Што для вас свабода?
Сімулякр (слова, якое ў рэальнасьці ня мае сабе адпаведніка).
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
«… маральны закон ува мне» (Кант).
Што для вас шчасьце?
Пытаьнне, якое задаюць журналісты, калі ня ведаюць, пра што яшчэ запытацца.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Што Бога, як і мяне, няма.
Які талент вы хацелі б мець?
Талент перастварэньня вады ў віно.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
У мае гады людзьмі ўжо не захапляюцца. Толькі аблокамі.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Абіраць бульбу, калі ўся астатняя праца ўжо пераробленая.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Расу. Хацеў бы пражыць наступнае жыцьцё эскімосам.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Ня лезь жаба туды, дзе коней куюць.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Лёс на кані не аб’едзеш.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Пры анархізме, як яго ўяўлялі Бакунін, Крапоткін і Абдзіраловіч.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У сьветлай на пачатку верасьня.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У сваю, але памерці хацеў бы ў шаснаццатым стагодзьдзі.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Выпіў бы з сябрамі, а пасьля засіліўсяў у каморцы, каб выратаваць краіну ад бяды.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Як з суседам – праз дзіркі ў плоце.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Як з Венесуэлай.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Я таксама так думаю. Але ўсё ж такі лепей без яе.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Хутчэй воўк у лесе здохне.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі рак на гары сьвісьне.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Тады яны будуць маўчаць па-беларуску.