Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўнай групы «Вясёлка» ў Магілёве больш няма


У Магілёве зачынілася адзіная беларускамоўная група ў дзіцячым садку № 81. Сёлета не знайшлося бацькоў, якія б захацелі аддаць туды сваіх дзяцей.

«Не засталося гэтай групы. Дзеткі, якія ў ёй былі, у школу сёлета пайшлі. Цяпер няма ў нас беларускай групы. Няма запатрабаванасьці. Групы ўсе ўкамплектаваныя. Яны на рускай мове», — паведаміла супрацоўніца адміністрацыі садка.

Групу «Вясёлка» адчынілі 3 сьнежня 2007 году намаганьнямі актывістаў мясцовых суполак Таварыства беларускай мовы й руху БНФ «Адраджэньне». Цягам дзесяці месяцаў яны шукалі сем’і, якія пагадзіліся б аддаць у беларускамоўную малакамплектную групу сваіх дзяцей. Удалося знайсьці дзясятак такіх сем’яў. У групу, аднак, пайшлі толькі трое дзетак. Астатнія не адпавядалі ўзросту. Да закрыцьця групы яе наведвалі пяцёра малых.

«Яшчэ ўвесну загадчыца выказвала такі занепакой. Яна казала: што мы будзем рабіць, калі вы сыдзеце? На групу ж выдзяляецца фінансаваньне. І што потым зь ёй рабіць, калі ня будзе дзяцей? Сумна гэта чуць, бо ўсё, што мы рабілі, нічым не завяршылася. Працягу лягічнага няма. Урэшце я і мой муж адчувалі, што так будзе. Сумна, канечне», — пракамэнтавала сытуацыю з закрыцьцём групы Надзея Салаўёва, маці ўжо першаклясьніцы Ялінкі.

Дачка сям’і Салаўёвых пайшла сёньня ў адзіную ў Магілёве беларускамоўную клясу. Там яна будзе вучыцца адна. Гарадзкія ўлады дазволілі адчыніць клясу ў першай магілёўскай школе, што побач з гарвыканкамам.

Першыя наведнікі групы «Вясёлка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG