджам Яраслаў Раманчук паехаў у Вашынгтон, дзе праводзіў шматлікія сустрэчы. Вельмі важна, каб зараз была адна сыстэма міжнароднага назіраньня, а ня некалькі паралельных, якія канкуруюць паміж сабою загадзя. І не на прававым полі, а на палітычным".

Ацэнкі экспэртаў АБСЭ і СНД на ўсіх беларускіх выбарах вельмі моцна адрозьніваюцца. Сёлета гэтая традыцыя можа быць парушаная, спадзяецца спадар Лябедзька:

"Калі ў нас стаіць пагроза рэальных фальсыфікацыяў, калі ўлада бярэ на гэта стратэгічны курс, то мы павінны браць курс на тое, каб гэтая выбарчая кампанія была не прызнаная адпаведнаю стандартам АБСЭ. І ў нас упершыню ёсьць унікальная магчымасьць — мець адзін погляд, зыходзячы са стандартаў АБСЭ. А значыць, і мець адну ацэнку".

Беларускае заканадаўства дазваляе запрашаць міжнародных назіральнікаў на выбары толькі чатыром суб'ектам. Гэта — прэзыдэнт, урад, парлямэнт і Цэнтравыбаркам. Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына сказала журналістам, што зьбіраецца запрасіць на прэзыдэнцкія выбары сваіх расейскіх калегаў:

"Мы будзем запрашаць нашых калегаў з выбаркамаў іншых краін. Мы зыходзім з прынцыпу ўзаемнасьці — хто запрашае нас, таго запрашаем і мы. Паколькі нашы калегі з Расейскай Фэдэрацыі запрашалі нас і на апошнія выбары прэзыдэнта, і на выбары Дзярждумы, то і мы, зразумела, запросім іх".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG