Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны саюз Расея-Казахстан-Беларусь: што да чаго


Мядзьведзеў, Лукашэнка, Назарбаеў
Мядзьведзеў, Лукашэнка, Назарбаеў

Пытаньні і адказы


ШТО ТАКОЕ МЫТНЫ САЮЗ?


Мытны саюз – гэта пагадненьне паміж некалькімі краінамі аб адмене мытных збораў ва ўзаемным гандлі, аб стварэньні зоны свабоднага гандлю і аб увядзеньні супольнага зьнешняга тарыфу ў гандлі з. нейкім трэцім бокам.

Мытны саюз, заснаваны ў 1957 годзе Бэльгіяй, Францыяй, Італіяй, Люксэмбургам, Нідэрляндамі і Нямеччынай, стаў адным з важных крокаў да стварэньня Эўрапейскага Зьвязу.


ЯК СТВАРАЕЦЦА НОВЫ САЮЗ?


Расея і яе партнэры падзялілі стварэньне саюзу на дзьве стадыі. Ад 1 студзеня 2010 году ўсе тры краіны адмянілі бальшыню мытных збораў ва ўзаемным гандлі і ўзяліся ўзгадніць мытныя правілы. Ад 1 ліпеня яны маюць зацьвердзіць супольны зьнешні тарыф, канчаткова аформіць правілы і пачаць разьмяркоўваць між сабою спагнаныя мытныя зборы.

ЧЫМ ГАНДЛЮЮЦЬ СЯБРЫ САЮЗУ?


Беларусь імпартуе расейскую нафту, газ, мэталы, прадукты машынабудаваньня і прадае Расеі грузавыя аўтамабілі, аўтазапчасткі, шыны і мяса-малочныя прадукты.

Казахстан прадае Расеі мінэралы, руду, мэталічныя вырабы і хімічныя прадукты і ўвозіць адтуль іншыя мінэралы, хімічныя прадукты, мэталы і прадукцыю машынабудаваньня.


ХТО Ў ЧЫМ ВЫЙГРАЕ І ПРАЙГРАЕ?


Краіны-сябры адкрываюць адна адной свае рынкі, што стварае большую канкурэнцыю мясцовым вытворцам. Краіны зь нізкімі мытнымі зборамі, як Казахстан, мусяць іх падняць, што павышае цэны на тавары, увезеныя з-за межаў мытнага саюзу. З другога боку, канкурэнтназдольныя вытворцы ў кожнай краіне атрымліваюць доступ да новых рынкаў.


ЯКІЯ ПРАБЛЕМЫ ЗАСТАЮЦЦА НЯВЫРАШАНЫЯ?


Расея адмовілася адмяняць экспартныя мытныя зборы на нафту, якую яна прадае Беларусі, на што спадзяваліся ў Менску, лічучы такую адмену важнай прычынай далучэньня Беларусі да саюзу. Замест гэтага Масква запрапанавала Менску абмежаваныя бязмытныя пастаўкі.

Усе тры краіны яшчэ ня вырашылі, як падзяліць між сабою спагнаныя мытныя зборы. Расея напачатку прэтэндавала на 90% ад атрыманых грошай, але Казахстан і Беларусь змагаюцца за большую долю для сябе.


ШТО АЗНАЧАЕ САЮЗ ДЛЯ ЗЬНЕШНІХ ГАНДЛЁВЫХ ПАРТНЭРАЎ?


На падставе дамовы традыцыйна нізкія мытныя зборы Казахстану, найбольш эканамічна разьвітай краіны Цэнтральнай Азіі, фактычна ўзьнімаюцца да ўзроўню расейскіх, што стварае “тарыфную сьцяну” вакол рынкаў гэтых трох краінаў. Гэта зьніжае канкурэнтную здольнасьць тавараў з трэціх краінаў і прымушае бізнэсоўцаў і спажыўцоў купляць тавары, вырабленыя ў межах саюзу. Удзел у саюзе можа таксама затрымаць прыём сяброў саюзу ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю (СГА).


ЦІ БУДЗЕ САЮЗ ПАШЫРАЦЦА?


Афіцыйныя асобы ва Ўкраіне і Кіргізстане заявілі, што будуць разглядаць пытаньне аб далучэньні да саюзу. Аднак абедзьве краіны ўваходзяць у СГА, чые правілы робяць такое далучэньне амаль немагчымым.


ШТО ДАЛЕЙ?


Расея выступае за далейшую інтэграцыю, якая б прадугледжвала стварэньне супольнага рынку з свабодным рухам працоўнай сілы і капіталу паміж трыма краінамі і ўвядзеньне супольнай валюты. Аднак адпаведныя пастановы яшчэ не прынятыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG