Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пражыць на такую пэнсію вельмі цяжка, амаль немагчыма..."


Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 04 жніўня 2010 году.

Нязвыклая сьпёка, якая панавала ў Беларусі амаль увесь ліпень, адбілася і на актыўнасьці слухачоў (пошта апошнія тыдні стала заўважна меншай), і на тэматыцы лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя летнія дні. Згадкі пра кліматычныя анамаліі ў той ці іншай форме гучаць у многіх допісах.

Вось што піша наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову:

"Сьпёка страшэнная, адзіны ратунак — залезьці па шыю ў возера (яно, на шчасьце, за 70 мэтраў ад лецішча, дзе я зараз жыву). Але і возера прыносіць невялікую палёгку — на глыбіні 1 мэтар тэмпэратура вады 29, ля паверхні — 31. У такія дні нярэдкія і трагедыі. Некалькі дзён таму 27-гадовы хлопец на возеры ва Ўшачах даваў нырца з самаробнай вышкі. Даўся галавой у дно, зламаў шыйны пазванок, людзі, якія купаліся побач, заўважылі зьнікненьне чалавека не адразу. Праз суткі ён памёр. З той вышкі да гэтага ныралі сотні людзей, асабліва дзяцей. Камунгас прыбраў вышку, як некалі прыбраў усе арэлі ў мястэчку пасьля трагедыі з васьмігадовым хлапчуком (яму ўпаўшымі арэлямі зламала абедзьве нагі).
У міліцыю, войска, іншыя сілавыя структуры ў нашай краіне ўцягнутыя дзясяткі, а то і сотні тысяч маладых, здаровых, працаздольных людзей, якія нічога не прадукуюць — толькі спажываюць


Вечарамі слухаю "Свабоду". Вось нарэшце трапіў у мястэчка і да кампутара дабраўся, каб напісаць некаторыя разважаньні па сьлядах праслуханых перадач…"

Далей у сваім лісьце спадар Кастусь пераключае ўвагу на зусім іншую тэму — выказваецца адносна таго, ці патрэбна Беларусі такая колькасьць людзей у мундзірах. Ён піша:

"У міліцыю, войска, іншыя сілавыя структуры ў нашай краіне ўцягнутыя дзясяткі, а то і сотні тысяч маладых, здаровых, працаздольных людзей, якія нічога не прадукуюць — толькі спажываюць. Больш за тое, для забесьпячэньня іх дзейнасьці адарвана ў некалькі разоў больш народу. Такім чынам, многія сотні тысяч працаздольных людзей ня ўдзельнічаюць у стваральнай працы на агульную карысьць. Гэта — вялікі цяжар для краіны, асабліва такой невялікай і небагатай, як наша. Войска, міліцыя, АМАП, спэцназ ды іншыя сілавікі ад "Альфы" да амегі — усе яны павінны быць навучаныя, адзетыя, абутыя, забясьпечаныя зброяй, тэхнікай, зарплатай (і немалой, а то раптам пільнасьць прытупіцца ды службовая стараннасьць аслабне). І калі спэцпадразьдзяленьні выкарыстоўваюцца дзеля "вайны" з пацанамі з Маладога фронту, якія задумалі пабіцца падушкамі (пэўна, міліцыянты і ордэны за гэта атрымліваюць?), калі міліцыянты дзеля пацехі возяць на аўто маладых дзяўчат, гвалцяць і забіваюць, а потым набіраюцца нахабства сьцьвярджаць, што гэта адбылося выпадкова, то нічога, акрамя агіды і абурэньня, асабіста ў мяне такія сілавыя структуры не выклікаюць".

Сапраўды, спадар Кастусь, ва ўсіх суседніх зь Беларусьсю дзяржавах (за выключэньнем Расеі) і арміі, і паліцэйскія сілы ў пераліку на колькасьць насельніцтва значна меншыя, чым у Беларусі. Невялікія ўсходнеэўрапейскія краіны зыходзяць з таго, што ім, паколькі яны ня маюць ніякіх геапалітычных прэтэнзіяў і памкненьняў, утрымліваць грувасткія ўзброеныя сілы ва ўмовах, калі ніхто з суседзяў вайной не пагражае — і бескарысна, і неапраўдана дорага. Вонкавую бясьпеку яны гарантуюць сабе іншым спосабам — найперш сяброўствам у НАТО. Пры гэтым відавочна: якія б гіганцкія па беларускіх мерках сродкі ні ўкладвала Беларусь у сваю армію, колькі б дарагіх і маштабных манэўраў штогод ні праводзіла — ніякага рэальнага суперніцтва для структураў НАТО яна скласьці ўсё роўна ня можа. Дзеля чаго ў такім разе бразгаць тэхналягічна састарэлай зброяй і марнаваць на гэта народныя грошы?"

Тэма, якая ўсё часьцей гучыць у лістах многіх нашых слухачоў, — набліжэньне прэзыдэнцкіх выбараў, верагоднасьць зьмены ўлады ў Беларусі. Наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну з гэтай нагоды піша:

"Наша апазыцыя ці то выжыла з розуму, ці то толькі імітуе бурную дзейнасьць, вядзе ўяўную барацьбу для блізіру, зусім ня думаючы перамагаць...

Незадаволенасьць у грамадзтве цяпер нарастае. Мясцовыя начальнікі не баяцца нічога: робяць, што хочуць. Крыўдзяць людзей. Як чалавеку трымаць карову, калі ля вёскі ўсе палі ўзараныя, а пашу начальства выдзяляе за 5 кілямэтраў ад жытла? Вось і збываюць людзі скаціну, а па малако ідуць у краму. Шмат незадаволеных і сярод людзей сярэдняга веку. На пачатку 90-х гадоў яны ўжо глынулі паветра свабоды і цяпер заставацца ў стойле ня хочуць.

Я б не галасаваў ні за Лукашэнку, ні за старых апазыцыянэраў, якія за мінулае дзесяцігодзьдзе так і не навучыліся перамагаць. Хацелася б убачыць нейкі новы твар — энэргічнага, ідэйнага палітыка, які б займаў узважаную пазыцыю па ўсіх пытаньнях, наладзіў добрыя стасункі і з Расеяй, і з Захадам.

Але зрабіць гэта з нашымі людзьмі цяжка. Бывае, заводзіш размову пра палітыку, пра тое, што ў Беларусі шаснаццаць гадоў не мянялася ўлада, — суразмоўца адразу насьцярожваецца. А можа і спыніць: маўляў, ты мне пра гэта не кажы. А надыдуць выбары — бягом панясе свой голас Лукашэнку".

Каму панясе свой голас гэты чалавек — вялікае пытаньне, спадар Павал. Даведацца праўдзівы адказ на яго можна будзе толькі тады, калі лічыць галасы на выбарах будуць камісіі, сфармаваныя на роўных падставах усімі палітычнымі сіламі, калі кантраляваць галасаваньне змогуць незалежныя назіральнікі. А тое, што людзі баяцца адкрыта абмяркоўваць палітычныя тэмы — адна з адметных рысаў цяперашняга палітычнага ладу, які склаўся ў Беларусі. Але гэты страх зусім ня сьведчыць пра тое, што людзі гатовыя пакорліва зьмірыцца і галасаваць толькі за вылучэнцаў улады.

Лёс помнікаў пэрыяду камуністычнай дыктатуры турбуе нашага слухача Аляксея Гагіна са Смаргоні. У лісьце на "Свабоду" ён піша:

"Цікава, навошта было зносіць помнік Ёсіфу Сталіну ў яго на радзіме — у горадзе Горы, што ў Грузіі? Прычым рабілі гэта гвалтам, разганяючы людзей, якія прыйшлі пратэставаць супраць зносу.

У нас у Смаргоні калісьці таксама быў ушанаваны Сталін. Ягоны бюст зьнялі з пастамэнту ў 60-я гады. А вось п'едэстал доўгі час заставаўся на месцы, у гарадзкім парку. Зьнесьлі яго толькі ў 2003-м годзе, падчас добраўпарадкаваньня да 500-годзьдзя гораду".

Відавочна, грузінскія ўлады, якія, як вядома, адстойваюць дэмакратычныя каштоўнасьці, палічылі, што цэнтар гораду — ня тое месца, дзе можа стаяць скульптура крывавага дыктатара, на сумленьні якога мільёны загубленых жыцьцяў... Помнік зьнесьлі, але ня зьнішчылі: яму знайшлося месца на тэрыторыі мясцовага музэю. Так, дарэчы, паступілі з помнікамі савецкай эпохі ў шмат якіх усходнеэўрапейскіх краінах — напрыклад, у суседняй зь Беларусьсю Літве. Там стварылі ў лесе цэлы парк такіх скульптур. Мясьціну гэтую, дарэчы, ахвотна наведваюць турысты.

Аўтар наступнага ліста Ванда Сушчэня зь вёскі Урведзь Клецкага раёну расказвае пра сваё самотнае пэнсіянэрскае жыцьцё, разважае пра тое, якое месца займае ў ім Радыё Свабода. Слухачка піша:

"Люблю слухаць ваша радыё — самыя розныя перадачы: навіны, гутаркі за круглым сталом, камэнтары аглядальнікаў, "Званкі на Свабоду", "Званочкі" ды іншыя... Аддаю перавагу менавіта Беларускай Свабодзе. Праўда, на працягу многіх гадоў нас прывучалі і прывучаюць гаварыць па-расейску, але мы тут у вёсцы працягваем размаўляць галоўным чынам па-беларуску ці на "трасянцы".

Я — інвалід другой групы, за доўгія гады нажыла цэлы букет розных хваробаў. Зь цяжкасьцю хаджу, абапіраючыся на дзьве кульбы. Што тут скажаш: звычайная самотная састарэлая хворая пэнсіянэрка. Дзедава хата, у якой жыву, развальваецца. А пэнсію атрымліваю сацыяльную: на пачатак году яна складала 162 800 рублёў. Пражыць на такія грошы вельмі цяжка, амаль немагчыма.
Рэжым, які пануе ў Беларусі — калёс на гліняных нагах. Змагацца з тупасьцю чыноўнікаў можна і трэба.


Мой бацька і два родныя дзядзькі загінулі ў '45-м годзе пад Бэрлінам. Двух іншых дзядзькаў немцы пры адступленьні расстралялі як партызанаў. Я доўгі час даглядала цяжкахворых маму і бабулю, а потым захварэла сама. Працоўнага стажу праз гэта ня маю, і цяпер пэнсія ў мяне на нулі. Сям'і не было, і дапамагчы цяпер няма каму. Але пакуль яшчэ жывая, цікава, што адбываецца на сьвеце.

Ведаю, што ў беларускіх вёсках такіх самотных бабулек з жабрацкімі сацыяльнымі пэнсіямі вельмі шмат. Не памерці з голаду на гэтыя 162 тысячы рублёў, напэўна, можна, а вось як пры гэтым умудрыцца аплаціць паліва, электраэнэргію, лекі — загадка. Мясцовыя чыноўнікі пра гэта ня могуць ня ведаць. І тым ня менш — моўчкі ўхваляюць рашэньні пра будаўніцтва чарговага лядовага палаца ў чарговым райцэнтры, наладжваюць пампэзныя фэстывалі і сьвяткаваньні, укладваюць мільярды бюджэтных рублёў у фарбаваньне фасадаў і платоў уздоўж трасаў, па якіх можа праехаць высокае начальства...

Адзін зь нямногіх, хто спрабуе адкрыта змагацца з такой паказухай і марнатраўствам, у Віцебску — дзіцячы доктар Ігар Пасноў. Пра яго змаганьне мы ня раз расказвалі ў эфіры "Свабоды". І вось — новы ліст ад грамадзка актыўнага слухача. Спадар Ігар піша:

"Рэжым, які пануе ў Беларусі — калёс на гліняных нагах. Змагацца з тупасьцю чыноўнікаў можна і трэба.

Год таму ў нашай афіцыйнай газэце "Віцьбічы" былі апублікаваныя наступныя словы старажытнагрэцкага філёзафа Дэмакрыта: "Чым меней кепскія грамадзяне вартыя ганаровых пасадаў, якія атрымліваюць, тым больш яны становяцца нядбайнымі і выяўляюць глупства і нахабства". Мінуў год, і я вырашыў суграмадзянам яшчэ раз нагадаць мудрыя словы. Дзеля гэтага выкупіў 30 квадратных сантымэтраў газэтнай плошчы і замовіў за ўласныя грошы, як рэкляму. (Тут варта нагадаць, што ўжо два гады падобным жа чынам я нагадваю людзям крылатыя словы Бісмарка пра згубнасьць піўнога алькагалізму). Дык вось, мне абяцалі гэта надрукаваць, ужо нават набралі тэкст. І раптам пасьля званка "зьверху" — зьнялі. Напэўна, хтосьці з чыноўнікаў убачыў сябе ў гэтых словах.

А глупства ў нас робіцца мноства. Бальніцы ў руінах, людзі ў іх — як у начлежках. А ў гэты час наш губэрнатар мяняе рэчышчы рэк, паглыбляе Дзьвіну, загадвае класьці і перакладваць тратуарную плітку. Праўда, абяцае рамонт фасадаў і ва ўстановах аховы здароўя, але гэта пакуль — толькі на паперы. А тут яшчэ чутку пусьцілі, нібы Косінца нашага хочуць зрабіць прэм'ер-міністрам. Так і хочацца крыкнуць, як Юліюс Фучык: "Людзі, будзьце пільныя!"

Сапраўды, нешта няладнае робіцца ў дзяржаве, калі чыноўнік забараняе друкаваць словы Дэмакрыта, сказаныя два з паловай тысячагодзьдзі таму. А можа, і сапраўды ў іх схаваны нейкі патаемны сэнс, які можа скалануць падмурак непахіснай і незьмяняльнай улады?


З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG