Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"500 даляраў заробку зробяць з 31 сьнежня, а 250 – 1 студзеня"


Ці верыце ў вы ў абяцаньне Лукашэнкі, што да канца году ў Беларусі будзе сярэдні заробак 500 даляраў? На пытаньне адказвалі гарадзенскія мінакі.

Спадар: "Цяжка сказаць… Можа, у якіхсьці галінах і магчыма — з накруткамі, з надбаўкамі, але каб па ўсёй краіне так зрабіць — наўрад".

Малады спадар: "Безумоўна — нерэальна. Прадпрыемствы не працуюць, эканомікі няма, зьнешні доўг расьце. І ў эфэктыўнае кіраваньне Лукашэнкі я ня веру ўжо шаснаццаць гадоў".

Дзяўчына: "Я таксама так думаю, я згодная".

Спадар: "Наўрад ці так будзе. Гэтак падняць заробак — гэта нерэальна. Я зарабляю няшмат, сто даляраў, на дзяржаву працую".

Сталы спадар: "Не, бо калі паглядзець — колькі мы сёньня зарабляем, то пяцьсот да канца году ня будзе. Я зарабляю трыста пяцьдзясят даляраў. Каб яшчэ сто пяцьдзясят дабавілі — такога быць ня можа".



Спадар: "Гэта гавораць ужо, можа, пяць гадоў, ня веру".

Спадар: "Я думаю, гэта нерэальна. Каб гэта было рэальна, то, напэўна, даўно б ужо было. Колькі ўжо абяцаньняў было… Каб гэта рабілася сур’ёзна гэтымі людзьмі, каб ім гэта было трэба, яны б ужо зрабілі даўно".

Спадар: "Веру-веру, прэзыдэнт ёсьць прэзыдэнт, калі ён гаворыць, значыцца, яно так і ёсьць… Будзе".

Спадар: "Не, ня будзе. Таму што рэальна, можа, у кагосьці будзе, а ў людзей, якія працуюць у сфэры адукацыі, — у іх ніколі ня будзе. У мяне жонка працуе адміністратарам, у яе заробак трыста восемдзесят — чатырыста тысяч. Рэальна гэта сто даляраў, крыху больш".

Спадар: "У нашай дзяржаве можа быць усё: пяцьсот даляраў 31 сьнежня і дзьвесьце пяцьдзясят даляраў 1 студзеня. Мы ўжо раз праходзілі, калі для нас 31 сьнежня курс даляра быў дзьве тысячы, а 1 студзеня — 2750. І потым, калі рабочыя пачынаюць баставаць, што ў іх заробак меншым стаў. У нас можа быць і пяцьсот даляраў, і тысяча… Мы можам паставіць курс за даляр нават паўтары тысячы, а першага студзеня прачнемся — ён будзе пяць тысяч. Абяцаньне выканана, але ня ўсё дасказана".

Спадар: "Гэта ўжо ня першы раз абяцаюць. Я веру ў сябе: калі ў мяне "інструмэнт", дадзены Ўсявышнім — рукі, ногі, вочы, мова, — чаму я сам не магу зарабіць столькі? Старацца трэба беларусам, а ня быць такімі пасіўнымі. Што зрабіць? Ідэі прыводзяць да розных вынікаў: і заробак, і ўлада, і законы. У галаве патрэбны зьмены. Народ мае тое, што хоча мець. Трэба мяняць мысьленьне, і будзе тады мець, што хоча".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG