Маладая спадарыня: "Напэўна, выканаць. Найперш, гэтыя рэсурсы ня нашы, і яны павінны быць аплочаныя. Мы ж хочам, каб за нашы малако, цэмэнт плацілі. Вось гэты тэрмін, канечне, выклікае пытаньне. Магчыма, зноў хочуць высьветліць, хто зь іх больш галоўны".
Малады спадар: "Не выконваць, бо пяць дзён — гэта замалы тэрмін, каб выплаціць такую вялізную суму. Тое, што Мядзьведзеў сказаў, не азначае, што гэта мае нейкую рацыю. Іх шляхі эканамічныя таксама пралягаюць цераз нашу краіну, і яны мусяць з гэтым лічыцца".
Спадар сталага веку: "Калі дамова была, то яе трэба выконваць. Толькі на такіх умовах варта супрацоўнічаць дзьвюм краінам. Сума завялікая, канечне. Неадэкватная даходам дзяржавы. З Украінай чамусьці яны вырашылі пытаньні хутка, а вось зь Беларусьсю гэта цягнецца гадамі. Дамаўляюцца спачатку, а потым у канцы ўсё вяртаецца на кругі свае".
Спадарыня сталага веку: "Плаціць, як плацілі. Гэта так выгадна Беларусі. І потым, павінна быць нейкая зьніжка Беларусі, бо мы ж саюзная дзяржава. Мы зь імі маем дружалюбныя адносіны. Я вось гэта ўсё чула і перажываю. Чаму гэта так — раз, і такія заявы?"
Спадар: "Адназначна. Калі ўзяў, трэба плаціць".
Спадарыня: "Даўгі трэба выплачваць. Паабяцаў выканаць да такога тэрміну — павінна быць выканана".
Спадар: "Трэба выконваць свае абавязкі. Мы плацім паводле цэнаў чамусьці 2009 году, хаця хутка 2010 год скончыцца. Дамова падпісана. Усё абумоўлена".
Спадарыня: "Выконваць, канечне".
Карэспандэнт: "А чаму?"
Спадарыня: "Я ў палітыцы асабліва не разьбіраюся, таму дакладна сказаць не магу, але лічу, што выконваць абавязкова".
Спадар: "Калі мы заключылі кантракт, то яго трэба выконваць. Даўно трэба вызначыцца — альбо цалавацца, альбо стаць у жорсткую позу: "Мы хлопцы беларусы, мы свабодныя, а ня так, што мы нібыта лезем у інтэграцыю і ў той жа час у раскірэцы".
Спадар: "Даўгі трэба аддаваць у першую чаргу, каб у далейшым паступала нафта й газ сапраўды ў тэрмін. Каб не адключылі, як ва Ўкраіне. Гэта зьвязана… Лукашэнка нешта сказаў супраць Расеі".
Малады спадар: "Калі ёсьць доўг, то яго трэба вяртаць у тыя тэрміны, якія былі вызначаныя. А адцягваць — нядобра гэта, бо выбару ў нас асаблівага й няма".