ВІЦЕБШЧЫНА
«Галоўная небясьпека — ціск на людзей, якія супрацоўнічаюць зь незалежным сайтам»
Найбольш папулярны на Віцебшчыне сайт — westki.info. Ён існуе з 2007 году і асьвятляе падзеі на Заходняй Віцебшчыне, а таксама ў Вільні, дзе цяпер жыве стваральнік гэтай інтэрнэт-старонкі Андрэй Храпавіцкі.
Спадар Андрэй лічыць, што сайт westki.info абаронены з тэхнічнага боку. Аднак безабароннымі застаюцца аўтары допісаў, якія жывуць у Беларусі. Таму галоўная небясьпека, мяркуе спадар Храпавіцкі — ціск з боку дзяржавы менавіта на людзей, якія супрацоўнічаюць зь незалежным сайтам:
«Справа ў тым, што наш сайт знаходзіцца на амэрыканскім сэрвэры, а не на беларускім. Але westki.info — гэта вельмі адкрыты рэсурс. Кожны ахвотны можа стварыць тут свой блог, можа пісаць для нас. Гэта вельмі важна, каб наш сайт заставаўся вось такім „Гайд-паркам“ — дзе кожны можа выказацца. Часта ўздымаюцца тэмы, непрыемныя для нашых мясцовых уладаў. І, натуральна, улады наш інфармацыйны рэсурс ведаюць. Таму самае галоўнае, каб не адбывалася псыхалягічных атакаў, прэсінгу на нашых аўтараў».
Паводле Андрэя Храпавіцкага, прэсінг аўтары адчувалі асабліва на пачатку працы, калі сайт толькі ствараўся. Цяпер нібыта такога псыхалягічнага ціску паменела. Можа, у тым ліку і таму, што некаторыя аўтары жывуць таксама па-за межамі Беларусі і «ціснуць» на іх ня так лёгка.
Сяргей Серабро — стваральнік і рэдактар сайту «Народныя навіны Віцебску». Гэты сайт таксама адзін з самых папулярных у рэгіёне. Таму Сяргей Серабро нагадвае пра «неабыякавасьць» міліцыі і КДБ да сваёй асобы:
«Ніякіх „атак“ сайт наш непасрэдна ніколі не зазнаваў. Адзінае, што ў мяне асабіста бываюць праблемы ў падрыхтоўцы апэратыўных матэрыялаў для напаўненьня сайту. Ледзьве што якое, дык да мяне падыходзяць міліцыянты і запытваюць, хто я і чаму фатаграфую?».
Сяргей Серабро фатаграфуе для сайту галоўныя гарадзкія падзеі і праз гэта сутыкаецца з праблемамі. Да прыкладу, пасьля ўзьняцьця апазыцыянэрам Сяргеем Каваленкам нацыянальнага сьцяга на галоўнай навагодняй ёлцы — у стваральніка сайту дома правялі ператрус. Яго самога выклікалі на допыт і распытвалі, чаму і як ён апынуўся на месцы здарэньня з фотаапаратам і якім чынам здымкі ёлкі са сьцягам шырока разышліся па інтэрнэце.
Апошні прыклад гэтага месяца: 4-га чэрвеня ў віцебскім аэрапорце Сяргея Серабро не дапусьцілі на прэсавую канфэрэнцыю з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Афіцыйная прычына — адсутнасьць журналісцкай акрэдытацыі.
Што да небясьпекі атакі дзяржавы на незалежныя інтэрнэт-сайты, то Сяргей Серабро разважае так:
«Ніякіх атак мы не баімся. Калі захочуць, іх усе заблякуюць. Ніводзін сайт у Беларусі ня можа быць застрахаваны ад таго, што яго заблякуюць. Ці баімся гэтага? А што тут баяцца! Гэта як наканаваньне: тут мы нічога зрабіць ня можам».
ГОМЕЛЬШЧЫНА
Адміністратар сайту odsgomel.org лічыць, што рэгістрацыя для яго не абавязковая
Інфармацыйнае поле Гомельскай вобласьці не багатае на недзяржаўныя мэдыі. Вылучаецца сярод іх грамадзка-дэмакратычны сайт Гомелю odsgomel.org — «Сильные новости».
Сыстэмны адміністратар спадар Яўген кажа, што ўказ № 60 пра «ўпарадкаваньне» беларускага сэгмэнту інтэрнэту наўпрост сайту ня тычыцца:
«Менавіта на падставе ўказу № 60 мы рэгістраваць яго не зьбіраемся, бо да зоны .by ён ня мае дачыненьня. Ва ўказе № 60 канкрэтна запісана: беларуская дамэнная зона .by. Наш сайт мае адрас odsgomel.org — гэта міжнародны адрас. Хостынг у нас таксама не беларускі».
Іншыя сайты ў Гомелі праблемаў з рэгістрацыяй ня будуць мець — яны афіцыйныя альбо забаўляльныя:
«У Гомелі ёсьць сайты, але статусу незалежных, грамадзка-дэмакратычных яны ня маюць. Інфармацыйныя рэсурсы носяць пераважна забаўляльны характар. Іншыя належаць гарвыканкаму, аблвыканкаму. У іх больш наведнікаў, але якая там інфармацыя, самі добра ведаеце — пасяўныя й гэтак далей».
Прыхільнікі руху «За свабоду» маюць намер зарэгістраваць сайт як сродак масавай інфармацыі.
Інфармацыйны рэсурс будзем, канечне, рэгістраваць у Міністэрстве інфармацыі як СМІ, каб афіцыйна прысутнічаць на ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца на Гомельшчыне.
Гаворыць актывіста руху, юрыст Дарыя Суворава:
«Інфармацыйны рэсурс будзем, канечне, рэгістраваць у Міністэрстве інфармацыі як СМІ, каб афіцыйна прысутнічаць на ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца на Гомельшчыне. Калі ня будзе ніякага загаду зьверху, то, я думаю, сайту нічога не пагражае».
Папярэдняя спроба актывістаў зарэгістраваць грамадзка-палітычную газэту «Сильные новости Гомеля» скончылася няўдачай. Міністэрства інфармацыі адмовіла выданьню ў рэгістрацыі на той падставе, што рэдактар ня мае пяцігадовага досьведу кіраваньня газэтай.
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
Зарэгістраваць сайт у Беларусі ў некалькі разоў даражэй, чым у Нямеччыне
Некаторыя ўладальнікі сайтаў на Гарадзеншчыне ўжо гавораць пра страты для сябе і пра тое, што з 1 ліпеня ня здолеюць надалей утрымліваць сайт, нават калі зарэгіструюць яго на беларускім хостынгу.
Знаёмы мне інтэрнэтчык Мікалай К. даводзіць абсурднасьць сытуацыі:
«Мой блог зараз знаходзіцца на хостынгу ў Нямеччыне, а калі яго перавесьці ў Беларусь, то давядзецца за сэрвэр плаціць штомесяц 500-600 даляраў. А я зараз у Нямеччыне за два сэрвэры плачу ўмоўна 100 эўра».
Выйсьцем з сытуацыі, на думку спадара, можа быць тое, каб набыць свой сэрвэр і з дазволу «Белтэлекаму» разьмясьціць яго ў Беларусі, хоць у гэта верыцца таксама зь цяжкасьцю.
З другога боку, Мікалай кажа, што рэгістрацыя сайтаў вядзецца даволі марудна. Магчыма, улады працягнуць на пэўны час тэрмін рэгістрацыі і за кошт гэтага ўдасца яшчэ папрацаваць.
Што будзе з сайтамі недзяржаўных грамадзкіх арганізацый надалей — невядома, але пакуль усе яны працуюць. Спадар, які абслугоўвае адзін зь іх, кажа, што чыноўнікі самі наблыталі і цяпер наўрад ці разьбяруцца.
Ну і што, што грамадзкая арганізацыя мае сайт, але вы спачатку яе зарэгіструйце, а потым патрабуйце беларускага хостынгу.
Зь яго слоў, сайты грамадзкіх арганізацый ня маюць патрэбы ў рэгістрацыі сваіх сайтаў, якія месьцяцца на замежных хостынгах нават згодна з указам № 60, паколькі чыноўнікі і тут дапусьцілі юрыдычную супярэчнасьць: «Ну і што, што грамадзкая арганізацыя мае сайт, але вы спачатку яе зарэгіструйце, а потым патрабуйце беларускага хостынгу. Вось згодна з указам № 60, калі грамадзкія арганізацыі будуць зарэгістраваныя ў Беларусі, то яны ўжо павінны будуць хосьціцца ў Беларусі».
Праўда, спадар нагадвае, што існуе магчымасьць перакрываць доступ да такіх сайтаў, але тут жа і дадае, што заўсёды знойдзецца спосаб, як у інтэрнэце гэта абысьці.
Што раіць дасьведчаны спэцыяліст?
Першыя практычныя парады па зьмене працы пад прэсінгам прэзыдэнцкага ўказу № 60 дае Аляксандар Валькоўскі — дасьведчаны спэцыяліст у Салігорску:
«Па-першае, ёсьць магчымасьць, якая дагэтуль не выкарыстоўваецца актыўна — гэта дубляваць той кантэнт (зьмест), які прысутнічае на рэгіянальных сайтах, у сацыяльнай сетцы. Сетка „Ў кантакце“ вельмі папулярная ў Беларусі. Можна таксама выкарыстоўваць Facebook. І натуральна, што гэты ўказ павінен быць пэўным стымулам, каб больш актыўна працаваць у рэале, бо я ня думаю, што шмат у якіх рэгіёнах заблякуюць сайты, якія наведваюць, скажам, 10–15 чалавек за дзень. Мяркую таксама, што будзе эфэктыўна, калі тыя матэрыялы, якія меркавалася зьмяшчаць на сайце, будуць друкавацца ў рэгіянальных СМІ альбо ва ўлётках самвыдату».