Вярхоўны суд пакінуў бяз зьменаў рашэньне суду Маскоўскага раёну Менску, які аштрафаваў царкву "Новае жыцьцё" на 8,75 мільёнаў рублёў.
Пра гэта гаворыцца ў пастанове за подпісам намесьніка старшыні Вярхоўнага суду Валерыя Калінковіча, якое 12 ліпеня паступіла ў офіс рэлігійнай суполкі
Юрыст царквы Сяргей Луканін паведаміў БелаПАН: у пастанове напісана, што ў Вярхоўнага суду няма падстаў для задавальненьня скаргі царквы.
У 2009 годзе Камітэт аховы прыроды Менгарвыканкаму склаў пратакол, зь якога вынікала, што глеба на тэрыторыі вакол царквы мае падвышанае ўтрыманьне нафтапрадуктаў і што ў гэтым вінаватая менавіта царква.
У судзе прадстаўнікі царквы заяўлялі, што Камітэт аховы прыроды зрабіў пробы грунту на прылеглай да царкоўнага будынку тэрыторыі бязь ведама царквы і бязь сьведак. А таму зусім не даказана, што пробы браліся менавіта каля царквы.
У судзе Луканін таксама даводзіў, што да набыцьця царквой будынку былога кароўніка побач знаходзілася несанкцыянаваная гарадзкая звалка, у тым ліку старых аўтамабіляў, а таму, калі пробы і праўдзівыя, забруджваньне магло адбыцца ўжо даўно. Дый тэрыторыя зьяўляецца ўласнасьцю не царквы, а гораду. Гаспадар яе юрыдычна — Менгарвыканкам, а таму прэтэнзіі яму і павінны выстаўляцца.
Аднак ніякіх довадаў прадстаўніка царквы судзьдзя не ўзяла пад увагу.
Канфлікт паміж уладамі Менску і “Новага жыцьця” цягнецца болей за 5 гадоў.
Вернікі судзяцца з уладамі ад 2005 году, калі ў іх забралі зямельны надзел і будынак (былы калгасны кароўнік на ўскрайку Менску). Яны трымалі галадоўку пратэсту і вялі перамовы з уладамі. Вернікам прапанавалі грашовую кампэнсацыю ў 37 мільёнаў рублёў.