Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень нараджэньня Лукашэнка займаўся бульбай


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

У свой 56-ы дзень нараджэньня Аляксандар Лукашэнка традыцыйна выправіўся далей ад працоўнай рэзыдэнцыі ў Менску: як сьцьвярджаюць у прэзыдэнцкім атачэньні, Лукашэнка ня вельмі вітае імпэт падначаленых навыперадкі сьпяшацца з віншаваньнямі. Імяніны на прэзыдэнцкай пасадзе Лукашэнка сустракае ўжо 16-ты раз запар — гэта своеасаблівы рэкорд для сучаснай Эўропы.

Нягледзячы на асабістае сьвята, сёньня Аляксандар Лукашэнка інспэктаваў Гомельшчыну. Наведваючы Мазырскі раён, ён засяродзіўся на харчовай бясьпецы. Паводле Лукашэнкі, на тле нездавальняючай сытуацыі на ўсясьветным рынку краіна павінна павялічыць экспарт сельгаспрадукцыі:

«Людзям не хапае ежы, і для нас гэта шанец». Кіраўнік дзяржавы загадаў аграрнай галіне дакладна вызначыцца на наступную пяцігодку з канкрэтнымі партнэрамі і пакупнікамі. Пры гэтым, ягонымі словамі, трэба націскаць перадусім на бульбу, рэнтабэльнасьць якой сёлета складзе 100%: «Нават нафтаперапрацоўка не дае такой рэнтабэльнасьці», — падсумаваў Лукашэнка. Але дзеля гэтага трэба ўсталяваць «жорсткую дыктатуру тэхналёгій».

Гэтаксама Лукашэнка наведаў Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Гаворка вялася пра нарошчваньне аб’ёмаў пастаўкі на профільныя прадпрыемствы ў Мазыры і Наваполацку вэнэсуэльскай нафты — ад 4 мільёнаў тон сёлета да 8 мільёнаў тон у наступным годзе і да 10 мільёнаў — у 2012-м. Дарэчы, у адрозьненьне ад бульбы, за студзень-ліпень рэнтабэльнасьць рэалізаванай прадукцыі на Мазырскім НПЗ склала толькі 2%.

Афіцыйныя СМІ не паведамляюць, як у інспэктаваных арганізацыях віншавалі высокага госьця. Ёсьць зьвесткі, што сам Лукашэнка досыць стрымана ўспрымае спробы падначаленых паднесьці яму дарагія падарункі ці прызнацца ў асаблівай адданасьці. Пра адсутнасьць «правадырскіх амбіцый» гаварыў Лукашэнка і падчас адной з публічных прамоваў:

Як толькі ты бачыш, што табе пачынаюць глядзець у рот і сьпяваць песьні хвалебныя — усё, труба. Заўтра рухне краіна…
«Як толькі ты бачыш, што табе пачынаюць глядзець у рот і сьпяваць песьні хвалебныя — усё, труба. Заўтра рухне краіна… Што, маімі партрэтамі і лёзунгамі ўвешаная сталіца, іншыя гарады краіны? Мясьніковіч ведае, як у часы ягонага кіраўніцтва прэзыдэнцкай адміністрацыяй я адрэагаваў, калі ў калёне дэманстрантаў пранесьлі партрэты кіраўніка дзяржавы. Я яго выклікаў і папярэдзіў: яшчэ адзін партрэт, арганізаваны падчас дэманстрацыі, і ты ня будзеш кіраўніком адміністрацыі».

Між тым, у кабінэтах практычна ўсіх чыноўнікаў, ва ўстановах адукацыі, мэдыцыны, культуры, спорту вісяць партрэты Аляксандра Лукашэнкі. Як засьцярогу ад кантралёраў вывешваюць выявы прэзыдэнта ў сваіх офісах і некаторыя камэрсанты. Ягоныя фотаздымкі розных памераў — ад невялікіх настольных партрэтаў да плякатаў — можна набыць у любой кнігарні.

Адзначыліся панэгірыкамі на адрас кіраўніка краіны шэраг прафэсійных і самадзейных аўтараў. Усё часьцей вобраз Лукашэнкі зьяўляецца на жывапісных палотнішчах. У актыве музэйнага работніка ўраджэнца Шклоўшчыны Міколы Жыгоцкага некалькі спробаў увекавечыць земляка ў дакумэнтальнай літаратуры. Праўда, апошняя праца сьвет так і не пабачыла — нават дзяржаўныя выдаўцы абвінавацілі Жыгоцкага ў непрыхаванай каньюнктуры:

Мікола Жыгоцкі
«Нават дзіўна, што ніхто не бярэцца за гэтую справу. Я тут ня бачу ніякай крамолы. Выпусьціў жа кніжку Фядута, пісалі іншыя аўтары — прыкладам, журналіст Шарамет. Ну, а я ўзяў і адлюстраваў лепшыя бакі прэзыдэнта. Нічога дрэннага не закранаў, акцэнтаваўся толькі на пазытыве. Хай будзе і такі партрэт, што тут дрэннага, правільна? Нехта піша пад адным вуглом, а я — так, няхай будзе лепшае. Бо і вучыўся Аляксандар Рыгоравіч добра, і працаваў усё ж нядрэнна. І на гэты конт у мяне шмат водгукаў. Я ў настаўнікаў браў камэнтары, у іншых спэцыялістаў, якія яго асабіста ведалі. Адгукаліся пра яго вельмі станоўча. То бок, я ўзяў толькі такія ягоныя бакі».

Больш чым за паўтары дзесяткі гадоў ва ўладзе Аляксандар Лукашэнка вызначыўся шырокім размахам будаўніцтва. Але на тле пампэзных будоўляў прасочваецца відавочны прыярытэт — лядовыя палацы, якія зьяўляюцца нават у самых малых гарадах. Пад чарговы дзень нараджэньня нарэшце пачалі будаваць крытую хакейную пляцоўку і ў Шклове, на радзіме хакеіста № 1. Рыгор Кастусёў, палітык і зямляк Аляксандра Лукашэнкі, пры гэтым гаворыць, што падыход да масавай «палацызацыі» краіны даволі спрэчны:

Рыгор Кастусёў
«У тыя часы, калі будаваўся лядовы палац у Магілёве, я быў у адным з гарадоў Чэхіі. Там таксама ішло будаўніцтва аналягічнага лядовага палацу, блізкага па коштах да магілёўскага варыянту. Але самая цікавая рэч, што чэскі лядовы палац быў умяшчальнасьцю ў два разы большы, чым магілёўскі — пры такім самым кошце, па зьнешнім выглядзе і па ўсіх іншых паказьніках. Вось дзе праблема ўзьнікае: чаму кошты лядовых палацаў, розных па сваіх памерах, аказаліся аднолькавымі? Гэтую праблему трэба ўздымаць і над такой арытмэтыкай варта задумацца».

Сьвяты ў сям’і Лукашэнкаў працягнуцца і ў апошні дзень лета. 31 жніўня 6-ы дзень нараджэньня адзначыць малодшы сын прэзыдэнта, Мікалай Аляксандравіч. Паводле ўзросту Міколка ўжо ад 1 верасьня можа стаць школьнікам. Аднак падрабязнасьці таго, пойдзе ён кудысьці на заняткі, альбо школа сама прыйдзе ў дом да нешараговага вучня, не падаюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG