Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень гораду ў асаблівым рэжыме


Сьвяточны КПП ў Верхнім горадзе.
Сьвяточны КПП ў Верхнім горадзе.
11 верасьня ў Менску будзе адзначацца Дзень гораду. Якія захады бясьпекі прымае міліцыя, каб падчас масавых мерапрыемстваў не пацярпелі людзі?

У сьвяткаваньні Дня гораду ў Менску, паводле папярэдніх разьлікаў менскай міліцыі, прымуць удзел болей за 100 тысяч чалавек. Гарадзкая міліцыя будзе працаваць у асаблівым рэжыме, пільная ўвага будзе нададзеная месцам правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Кіраўнік прэсавай службы менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі: «Самыя масавыя мерапрыемствы адбудуцца на праспэкце Пераможцаў і на пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі. Там, а таксама на месцах раённых мерапрыемстваў, міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Нагадаю, што забаронена туды праносіць: зброю, выбухоўку і ўсе рэчы, якія адносяцца да выбуховых прыстасаваньняў і якія пагражаюць жыцьцю і здароўю грамадзян. Таксама забаронена праносіць сьпіртныя напоі, піва. Можна прыносіць толькі безалькагольныя напоі ў празрыстай тары ёмкасьцю ня больш за паўлітра. На мерапрыемствы нельга прыходзіць у стане моцнага ап’яненьня, праносіць вялікія рэчы. Ня трэба прыходзіць з хатнімі жывёламі і прыяжджаць на роварах. Грамадзян на роварах і з хатнімі жывёламі ў мэтах бясьпекі на мерапрыемствы не прапусьцяць».

У 2008 годзе падчас сьвяткаваньня афіцыйнага сьвята Дзень Рэспублікі — Дзень незалежнасьці на праспэкце Пераможцаў адбыўся выбух, ад якога пацярпелі болей за 40 чалавек. Вінаватыя ў здарэньні дагэтуль ня знойдзеныя. З таго часу міліцыя значна ўзмацніла захады бясьпекі на масавых мерапрыемствах.

На пляцоўках сьвяткаваньня Дня гораду будуць выкарыстоўвацца мэталадэтэктары, кантрольна-прапускныя
Некаторыя нязручнасьці ёсьць платай за бясьпеку.
пункты і мэталатурнікеты. «Некаторыя нязручнасьці, зьвязаныя з выкарыстаньнем гэтага абсталяваньня, ёсьць платай за бясьпеку», — кажуць ў гарадзкой міліцыі.

Гарадзкі гандаль папярэдзіў, што каля месцаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў будзе абмежаваны продаж сьпіртных напояў. Гэта таксама тлумачыцца бясьпекай ўдзельнікаў сьвята.

Некалькі гадоў таму пасьля сьвяткаваньня Дня гораду хуліганы зь мястэчка Рудзенск учынілі масавую бойку ў электрычцы Менск-Пухавічы. Пацярпелі дзясяткі чалавек.

У МУС Беларусі кажуць, што міліцыя зробіць усё, каб падобныя інцыдэнты не паўтарыліся, але нейкіх адмысловых захадаў не плянуюць.

Кіраўнік інфармацыйнай управы МУС Канстанцін Шалькевіч: «Менская міліцыя працуе 11-га ва ўзмоцненым рэжыме. А транспартная… Мяркую, у выпадку нейкіх непрадугледжаных сытуацый знойдзем сілы і сродкі, каб іх прадухіліць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG