ГОМЕЛЬШЧЫНА
Недарод бульбы ў калгасах і на «сотках»
З прычыны анамальнай летняй засухі ўраджай бульбы сёлета ў гаспадарках Гомельшчыны наўрад ці перавысіць 200 тысяч тон.
Прадстаўнік абласнога камітэту ў пытаньнях сельскай гаспадаркі зь неахвотай апавядае пра сытуацыю на бульбяных палетках:
«Калі ёсьць ураджай, тады ніхто не пытаецца. А калі няма — усе пытаюцца. Няма ўраджаю сёлета на Гомельшчыне — ні збожжавых, ні іншага. Ведаеце, зь якой прычыны».
Колькі рэгіёну прыйдзецца пастаўляць бульбы ў Татарстан, і ці прыйдзецца наагул, пакуль невядома, бо зь Міністэрства сельскай гаспадаркі яшчэ не было ніякіх загадаў:
«Вызначыцца міністэрства. Пакуль ніхто не дзяліў гэты „каравай“. Пакуль будзе забясьпечвацца ўнутраны рынак. А калі будзе ў нас нешта ў „загашніку“, будзем прадаваць. Жыцьцё ж на гэтым ня скончылася — не прападзем, галоднымі ня будзем. Будзем капаць, забясьпечваць сябе, а потым — прадаваць».
Недарод бульбы адчуваецца ня толькі ў калгасах і саўгасах, але й на прысядзібных участках.
Пэнсіянэрка Марыя зь вёскі Карма Добрускага раёну скардзіцца:
«Пасохла бульбачка. Расткі на ёй выбіваюцца і пупінкі завязваюцца. Прапала сёлета ўсё».
Па тры тысячы заплацяць — будзем пастаўляць.
Прыгарадная гароднінная гаспадарка «Ўсход» Гомельскага раёну ўжо зараз адгружае бульбу ў Расею, але не ў Татарстан.
Спэцыяліст гаспадаркі кажа, што летась прадалі ў расейскія рэгіёны каля 5 тысяч тон бульбы. Сёлета аб`ёмы будуць меншымі, бо з-за засухі страты на гектары склалі прыкладна 80-100 цэнтнэраў клубняў:
«Мы зараз адгружаем у Расею — у суткі 60-80 тон. Фуры загружаем. Будзе каманда — то будзем у Татарстан пастаўляць, нам розьніцы няма, ім паставім. Самае галоўнае, каб грошы плацілі. І як мага большыя. Па 3 тысячы заплацяць — будзем пастаўляць».
выбіраньне бульбы на Меншчыне
Паглядзець фотагалерэю ва ўвесь экран.
ВІЦЕБШЧЫНА
«Наверсе» ж усё вырашаецца, толькі народ праз гэта церпіць»
Падвышэньне кошту на бульбу можа прывесьці да непажаданых наступстваў. Паводле аршанскага фэрмэра Адама Сапежкі, па беларускую сельгаспрадукцыю ў памежныя рэгіёны пэрыядычна прыяжджаюць расейскія прадпрымальнікі. Сёлета бульбу ім гатовыя прадаць не таньней як 1 200 рублёў за кіляграм — такі фіксаваны кошт гэтага прадукту ў гаспадарках для насельніцтва:
«Прыехаў расеец зь Пензы дамаўляцца наконт бульбы. Дык кажа : «Я ў роспачы, ня ведаю, што рабіць!» У іх там бульба па 17-18 рублёў, гэта 1 700 на нашы грошы. І адна толькі дарога да той Пензы каштуе 2 тысячы даляраў. Дык, гаворыць, мне ніякага прыбытку ня будзе. А я кажу: «Ты пачакай, можа, у нас бульба патаньнее, ці ў вас яшчэ падаражэе. Тут жа ўсё ня так проста!
Можа, гэта такі адказ за „газавую вайну“ — што бульба падаражэла. „Наверсе“ ж усё вырашаецца, толькі народ праз гэта церпіць…»
Смаленская газэта «Рабочий путь» ужо папярэдзіла чытачоў, што паніжэньня коштаў на сельгаспрадукцыю чакаць не выпадае, і што кошты на бульбу, якая цяпер каштуе 15 рублёў, могуць сягнуць да 20-ці рублёў за кіляграм. У віцебскіх крамах кошты таньнейшыя: кіляграм бульбы гатунку «Скарб», да прыкладу, каштуе 1 320 рублёў.
Але ня выключана, што беларусы могуць застацца зусім бяз бульбы на зіму, — разважае фэрмэр Адам Сапежка:
«Ураджай сярэдні, невысокі. І ўжо прыродныя ўмовы пачалі ўмешвацца — дажджы пайшлі, і гэта сур’ёзная перашкода. Можа стацца так, што калгасныя ўраджаі застануцца ў полі.
Верагодна, што вывезуць на экспарт лепшую, а горшая застанецца беларусам.
Што да беларускіх заробкаў, то абяцаньне, што яны да новага году вырастуць у спалучэньні з падвышэньнем кошту на гародніну можа прывесьці да дужа непажаданых наступстваў, разважае аршанскі фэрмэр:
«Мне здаецца, што абяцаньні плаціць заробкі па 500 даляраў ды падвышэньне коштаў на бульбу ды ўсё іншае справакуе новы віток інфляцыі. Таму і грошы такія абяцаюць, каб уздымаць кошты на сельгаспрадукцыю для насельніцтва».
БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА
«Калі чуюць нашы кошты — адразу адмаўляюцца»
Берасьцейскія ўправы сельскай гаспадаркі і харчаваньня атрымліваюць звароты з Расеі аб пастаўках бульбы. Праўда дамовіцца пакуль не атрымліваецца. Дзяржава раіць сельскагаспадарчым прадпрыемствам прадаваць бульбу ў Расею па 1200 рублёў за кіляграм. Такія кошты расейцаў не задавальняюць.
У Ганцавіцкім раёне толькі-толькі распачалі ўборку бульбы. Але ўжо спэцыялісты ўправы сельскай гаспадаркі і харчаваньня кажуць, што прадаць прадукцыю за мяжу даволі складана. Дзяржава падняла кошты да вельмі высокай адзнакі:
«Да нас часта зьвяртаюцца з Расеі. Але жадаюць купляць зусім па іншых коштах. Не тых, што рэкамэндаваныя дзяржавай. Расіяне жадаюць набываць бульбу па 800-900 рублёў. Калі чуюць нашу цану — адмаўляюцца ад супрацоўніцтва. Таму прадаць мы пакуль што нічога не патрапілі».
Фэрмэры маюць магчымасьць працаваць з расейцамі наўпрост, без пасярэдніцтва дзяржавы. Кошты на бульбу складаюць каля 1000 рублёў за кіляграм. Прычым такая цана задавальняе фэрмэраў, затраты ў іх нашмат меншыя, чым у СПК. А ўстаноўлены кошт — 1200 рублёў — гэта адмысловая магчымасьць для дзяржавы зарабіць на прадукцыі, кажа Аляксандр, фэрмэр з Кобрыньскага раёну:
«СПК павінны здаваць бульбу Белспажыўсаюзу. Дзяржзаказ, наколькі я ведаю, да прыкладу, для Малецкага СПК, складае 800 рублёў за кіляграм бульбы. А вось у сваю чаргу Белспажыўсаюз прадае гэтую прадукцыю па 1200 рублёў. Такім чынам дзяржава зьяўляецца пасярэднікам, стварае магчымасьці зарабіць сама для сябе.»
Некаторыя СПК Пружанскага раёну заключылі дамовы з Татарстанам наконт паставак бульбы. Цяпер прадукцыя пружанскіх СПК для расейскага рэгіёну складае каля 1000 рублёў за кіляграм. Праўда, цана можа памяняцца, кажа аграном управы сельскай гаспадаркі і харчаваньня:
«Паводле дамовы, кошты на бульбу ўзгадняюцца кожную дэкаду. Такім чынам цана можа зьмяняцца ў большы, або меншы бок у залежнасьці ад кошту бульбы на рынку.»
МАГІЛЁЎШЧЫНА
У рэгіёне на бульбу няўрод
Значна меншы ўраджай бульбы ў параўнаньні зь леташнім зьбяруць сёлета на Магілёўшчыне. Пэрспэктывы ж продажу яе ў Расею няпэўныя.
Найменей бульбы ў рэгіёне сёлета зьбяруць у Дрыбінскім раёне. Тут на бульбу няўрод. У прыватных гаспадарках страты складаюць да пяцідзесяці працэнтаў.
«Пасеялі трошку болей чым летась, а ўраджаю й паловы няма ад леташняга. Дробная дужа. Я зь людзьмі колькі не размаўляў, то тут у нас бульбы няма. Мінімум адсоткаў сорак згубілі ўраджаю. Наагул я вырошчваю вялікі ўраджай. Бульба да пяцісот цэнтнэраў вырошчваецца. І я можа быць болей згубіў, чым другія. На што разьлічваць, я ня ведаю», — прызнае жыхар Дрыбіншчыны Мікалай Юркоў.
Сельгаспрадпрыемствы раёну ня першы год засяваюць бульбай невялікія плошчы, бо нявыгадна. «Працы шмат, а выгады ніякай», — наракаюць спэцыялісты гаспадарак.
У Бабруйскім раёне бульба ўрадзіла ў нізінах. Які будзе яе ўраджай, сяляне аднак прагназаваць не бяруцца:
«У аднаго знаёмага мне гаспадара даўно бульбоўнік пасох, бо пясчаная глеба й на высокім месцы ён пасеяў. У мяне на нізкім месцы. Аднак я сёлета не рызыкаваў. У мінулым годзе я пасеяў пятнаццаць гектараў, а цяпер — толькі пяць. Бацьвіньне яшчэ зялёнае й будзе бульба расьці чысла да пятнаццатага верасьня», — кажа фэрмэр з Бабруйскага раёну Уладзімер.
Ва ўправе сельскай гаспадаркі й харчаваньня Бабруйскага райвыканкаму прызнаюць, што вялікая бульбянога ўраджаю не чакаюць:
«У нас летась было 500 цэнтнэраў, а сёлета, натуральна, такога ўраджаю мы ня возьмем.
Дваццаць тысяч тон зерня не дабралі, а бульбу, думаеце, набяром?
У Камітэце сельскай гаспадаркі й харчаваньня заяўляюць, што плян нарыхтоўкі бульбы сёлета выканаюць. Што да продажу бульбы ў Расею, то тут пэўнасьці няма. Калі свабодныя рэсурсы будуць, і цэны задаволяць вытворцаў, тады прадаваць будзем, зазначылі ў камітэце.
Кіляграм бульбы ў Магілёве цяпер каштуе паўтары тысячы рублёў. Прадаўцы неахвотна саступаюць пакупніку й двухсот рублёў нават за гуртавое набыцьцё тавару. Летась цана кіляграму не дацягвала да тысячы.
Прадстаўнік Мінсельгасхарчу: «На сёньня маем заяўкі на ўсю тую бульбу, што яшчэ ў полі»
У міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі, куды «Свабода» зьвярнулася па камэнтар, адказны чыноўнік пагадзіўся выказацца, але пры ўмове, што не будзем называць яго прозьвішча:
«Я мяркую, што кошт на бульбу можа яшчэ вырасьці. Попыт вельмі вялікі, таму і кошт будзе расьці. Сёньня ўсе нібы спыніліся, што кошт вялікі. Так, магчыма. Але што будзе заўтра? Справа ў тым, што з усіх рэгіёнаў Расеі ідуць заяўкі. Сёньня дзьве дэлегацыі з Расеі знаходзяцца ў Беларусі. Мы таксама мусім зарабляць — рынак жа вывучаецца. І на сёньня у нас ляжаць заяўкі на тую бульбу, што сёньня яшчэ ў полі».