Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка пратэсту хворых на сухоты


Больш за 10 пацыентаў шпіталя з прымусовым лекаваньнем сухотаў у Воўкавічах абвясьцілі галадоўку на знак пратэсту супраць зьбіцьця хворых супрацоўнікамі дэпартамэнту аховы.

Яны накіравалі заяву ў пракуратуру Менскай вобласьці, патрабуючы расьсьледаваньня фактаў зьбіцьця пацыентаў, а таксама праверкі ўмоваў утрыманьня ў шпіталі.

Пад заявай у пракуратуру Менскай вобласьці падпісаліся больш за дзясятак чалавек. Пра гэта "Свабодзе" паведаміў адзін з падпісантаў, Алег Шкор. Ён распавёў, што хворыя на сухоты пазбаўленыя магчымасьці набываць сабе рэчы асабістай гігіены, мець цёплую вопратку, у любы момант іх могуць жорстка зьбіць супрацоўнікі дэпартамэнту аховы, якія знаходзяцца ў будынку шпіталя.

Да галадоўкі больш за дзясятак пацыентаў падштурхнуў выпадак, які адбыўся ўчора, 23 чэрвеня. Паводле суразмоўцы, супрацоўнікі міліцыі жорстка зьбілі некалькі чалавек у двары шпіталя падчас шпацыру. Паводле Алега Шкора, зьбітых Анатоля Шавяльчынскага і Міхаіла Прышчыца пасьля гэтага закінулі ў ізалятар і трымалі там суткі без вады і ежы.

На знак пратэсту Міхаіл парэзаў сабе горла, а Анатоль — жывот. Іншыя пацыенты запатрабавалі, каб у шпіталь выклікалі пракурора, і абвясьцілі галадоўку на знак пратэсту супраць жорсткага абыходжаньня.

Алег Шкор распавёў:
У нас праводзяць ператрусы, забіраюць асабістыя рэчы ...

"Нас пазбаўляюць спатканьняў са сваякамі. Ёсьць адмысловыя месцы для гэтага. У нас жа ёсьць маскі. Мы ня маем магчымасьці набыць сабе зубную шчотку, пасту, туалетную паперу... Мыла нам даюць толькі гаспадарчае, адзін кавалак на дваіх раз на месяц. А галоўны ўрач Уладзімер Селядцоў забараняе пэрсаналу браць у нас грошы, каб набыць нешта ў краме. У нас праводзяць ператрусы, забіраюць асабістыя рэчы. Наконт харчаваньня гаварыць ня буду. Тут усё добра ў гэтым пляне, каб быць аб'ектыўным".

Анатоль Шавяльчынскі не хавае таго, што раней адбываў пакараньне ў розных калёніях і нават у турме.
Я прайшоў турму ў Горадні, "крытку". Там так не зьбівалі ...

"Ну, можа, яны ўбачылі, што нападпітку. Але тут лечаць ад сухотаў, а не ад алькагалізму. Нас лечаць старымі прэпаратамі. Я прайшоў турму ў Горадні, "крытку". Там так не зьбівалі.

Нас зьбівалі дубінкамі. Усіх. Паклалі пасьля дажджу на зямлю мокрую... І ў лютым так было. Тут у лютым так зьбілі чалавека, што ён потым ад зьбіцьця памёр.

Самае абуральнае, што нават на зоне ахоўнікі бяз зброі. А тут яны зь пісталетамі ходзяць, дык што гэта?"

Анатоль Шавяльчынскі быў у ізалятары разам зь Міхаілам Прышчыцам. Яны распавялі, што былі ў пакойчыку, сьцены і падлога якога абкладзеныя пліткай. У памяшканьні немагчыма было дыхаць.
давялося рэзаць сабе горла. Толькі пасьля гэтага нам на дваіх кінулі целагрэйку ...

"Я быў у шортах, майцы і шлёпанцах. Было холадна. Мы прасілі перадаць нам цёплыя рэчы, даць нам хаця б вады. Але нічога. Тады мне давялося рэзаць сабе горла. Толькі пасьля гэтага нам на дваіх кінулі целагрэйку і, як сабакам, кідалі на падлогу цыгарэты. Яны нам не давалі ежы, а ўсім сказалі, што гэта мы самі адмовіліся. Тады ўжо іншыя, пратэстуючы супраць такога, абвясьцілі галадоўку.

Нас і раней зьбівалі. Выключаюць сьвятло, забягаюць у пакой па 4—5 чалавек і давай нас зьбіваць па чым прыйдзецца".

Загадчык аддзяленьня Валянцін Саўко паведаміў "Свабодзе", што ў шпіталі большасьць пацыентаў — гэта людзі, якія раней адбывалі пакараньні і менавіта ў калёніях былі інфікаваныя небясьпечнай хваробай. Яны не жадалі лячыцца пасьля вызваленьня і таму трапілі ў гэтыя Воўкавічы. Ён абверг заявы пацыентаў пра тое, што іх час ад часу трымаюць у ізалятары кшталту штрафнога ў турме.
Чаму зьбілі? Ну, яны напалі на міліцыянта ці на пэрсанал ...

"Іх міліцыя ахоўвае, каб яны не ўцяклі. Магчымасьць такая ёсьць, бо тут жа не турма. Чаму зьбілі? Ну, яны напалі на міліцыянта ці на пэрсанал. Няма тут ніякага ізалятара... Яны ж самі паміж сабой б'юцца, напіваюцца. На іх пратаколы складаюць адміністрацыйныя. Яны часта самі абражаюць пэрсанал".

Пацыенты шпіталя не хаваюць свайго мінулага і ня лічаць сябе лепшай часткай грамадзтва, але настойваюць на годных умовах утрыманьня. Падпісанты заявы ў пракуратуру патрабуюць, каб была праведзена праверка і прыцягнутыя да адказнасьці супрацоўнікі дэпартамэнту аховы, якіх яны абвінавачваюць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG