Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадвыбарчыя загадкі: выбух, Мілінкевіч і прарасейскі кандыдат


Якім будзе палітычнае рэха выбухаў ля расейскай амбасады ў Менску? Якімі будуць наступствы магчымага няўдзелу ў выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча? Прарасейскі кандыдат – гэта пусты брэнд ці рэальнасьць?

Над гэтымі тэмамі ў “Праскім акцэнце” разважаюць: сябра Сойму партыі БНФ, палітоляг Юры Чавусаў, аглядальнік газэты “Коммерсантъ» Павал Шарамет і аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Да абвяшчэньня выбараў у Беларусі засталося... Па ідэі няшмат засталося, хаця і тут магчымыя розныя нечаканасьці, як паведамляецца ў парадку дня сэсіі палаты прадстаўнікоў, якая адкрыецца 7 верасьня, пункт прызначэньня даты выбараў не пазначаны. Усё нейкія таямніцы ды сакрэты гэты разам. Вось пра некаторыя зь іх я прапаную пагаварыць.

Адна з таямніц – дзьве бутэлькі з гаручай сумесьсю, кінутыя на тэрыторыю расейскай амбасады, якія сталі дэтанатарам велізарнага палітычнага выбуху. Вэрсій безьліч – ад беларускіх радыкалаў да расейскіх анархістаў. Адну зь іх – што выбух – правакацыя расейскіх спэцслужбаў, агучылі ня толькі беларускія прыўладныя палітолягі, але і сам кіраўнік дзяржавы.

Разумею, што любая вэрсія ў гэтай сытуацыі выглядае спэкуляцыйнай, але ўсё ж такі на ваш погляд – каму выгадны гэты выбух? І больш шырокае пытаньне – якую ролю гэты інцыдэнт адыграе ў двухбаковых адносінах, у той інфармацыйнай вайне, якая ідзе паміж Масквой і Менскам, якую ролю адыграе незалежнага ад таго, хто да інцыдэнту датычны? Юры Чавусаў


Чавусаў
: Любы сапраўдны палітык можа скарыстаць гэты інцыдэнт на сваю карысьць, незалежна ад таго, прарасейскі ён ці антырасейскі. Выбух дзіўным чынам выгодны ўсім палітычным сілам у Беларусі. Ён падагравае цікаўнасьць да працэсу і падвышае стаўкі. Найменш можа выйграць Аляксандар Рыгоравіч, бо выбух – дэманстрацыя дэстабілізацыі, дэманстрацыя таго, што ня ўсё так добра кантралюецца ў РБ, як гэта малюе дзяржаўная прапаганда.

Апазыцыйныя кандыдаты ўжо пачалі інтэрпрэтацыю гэтых выбухаў, як руку расейскіх ці беларускіх спэцслужбаў, якая
Любы сапраўдны палітык можа скарыстаць гэты інцыдэнт на сваю карысьць.
скіраваная на тое, каб даць нагоду для рэпрэсій супраць апазыцыі. Калі браць гісторыю выбухаў, якія адбываліся ў Беларусі, то ўлады кожны раз выкарыстоўвалі іх для ціску на апазыцыянэраў.

Што тычыцца прарасейскіх сілаў беларускай апазыцыі, то ім і сам Бог загадаў дэманстраваць ролю гэтага выбуху, як правакацыю беларускіх спэцслужбаў адносна Масквы. Я думаю, што падчас гэтых прэзыдэнцкіх выбараў падобныя інцыдэнты яшчэ будуць.

Дракахруст: Павал, а на ваш погляд, каму выгадны гэты інцыдэнт і хто як можа скарыстаць яго?

Шарамет
: Мне спадабалася вэрсія Юрыя. Але ўрэшце падчас яго выкладаньня я згубіў ніць: выбух выгадны ўсім, 150 вэрсіяў. Калі падыходзіць з такіх пазыцый, то мы ніколі не наблізімся да ісьціны.
Насамрэч гэта адпрацаваная тэхналёгія беларускіх спэцслужбаў, калі яны гадамі запалохвалі Маскву мітычнымі нацыяналістычнымі баевікамі. Насамрэч акцыі нацыяналістаў былі ясныя і зразумелыя. І за гэтыя акцыі, скіраваныя ня столькі супраць Расеі, колькі супраць беларускай улады, якая прадае незалежнасьць, гэтых людзей заўсёды каралі. А вось за такія мутныя акцыі, як закідаць бутэлькамі з запальнай сумесьсю амбасаду, зрабіць стрэл па будынку амбасады – за гэта ніколі нікога не каралі.
Я абсалютна ўпэўнены, што гэта почырк беларускіх спэцслужбаў, расейскім спэцслужбам гэта непатрэбна.

Я абсалютна ўпэўнены, што гэта почырк беларускіх спэцслужбаў, расейскім спэцслужбам гэта непатрэбна. І ніхто не цягнуў за язык прэзыдэнта Лукашэнку, які перайшоў нейкія межы здаровага сэнсу ў ацэнцы гэтага інцыдэнту. Невыпадкова Пуцін, калі наведваў кніжны кірмаш у Маскве, калі там быў дзень беларускай экспазыцыі, праігнараваў беларускую экспазыцыю.
У Маскве абураныя. Людзі, якія заўсёды ведалі сапраўдную цану Лукашэнку, проста сьмяюцца. А прыхільнікі Лукашэнкі ў Маскве крыху прыціхлі, бо калі дыскусія пераходзіць на ўзровень п'янай лаянкі, нават яны ня могуць зараз абараняць Лукашэнку.

Дракахруст: Віталь, а якія вашы адказы – каму выгадна і хто можа атрымаць з гэтага інцыдэнту?

Цыганкоў
: У нашай перадачы меркаваньні падзяліліся геапалітычна, гэтак жа, як яны падзяліліся ў інфармацыйнай прасторы. У Расеі кажуць, што гэта справа рук беларускіх спэцслужбаў, у Беларусі кажуць, што ня ўсё так адназначна. Я сапраўды не разумею, якая тут выгада для афіцыйнага Менску. Я пагаджуся зь Юрыям Чавусавым, што Аляксандру Лукашэнку гэты інцыдэнт нявыгадны, калі ён робіць акцэнт на стабільнасьць, на тое, што ў нас у Беларусі нічога, маўляў, не адбываецца, такі выбух у такі час яму непатрэбны.

Я нагадаю, што выбух на 3 ліпеня ўжо два гады шукаюць вінаватых. Як гэта можа быць выгадна беларускай уладзе – паказваць сваю бездапаможнасьць? Прычым, па справе 3 ліпеня шукалі ўсімі сіламі, арыштоўвалі дзесяткі людзей, і ня толькі апазыцыянэраў.

Някляеў заявіў у эфіры "Эхо Москвы", што беларускія ўлады распальваюць антырасейскую гістэрыю. Але для гэтага ёсьць нагоды і без інцыдэнту каля амбасады. Яна распальваецца ў рамках інфармацыйнай вайны, дзе ўдары ідуць адзін за адным з абодвух бакоў.
Як гэта можа быць выгадна беларускай уладзе -- паказваць сваю бездапаможнасьць?


Беларуская апазыцыя заявіла, што за гэтым стаяць беларускія спэцслужбы, што далей могуць пачацца рэпрэсіі. Апазыцыя можа так і павінна казаць, але , як бачым, рэпрэсіі пакуль не пачаліся і наўрад ці пачнуцца.
Беларускія афіцыйныя СМІ імкнуцца прынізіць значнасьць гэтага выбуху. У той дзень, калі гэта адбылося, у "Панараме" інфармацыя пра інцыдэнт прагучала на 25-й хвіліне.

Ну а ў беларуска-расейскіх адносінах выбух сваю ролю ўжо адыграў, яшчэ больш напаліўшы атмасфэру інфармацыйнай вайны. Бакі абвінавацілі адзін аднаго, абмяняліся ўдарамі – ну і разышліся на наступнага раўнду.

Шарамет: Я не зусім згодны ні з тым, што гаворыць Віталь, ні з тым, што гаворыць Юры. Асаблівую вастрыню барацьбе вакол гэтай атакі на расейскую амбасаду надалі заявы беларускага боку, асабліва выступ прэзыдэнта Лукашэнкі. Калі б ён прамаўчаў, то праз пару дзён гэта магчыма і сьцішылася б. Больш таго, няма нічога дзіўнага ў тым, што беларускія афіцыйныя СМІ замоўчваюць гэты інцыдэнт.

Маскве пасылаюць message , што калі не я, то заўтра вас нацыяналісты закідаюць «кактэйлямі Молатава».


Прыгадайце, шаноўныя калегі, так было заўсёды з падобнымі інцыдэнтамі, бо адрасат гэтых інцыдэнтаў ня ў Менску, а ў Маскве, гэта ім пасылаюць message , што калі не я, то заўтра вас нацыяналісты закідаюць «кактэйлямі Молатава».

Дракахруст: Павал, але атрымліваецца нейкая занадта складаная вэрсія. Паводле вашай вэрсіі Лукашэнка хоча паказаць Маскве, што калі ня ён, то прыйдуць да ўлады нацыяналісты, якія ўсім расейцам горла перарэжуць, з амбасады пачынаючы. Але публічна абвінавачваюцца не нацыяналісты, як тое звычайна было, а Расея. Дык у чым тут тады сэнс гульні Лукашэнкі?

Шарамет: Усё атрымліваецца лягічна. Нечакана на атаку расейскай амбасады беларускія ўлады атрымліваюць зусім ня тую рэакцыю, якую яны атрымлівалі ўсе гэтыя гады. Раней пасьля падобных інцыдэнтаў зьяўляліся камэнтары расейскіх палітыкаў, якія казалі, што Лукашэнка – гэта стабільнасьць, а яго адсутнасьць – гэта хаос. А зараз усе гавораць, што гэта ягоныя гульні, што абрыдла назіраць за гэтым спэктаклем. І такая рэакцыя выбівае яго з каляіны, выводзіць з раўнавагі і ў яго пачынаецца гістэрыка. Усё настолькі лягічна, што ў мяне гэта гісторыя не выклікае ніякіх пытаньняў.

Дракахруст: Яшчэ адзін цікавы сюжэт – упартыя чуткі пра тое, што ў выбарчай кампаніі ня будзе ўдзельнічаць Аляксандар Мілінкевіч, чуткі, якія спадар Мілінкевіч сваімі няўцямнымі камэнтарамі хутчэй пацьвярджае, чым абвяргае. Хачу нагадаць, што кампанію ён пачаў вельмі гучна і адным з першых, з прэзэнтацыі ў гатэлі “Эўропа”, а па сутнасьці – яшчэ падчас леташняга Эўрапейскага форуму. І куды што падзелася?

Стаўленьне да спадара Мілінкевіча можа быць розным, але нагадаю простую рэч – паводле апытаньняў менавіта ён – самы рэйтынгавы палітык пасьля Аляксандра Лукашэнкі.

Наколькі праўдападобнымі вам падаюцца гэтыя чуткі? І калі спадар Мілінкевіч сапраўды ня будзе ўдзельнічаць у кампаніі, якія наступствы гэта будзе мець і для кампаніі, а таксама для нацыянальна-дэмакратычнай плыні беларускай апазыцыі?

Цыганкоў: Мне здаецца, што сапраўды існуе вялікая верагоднасьць, што Аляксандар Мілінкевіч можа выйсьці з гэтай кампаніі на тым ці іншым этапе. Я раблю гэтую высновы на падставе размоваў з людзьмі з атачэньня Мілінкевіча. Матывацыя для беларускай грамадзкасьці напэўна будзе такая, што мы ня хочам гуляць паводле сцэнароў, распрацаваных ня ў нас, а калі больш жорстка, то паводле сцэнароў, распрацаваных у Маскве. Калі Мілінкевіч ня будзе ўдзельнічаць, то ён, дарэчы, атрымае павагу ў тых палітыкаў і выбаршчыкаў (скажам, самых радыкальных), якія лічаць, што ў выбарах ня трэба ўдзельнічаць, што іх трэба байкатаваць. Сярод палітычна актыўнай публікі гэта немалая колькасьць. Гэтую публіку збольшага прадстаўляе Зянон Пазьняк, але можна сказаць, што Мілінкевіч такім сваім рашэньнем у пэўнай ступені салідарызуецца зь ім. Да таго ж такое рашэньне здыме спэкуляцыі на тэму, што Мілінкевіч падыгрывае Лукашэнку, што, маўляў, ён пайшоў на супрацоўніцтва з уладай.
Няўдзел у выбарах стане для многіх доказам таго, што Мілінкевіч – самастойны палітык, што ён ня хоча прымаць удзел у гульнях Лукашэнкі.

Няўдзел у выбарах стане для многіх доказам таго, што Мілінкевіч – самастойны палітык, што ён ня хоча прымаць удзел у гульнях Лукашэнкі. Што да нацыянальна-дэмакратычнай плыні беларускай апазыцыі, то вялікае пытаньне будзе ў тым, ці застанецца хто-небудзь прадстаўляць гэтую плынь у выбарчых бюлетэнях. Цалкам магчыма, што з сыходам Мілінкевіча так атрымаецца, што нікога там і ня будзе. Ня выключана, што Мілінкевіч можа падтрымаць кагосьці з маладых палітыкаў – Рымашэўскага ці Міхалевіча. А магчыма, што з прычыны абставін, якія мы ня ведаем ці пра якія не прынята казаць прэсе, Мілінкевіч вырашыў, што гульня ня вартая сьвечак, і такое рашэньне будзе лепшым і для яго асабіста, і для нацыянальна-дэмакратычнай плыні ў цэлым.

Дракахруст: Павал, а як вы лічыце, якія наступствы будзе мець гэтае рашэньне Мілінкевіча, калі яно будзе прынятае? Так выглядае, што калі ён здыме сваю кандыдатуру, то перадвыбарчая канфігурацыя будзе наступнай: Лукашэнка, кандыдаты, якіх некаторыя лічаць прарасейскімі, і больш слабыя кандыдаты, хай на мяне ніхто не крыўдзіцца.

Шарамет: Прарасейскага кандыдата ніхто ня бачыў, невядома, ці зьявіцца ён. Але ўсе пра яго гавораць, ён такі прывід, лятучы галяндзец...

Дракахруст: Павал, дык у гэтым жа і моц.

Шарамет: Што тычыцца варыянту, калі Мілінкевіч адмовіцца ад удзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі. Гэта безумоўна будзе крок, які будзе спрыяць кансалідацыі апазыцыйных сілаў. Мілінкевіч і Саньнікаў ледзь не развалілі ПБНФ і працягваюць пасьпяхова гэта рабіць. Выхад Мілінкевіча з барацьбы, а таксама і Саньнікава, можа вярнуць рэшткам нацыяналістычнага крыла адзінства і дынамізм.
Выхад Мілінкевіча з барацьбы, а таксама і Саньнікава, можа вярнуць рэшткам нацыяналістычнага крыла адзінства і дынамізм.


Шмат будзе залежаць ад таго, зь якой матывацыяй Мілінкевіч выйдзе з кампаніі, каго ён падтрымае, каму ён перадасьць хай і невялікі электаральны рэсурс.

Асаблівасьць гэтай кампаніі ў тым, што шмат палітыкаў стартавалі задоўга да таго, як сталі зразумелыя часовыя межы кампаніі. Гэта тлумачыцца тым, што яны займаліся самапіярам, каб больш выгадна прадаць сябе інвэстарам і спонсарам, яны не рыхтаваліся да рэальнай палітычнай барацьбы, не рыхтаваліся да мабілізацыі прыхільнікаў, яны проста набівалі сабе цану.
Хаця Віталь і заклікае не казаць пра гэта адкрыта ў эфіры, зараз стала зразумела, у каго ёсьць рэсурс, а ў каго яго няма, рэсурс фінансавы, людзкі, палітычны і г.д.

Я мяркую, што асноўная прычына магчымага сыходу Мілінкевіча з барацьбы – тое, што ён ня здолеў з фармальнага адзінага кандыдата стаць рэальным лідэрам апазыцыі і ў пэўны момант яму было адмоўлена ў фінансавай дапамозе яго традыцыйных эўрапейскіх партнэраў.

Мне асабіста не хацелася б, каб ён цалкам сыходзіў з палітычнай барацьбы, магчыма, тым ёсьць і асабістыя прычыны, можа здароўе, можа ён сабраўся ехаць на пэнсію ў Польшчу, дзе жывуць яго дзеці.

У яго ёсьць невялікі электаральны рэсурс і калі ён прыгожа выйдзе з барацьбы і падтрымае каго-небудзь з кандыдатаў, то ён зробіць вялікую справу для беларускай дэмакратыі.

Чавусаў: Як у любой палітычнай падзеі тут ёсьць як плюсы, гэтак і мінусы для ўсіх палітычных сілаў. Адзінае, што ў палітыцы ня варта кіравацца чуткамі. Я думаю, што большасьць палітычных суб'ектаў будуюць сваю стратэгію сыходзячы з таго, што спадар Мілінкевіч такі крок зробіць. Шкада, што гэта адбываецца літаральна за некалькі дзён да афіцыйнага старту прэзыдэнцкай кампаніі.

Мне спадабалася думка спадара Шарамета наконт аздараўленьня нацыянальна-дэмакратычнай плыні пасьля такога ўчынку спадара Мілінкевіча пасьля такога ўчынку. Але гэтыя вынікі могуць быць доўгатэрміновыя. У кароткатэрміновай пэрспэктыве пройгрыш асноўнага кандыдата нацыянальна-дэмакратычных сілаў яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі (а адмова балятавацца – гэта прызнаньне паразы) будзе сур'ёзным ударам па гэтым флянгу апазыцыі таксама і з той прычыны, што зараз пачнецца бойка за спадчыну Мілінкевіча ў электаральным і арганізацыйным сэнсе. Тыя кандыдаты, якія пазыцыянуюцца як нацыянальна-дэмакратычныя – Рымашэўскі, Кастусёў, Міхалевіч, будуць імкнуцца завалодаць электаральным і
Адсутнасьць моцнага кандыдата на правым флянгу можа стаць прычынай таго, што традыцыйны апазыцыйны правы грамадзянін на плошчу ня пойдзе, бо гэта, маўляў, крамлёўскі сцэнар і крамлёўская плошча.
арганізацыйным рэсурсам Мілінкевіча. Гэты правы, расейскаскэптычны флянг беларускай апазыцыі будзе расьцярушаны і ня выключана, што там запануе вайна ўсіх супраць усіх.

Я б хацеў зьвярнуць увагу на яшчэ адзін аспэкт. Мы не павінны забываць, што вынікі гэтых выбараў будуць вырашацца зусім не пры падліку галасоў, вынік гэтай кампаніі будзе вырашацца на плошчы. І пытаньне зараз – пад якімі сьцягамі будзе адбывацца гэтая плошча, хто павядзе людзей на плошчу. Адсутнасьць моцнага кандыдата на правым флянгу можа стаць прычынай таго, што традыцыйны апазыцыйны правы грамадзянін на плошчу ня пойдзе, бо гэта, маўляў, крамлёўскі сцэнар і крамлёўская плошча, мы туды па чужых сцэнарах ня пойдзем.
Пасьля сыходу з дыстанцыі Мілінкевіча левае крыло апазыцыі, наўпрост скажам Раманчук, Някляеў, робіцца mainstream і яны будуць несьці адказнасьць за вынікі гэтых выбараў. Мілінкевіч «умыў рукі», ён палегчыў задачу тым людзям, якія бяруць на сябе адказнасьць за гэтыя выбары.

Дракахруст: У Беларусі працягваецца палкае абмеркаваньне трапяткой праблемы, хто ж прарасейскі кандыдат і хто пра што з Крамлём дамовіўся. Называюцца і канкрэтныя імёны, прыгадваюцца іх паездкі ў Расею. Але вось дзіўны момант. На гэтым тыдні каманда Яраслава Раманчука правяла ў Маскве канфэрэнцыю. Але з кім – з Барысам Нямцовым, які ледзь не з канфэрэнцыі адправіўся на антыўрадавы мітынг і быў дастаўлены ў пастарунак. Некалькі месяцаў таму беларускія газэты апублікавалі гутарку Ўладзімера Някляева з Юрыем Шаўчуком.

Але ж і Шаўчук таксама – апазыцыянэр. Здаецца, беларускія госьці блытаюць ельцынскі і цяперашні час у Расеі. Тады той жа Нямцоў з арганізатара мітынгаў супраць вайны ў Чачні, якую вёў Ельцын, мог патрапіць у крэсла віцэ-прэмьера. А для цяперашняга Крамля і расейскага ўраду гэтыя спадары – ворагі, зь якімі і абыходзяцца як з ворагамі. Ці ня сьведчаць кантакты беларускіх апазыцыянэраў менавіта з расейскай лібэральнай апазыцыяй, што яны – апошнія, хто можа стаць крамлёўскімі кандыдатамі?

Шарамет: Гісторыя з прарасейскім кандыдатам нагадвае анэкдот і ўжо зусім ня сьмешны. Усе будуюць схемы на пяску, якія будуць змытыя літаральна адной хваляй.

На сёньня мне абсалютна невядома пра пошукі Масквой нейкага свайго кандыдата, невядома, што такі чалавек абраны, невядомае прозьвішча гэтага чалавека. Было б вядомае, клянуся, што я б яго не хаваў.

Я не абвінавачваю Юрыя Чавусава ў тым, што ён сыход Мілінкевіча інтэрпрэтуе як перамогу прарасейскіх сілаў і адсутнасьць Мілінкевіча на плошчы як заклік да таго, што ня трэба туды прыходзіць.
Укіданьне інфармацыі пра прарасейскага кандыдата, падзел беларускага электарату і беларускай апазыцыі на праэўрапейскіх і прарасейскіх – гэта апэрацыя беларускіх спэцслужб.

Але я ўпэўнены, што ўкіданьне інфармацыі пра прарасейскага кандыдата, гістэрыя наконт абароны нашай краіны ад прарасейскага кандыдата, падзел беларускага электарату і беларускай апазыцыі на праэўрапейскіх і прарасейскіх – гэта апэрацыя беларускіх спэцслужб. Лукашэнку вельмі выгадна разагнаць нас па розных кутах, паставіць на нас гэтыя клеймы, каб мы не займаліся галоўнай праблемай – скіданьнем гэтай дыктатуры, якая вядзе Беларусь у бездань, а каб займаліся высьвятленьнем адносінаў адны зь іншымі.

На сёньняшні дзень няма ніякага прарасейскага кандыдата, можа быць ён зьявіцца, можа быць не зьявіцца. Усе кантакты, якія мае беларуская апазыцыя ў Маскве, не зьяўляюцца кантактамі такога ўзроўню, каб мы маглі казаць пра тое, што Крэмль удзельнічае ў палітычнай барацьбе ў Беларусі. Гэтак жа, як усе кантакты беларускіх апазыцыянэраў у Эўропе не зьяўляюцца эфэктыўнымі настолькі, каб мы маглі казаць, што гэта прывядзе нас да свабоды, да зьмены сытуацыі.

Таму я заклікаю ўсіх спыніць гэтыя дыскусіі пра прарасейскіх і праэўрапейскіх кандыдатаў, заклікаю зразумець, што ў нас галоўная мэта – дамагчыся палітычных зьменаў у гэтай краіне, што наступны прэзыдэнт усё роўна будзе прамежкавы і перамагчы Лукашэнку – гэта вельмі складана.

І мы павінны галасаваць не за прарасейскага ці праэўрапейскага кандыдата, а мы павінны падтрымаць чалавека рэальна моцнага, рэальна здольнага скласьці нейкую альтэрнатыву.

Дракахруст: Віталь, а які ваш погляд на гэтую праблему прарасейскага кандыдата? Дарэчы, можна прыгадаць, што ў 1994 годзе кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку ў Крамлі таксама не прымалі. Але ён быў прарасейскім кандыдатам.

Цыганкоў: Я думаю, што пры ўсіх добрых намерах Паўла яго лёзунг спыніць дыскусію ўсё ж наўрад ці выканальны. І незалежна ад спэцслужбаў гэтыя рэчы будуць абмяркоўвацца, можа і на жаль. У абарону нашых палітыкаў, якія гавораць пра гэта, можна сказаць, што яны думаюць і аб тым, што будзе пасьля. Відаць, зараз сапраўды для ўсіх дэмакратычна настроеных людзей самая важная рэч – гэта пазбавіцца ад гэтага аўтарытарнага рэжыму. Але нармальна, што палітыкі думаюць ня толькі пра тое, як зрынуць Лукашэнку, але і пра тое, што будзе потым. У 1994 годзе галоўнай мэтай уяўлялася скіданьне Кебіча. І тады БНФ, калі быў мацней, чым уся цяперашняя апазыцыя разам узятая, толькі за гэта і змагаўся. І неяк праглядзелі такую пагрозу, як Лукашэнка, які ўзяўся ні з пушчы ні з поля і перамог і вось ужо 16 гадоў кіруе Беларусьсю. Таму сёньняшніх палітыкаў можна зразумець, калі яны думаюць аб тым, што будзе пасьля Лукашэнкі, а ці ня будзе горш, ці не патрапіць Беларусь у яшчэ большую залежнасьць ад Расеі.

Сёньняшніх палітыкаў можна зразумець, калі яны думаюць аб тым, што будзе пасьля Лукашэнкі, а ці ня будзе горш.

А тое, што некаторыя апазыцыйныя кандыдаты кажуць, што яны могуць стаць пракрамлёўскімі – для мяне гэта пераважна са сфэры піяру, а не рэальнасьці, прычым піяру як з боку іх канкурэнтаў, так і з боку саміх кандыдатаў.

Сапраўды, і Раманчук, і Някляеў сустракаюцца ў Маскве з апазыцыйнымі палітыкамі, яны прысутнічаюць у апазыцыйных расейскіх СМІ. Што тычыцца Раманчука, то ён кантактуе са сваімі даўнімі калегамі. Але вось прыйшоў на нейкую сустрэчу Кудрын, а ён дзейны міністар, Раманчук зь ім бачыўся , была магчымасьць нешта закінуць, нечым пацікавіцца. Гэта безумоўна мае сэнс, але ніхто з нармальных аналітыкаў ня робіць з гэтага выснову, што Раманчук ці Някляеў стане пракрамлёўскім кандыдатам.

Я пагаджуся з Паўлам, што Расеі няма сэнсу ставіць на гэтых людзей, няма патрэбы траціць на гэта грошы і час.

Чавусаў: Я б падыходзіў да пытаньня наяўнасьці ці адсутнасьці прарасейскага кандыдата з аналітычнага пункту гледжаньня. Прарасейскі кандыдат як фігура мовы ўжо існуе. І як з боку Лукашэнкі, гэтак і з боку часткі беларускай апазыцыі гэты элемэнт агітацыі будзе выкарыстоўвацца, занадта спакушальна абвінаваціць кандыдата ў прэзыдэнты ў працы на карысьць замежных агентаў.

Кандыдатаў шмат. Павал сказаў, што прарасейскага кандыдата на дадзены момант няма, але некаторыя кандыдаты за гэты статус змагаюцца. Шматабяцальныя словы Раманчука, што яго эканамічная праграма ўжо на стале ў Крамле – гэта недвухсэнсоўная заяўка на тое, што ён выгодны для Крамля. Зрэшты, апошняе, што можна меркаваць – гэта тое, што ў крамлёўскіх калідорах падтрымліваюць некага з беларускіх апазыцыянэраў. Наўрад ці. Сапраўды, мы ня бачылі відавочнай падтрымкі, скажам, пацісканьня рук Пуціным. Расея апяклася на Ўкраіне ў 2004 годзе, падтрымліваючы аднаго кандыдата, так што мы зараз хутчэй можам гаварыць не пра прарасейскага кандыдата, а пра нейкі сцэнар Крамля ў дачыненьні да маючых адбыцца ў Беларусі выбараў.
У апошнюю чаргу можна паверыць у тое, што Расея не зацікаўленая ў нейкім выніку гэтых выбараў.


Таксама ў апошнюю чаргу можна паверыць у тое, што Расея не зацікаўленая ў нейкім выніку гэтых выбараў. І калі робіцца відавочны ціск на беларускага дыктатара, я ўпэўнены, што нейкая стаўка на гэтых выбарах Крамлём будзе рабіцца.

Насуперак заклікам Паўла не казаць пра прарасейскага кандыдата мы будзем пра гэта казаць, таму што гэта ёсьць рэальная заклапочанасьць вялікай часткі беларускага грамадзтва. Ёсьць занепакоенасьць, што Масква падрыхтавала нам новага "хроснага бацьку", які будзе больш згаворлівы, больш апргэйджаны на эўрапейскі манер і менш адыёзны. Але гэта ня будзе на карысьць нацыянальным інтарэсам.

Абвінавачваньні такія будуць, да іх трэба ставіцца як да элемэнта агітацыі. Пытаньне, ці сапраўды людзі разьлічваюць стаць "лепшымі лукашэнкамі". Гледзячы на тых людзей, якія вылучаюцца ў прэзыдэнты, мне здаецца, што такога здрадніцтва мы ад іх чакаць ня можам.

Шарамет: Боязь прарасейскага кандыдата – гэта сьведчаньне слабасьці беларускай эліты. Беларуская апазыцыйная эліта не ўпэўненая ў сябе, у сваіх сілах, гэта нейкі ўнутраны псыхалягічны комплекс, зь якім трэба змагацца.
Горш чым Лукашэнка быць ня можа.


Горш чым Лукашэнка быць ня можа. Мы можам заўтра прачнуцца ў іншай краіне. Небясьпека, што менавіта Лукашэнка прадасьць нас Расеі, захоўваецца да апошняга моманту, пакуль ён ва ўладзе. Другога такога шанцу ў Расеі не было – паглынуць Беларусь праз свайго палітыка. Такім палітыкам быў Лукашэнка. Наступны ніколі не паўтарыць гэтую памылку, бо беларуская эліта ўжо прызвычаілася жыць самастойна і ня трэба баяцца нейкага "варага", які адзін нешта разьверне. Мы пакаштавалі гора, наш вораг – гэта цяперашні прэзыдэнт і мы павінны кансалідавацца, каб зьмяніць сытуацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG