Нягледзячы на запэўніваньні першага віцэ-прэм'ера Ўладзімера Сямашкі, якія ён даў кіраўніку краіны, сёньня прадстаўнікі "Газпрому" ў Менск не прыехалі. Генэральны дырэктар "Белтрансгазу" Ўладзімер Маёраў сказаў у інтэрвію БелТА, што ў прыезьдзе дэлегацыі неабходнасьць адпала. Маўляў, можна працаваць на адлегласьці і нават падпісаць дыстанцыйна дадатковае пагадненьне да транзытнага кантракту. Ён апавёў, што "Газпром" даслаў у "Белтрансгаз" сваю рэдакцыю дакумэнту, яе ўзгаднілі і накіравалі газаваму холдынгу. Бакі істотна зблізілі пазыцыі і, як раней плянавалі, у сераду-чацьвер дапаўненьне будзе падпісана.
Афіцыйны прадстаўнік "Газпрому" Сяргей Купрыянаў сказаў карэспандэнту "Свабоды", што засталіся тэхнічныя пытаньні і яны вырашаюцца.
"Прынцыповых праблемаў няма. Па прынцыповых пытаньнях мы дамовіліся. Бліжэйшым часам разьлічваем падпісаць дапаўненьне да кантракту".
Спадар Купрыянаў не назваў цану транзыту, сказаў толькі, што ён будзе каштаваць"добра". Таксама Сяргей Купрыянаў пацьвердзіў, што сход акцыянэраў "Газпрому" вызначыў, што цана на газ для Беларусі ў наступным годзе можа дасягнуць 250 даляраў за тысячу кубамэтраў:
"Гаворка ідзе пра ўзгадненьне кантракту зь "Белтрансгазам". Але там вызначана гранічная сума, але не фактычная цана".
Паводле спадара Купрыянава, яшчэ ня факт, што будзе менавіта 250.
"Папярэдне ўзгодненая акцыянэрамі дамова з цаной да 250".
Ці гэта азначае, што будуць перамовы зь беларускім бокам наконт гэтага?
"Не перамовы. Будзе вылічацца адпаведна з формулай цаны. Усё прапісана ў кантракце".
Валер Несьцераў з расейскага агенцтва "Тройка-Диалог" адзначыў, што формула цаны вызначана, але былі прэцэдэнты, калі ў яе ўносілі зьмены, у тым ліку для Ўкраіны. Ці гатовая беларуская эканоміка да такога падвышэньня цэнаў на газ у наступным годзе?
"Мала хто ў стане плаціць такія грошы ва ўмовах такой эканомікі, як у Беларусі. Таму, відаць, пазыцыя беларускіх спажыўцоў правільная ў тым, што трэба рабіць пераход, як і ў Расеі, паступова. Калі Расея перанесла пераход на роўнадаходныя цэны з Эўропай, то, напэўна, і Беларусь мае права настойваць на такім жа падыходзе. А што будзе далей — будуць вырашаць палітыкі".
Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначае, што цэны гэтыя — бяз экспартнага мыта, і эканоміка ў любым выпадку пацягне гэтыя адзін-два мільярды даляраў.
"Іншая справа, што пасьля гэтага будзе. І гэта будзе залежаць ад эканамічнай сытуацыі на пачатку наступнага году. Напэўна, насельніцтва будзе страчваць дасягнуты ўзровень жыцьця з-за розных абставінаў, у тым ліку з-за падвышэньня цэнаў на газ. Беларусь ужо правучыла Расею. І гэтая вучаная Расея ня дасьць зачэпак, каб Беларусь магла фармальна адбівацца".
Ці можа зноў выбухнуць газавая вайна? Паводле спадара Злотнікава, вайна зноў можа быць:
"Але з кожным разам шансы на посьпех у Менску зьніжаюцца, бо ў абход будуюцца газа- і нафтаправоды, зараз іншыя адносіны з Украінай. Так што ўсё менш у Менску шанцаў адстойваць сваю пазыцыю, якая ня ўпісваецца ў нармальныя, рынкавыя стасункі".