Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатараў галадоўкі сухотнікаў перавялі ў іншы шпіталь


Шпіталь у Наваельні
Шпіталь у Наваельні

Адміністрацыя шпіталя з прымусовым лячэньнем сухотаў у Воўкавічах перавяла чатырох актыўных удзельнікаў галадоўкі пратэсту ў аналягічны шпіталь у Наваельні. 23 чэрвеня супрацоўнікі дэпартамэнту аховы жорстка зьбілі некалькіх пацыентаў, зьмясьцілі іх на суткі ў халодны ізалятар без вады, ежы і цёплых рэчаў.


Два хворыя ад адчаю парэзалі сабе жывот і горла. Іншыя пацыенты абвясьцілі галадоўку. Празь дзень хворых запэўнілі, што пасьля праверкі вінаватых у зьбіцьці пакараюць. Алег Шкор, Міхаіл Прышчыц, Максім Халопеца і Сяргей Шапавалаў ужо знаходзяцца ў Наваельні ў шпіталі, дзе лечаць хворых на сухоты.

Яны, цяпер ужо былыя пацыенты шпіталя закрытага тыпу ў Воўкавічах, лічаць, што прычынай іх тэрміновай адпраўкі стала жаданьне адміністрацыі замяць канфліктную сытуацыю, якая доўжыцца ад 23 чэрвеня. У той дзень некалькі хворых на сухоты зрабілі спробу самагубства, пратэстуючы такім чынам супраць зьбіцьця пацыентаў супрацоўнікамі дэпартамэнту аховы. Тады 22 пацыенты шпіталя абвясьцілі галадоўку. Яны патрабавалі пракурорскага расьсьледаваньня.

25 чэрвеня шпіталь наведалі прадстаўнікі пракуратуры, Міністэрства аховы здароўя і дэпартамэнту аховы. Пацыентаў выслухалі і паабяцалі, што міліцыянтаў, вінаватых у зьбіцьці, пакараюць.

А 29 чэрвеня адміністрацыя шпіталя ў Воўкавічах аб 11-й раніцы паведаміла Алегу Шкору, Сяргею Шапавалаву, Максіму Халопецы і Міхаілу Прышчыцу, каб тыя хутка зьбіралі рэчы, бо па іх прыехала машына для перавозкі ў іншы шпіталь.

Алег Шкор: «У суботу гэтыя, што прыяжджалі да нас, вырашылі яшчэ тады перавесьці нас у іншы шпіталь. Нам далі на рукі паперы, што мы былі на лячэньні ў Воўкавічах. Чаму? Бо нас падтрымалі грамадзяне. Дый бацькі нашы перажывалі. Нам яшчэ раней пагражалі, што раскідаюць у розныя куткі Беларусі, казалі, што вы больш не сустрэнецеся».
Нам яшчэ раней пагражалі, што раскідаюць у розныя куткі Беларусі, казалі, што вы больш не сустрэнецеся.


Міхаіл Прышчыц рэзаў сабе горла ў ізалятары. Ён не зьдзівіўся, што яго перавялі ў іншы шпіталь:

«Ня ведаю, магчыма, каб пазьбегнуць канфліктнай сытуацыі. Мая лекарка кажа: „Давай зьбірайся. Пераводзісься ў Наваельню“. Тут значна, у тысячу разоў лепш. Непараўнальна… Мы дабіліся нармальнага стаўленьня. Тут і пэрсанал лепш ставіцца да хворых».

Максім Халопеца: «Тут трохі лепш будзе. Нас вырашылі „раскідаць“. Думаю, што нам павінны даць адказ. Нам кіраўнік дэпартамэнту казаў, што разьбяруцца, пакараюць вінаватых. Тых, якія нас зьбілі. Звольняць з працы. Мы дабіліся паляпшэньня. Нам у Воўкавічах паабяцалі аўтакраму і паляпшэньне.

У лютым была такая ж сытуацыя, але нічога тады не дабіліся, а цяпер інакш. Мы перакананыя, што гэта дзякуючы прэсе. Калі б ня гэта, то было б, як у мінулы раз».

У наваельнінскім шпіталі пацыентаў з прымусовым лекаваньнем сухотаў трымаюць на першым паверсе. Яшчэ на трох паверхах для хворых дзейнічае звычайны шпітальны рэжым.
XS
SM
MD
LG