Што для вас свабода?
Магчымасьць думаньня і дзеяньня бяз страху і прымусу.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
У думаньні і выказваньнях — сфармаваная за савецкім часам самацэнзура, у іншым — стан здароўя і сьціплыя матэрыяльныя сродкі.
Што для вас шчасьце?
Жыць у суладзьдзі са сваёю душою, з роднымі і блізкімі, хоць у нейкае імгненьне адчуць: вось гэта і ёсьць тое, дзеля чаго Гасподзь даў табе зямное жыцьцё.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Дыназаўраў, агрэсіўных істотаў зь мізэрным розумам і прымітыўнымі пачуцьцямі ды з прагаю панаваць над усім.
Які талент вы хацелі б мець?
Прадбачаньня, каб засьцерагчы народ свой ад няслушных дзеяньняў, ад самагубства на гістарычным шляху.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Старэйшымі беларускімі жанчынамі, зь якімі ў розныя гады зводзіў лёс, у якіх вучуся і якім стараюся насьледаваць. Сярод іх ёсьць і знакамітыя асобы — як актрыса Вольга Галіна або паэтка Ларыса Геніюш, і мая вясковая бабуля Сьцепаніда...
Што вы найбольш любіце рабіць?
Чытаць добрую прозу, разводзіць кветкі, бавіць час з унукамі.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Час, патрачаны на марксізм-ленінізм ды палітэканомію сацыялізму, заняла б вывучэньнем замежных моваў. Бяз веданьня чужых моваў у сучасным сьвеце пачуваесься няўтульна.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
«Дык стойце ж у свабодзе, якую даў нам Хрыстос, і ня схіляйцеся зноў пад ярмо рабства». Гэта з Пасланьня да галятаў сьвятога апостала Паўла (5:1).
Які ваш улюбёны дэвіз?
«Рабі, што можаш...»
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У такой, дзе правы і свабоды кожнага чалавека сапраўды шануюцца.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Мне найбольш утульна жыць у Беларусі.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
На маю думку, наша грамадзтва яшчэ псыхалягічна не гатовае бачыць першай асобай дзяржавы жанчыну. Калі б раптам такі цуд здарыўся, я павіншавала б людзей з гэтым мэнтальным скачком і заклікала б да наступнага: пачуйцеся беларусамі!
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Дзелавыя, партнэрскія.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Дзелавыя, партнэрскія.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А вы?
Не, нават калі гэты дыктатар — я сама.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Калі таго захочуць людзі і Бог паспрыяе... Але кіргіскі варыянт для мяне непрымальны!
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
БЕЛАРУСЫ па-беларуску гавораць... Калі маеце на ўвазе ўсіх жыхароў Беларусі, то гэта клопат дзяржавы, школы, зьмены пакаленьняў. Плюс індывідуальнае права выбару.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Уласным генафондам узбагацяць іншыя нацыі і народнасьці. А ў трэцім пакаленьні будуць шукаць свае карані...