Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Толькі ідыёт можа разьлічваць, што пры такіх выбарах магчыма перамагчы Лукашэнку"


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 16 чэрвеня 2010 году


Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі яшчэ не абвешчаны, а апазыцыйныя лідэры і актывісты ўжо сьпяшаюцца адзін за адным заявіць пра свае прэтэнзіі на галоўную дзяржаўную пасаду. Тых, хто агучыў уласную гатовасьць уключыцца ў выбарчую барацьбу, ужо сёньня набіраецца зь дзясятак. І гэтая колькасьць, мяркуючы па ўсім, у бліжэйшым часе будзе толькі ўзрастаць.

Назіраньне за гэтым масавым самавылучэньнем апазыцыянэраў схіляе многіх нашых слухачоў да невясёлага роздуму. Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, з гэтай нагоды піша:

"Якую мэту ставяць перад сабой гэтыя людзі, вылучаючы сваю кандыдатуру ці даючы згоду на вылучэньне ад партыі? Відавочна ж: толькі ідыёт можа спадзявацца, што пры сёньняшняй сыстэме галасаваньня і падліку галасоў ён можа перамагчы Лукашэнку і заняць пасаду прэзыдэнта. Апроч усяго іншага, гэта яшчэ і рызыкоўна. Мы ж — не Ўкраіна, дзе нават пры Януковічу, якога не назавеш дэмакратам, Цігіпка стаў віцэ-прэм'ерам. У нас, калі надта рвесься да ўлады, можна лёгка паўтарыць лёс Марыніча ці Казуліна. Усё ясна пакуль толькі з Гайдукевічам — вечным кандыдатам, які застанецца ў бюлетэні, нават калі ўсе іншыя супернікі Лукашэнкі здымуць свае кандыдатуры".

Далей у сваім лісьце на "Свабоду" Васіль Валошка згадвае пра даўно звыклыя для беларусаў атрыбуты выбарчай кампаніі: драўляныя скрыні для бюлетэняў, у якіх лёгка здымаецца дно; парадак прызначэньня сяброў выбарчых камісіяў, пры якім гэтыя камісіі цалкам кантралююцца выканаўчай уладай; масавае прымусовае датэрміновае галасаваньне, падчас якога, калі верыць афіцыйным вынікам, людзі масава галасуюць выключна за вылучэнцаў ад улады... Згадваючы ўсё гэта, слухач піша:

"Нават калі здарыцца неверагоднае і Лукашэнка сам адмовіцца ад гэтай пасады, дык ягонае месца зойме такі ж. І выберуць яго ня людзі — паставіць на гэтае месца сыстэма, у якой просты чалавек запалоханы да паўсьмерці і нічога не вырашае. Ён найперш баіцца страціць працу — гэта цяпер самае галоўнае. У тым, да якой ступені людзі апанаваныя страхам, я сам не аднойчы пераканаўся. Вось было датэрміновае галасаваньне. Людзей прымушалі ісьці галасаваць датэрмінова. Здавалася б, што можа быць прасьцей: скажы начальніку, што прагаласаваў, няхай пазначыць там у сваёй справаздачы "для галачкі", а сам ідзі на выбары ў нядзелю, як належыць. Дык жа не: баяцца, што правераць сьпісы на ўчастку, і ідуць, калі загадае начальства. Страшныя думкі ўзьнікаюць пасьля ўсяго гэтага. Што за краіна, у якой мы жывем? Няўжо гэта Эўропа? Няўжо 21-е стагодзьдзе?

І вось зьяўляецца гэтая плойма кандыдатаў. Калі яны насамрэч хочуць нешта зьмяніць, то найперш трэба прыкласьці ўсе намаганьні, каб зламаць такую сыстэму. Як гэта зрабіць — ня ведаю. Думаю, найперш трэба дамагчыся незалежнага назіраньня і паказаць усяму сьвету, чаго варта такое галасаваньне, наколькі яно справядлівае"
.

Ён таксама просіць, каб гэтае пытаньне — пра сапраўдныя мэты вылучэньня — мы задалі ўсім шматлікім кандыдатам, якія ўжо заявілі пра свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах.

Абавязкова зробім гэта, спадар Васіль. Праўда, варта мець на ўвазе, што такое шматлюдзьдзе ў выбарчай кампаніі будзе цягнуцца нядоўга — толькі на самым пачатку. Пасьля рэгістрацыі кандыдатаў у выбарчай гонцы застанецца значна меней удзельнікаў: сабраць 100 тысяч подпісаў у сваю падтрымку здольныя нямногія зь сёньняшніх самавылучэнцаў. Відаць, тады і разгледзім больш пільна і ўважліва, што яны сабой уяўляюць і якія сапраўдныя мэты перад сабой ставяць.

Што да вашай заўвагі пра тое, што сыстэма фальшаваньняў выглядае непарушнай, што грамадзтва апанавана страхам і ня здольнае на супраціў... Я ў адказ на гэтыя скрушныя пытаньні звычайна згадваю канец 80-х — пачатак 90-х гадоў. Сёньняшняя сыстэма амаль цалкам скапіявана з той, камуністычнай. І тая таксама выглядала фундамэнтальнай і вечнай. І таксама трымалася на ўсеагульным страху. Але як імкліва яна была дэмаралізавана ва ўмовах усеагульнага разладу і крызісу, якім бездапаможным стаў некалі ўсемагутны КДБ... Людзі вельмі хутка перасталі баяцца тых, хто завёў іх у тупік, хто ня мог арганізаваць нармальнае жыцьцё, але пры гэтым імкнуўся любой цаной утрымацца пры ўладзе. Тое, што яшчэ нядаўна выглядала жудасным і страшным, вельмі хутка стала агідным, сьмешным і бездапаможным.

Тэма хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў цікавіць і нашых слухачоў Маргарыту і Руслана Бацянковых зь Менску. Азіраючыся на больш як паўтара дзесяцігодзьдзя, на працягу якіх Беларусьсю кіруе Аляксандар Лукашэнка, аўтары пішуць:

"Для нас 16 гадоў ягонага кіраваньня — выкінутыя з жыцьця. Немагчыма словамі перадаць, як мы стаміліся за гэты час: ад самадурства, беззаконьня, бясконцай хлусьні, ад зьнявагаў (і старэйшага пакаленьня, і моладзі). Няма чаго слухаць па дзяржаўным радыё, глядзець па тэлебачаньні. Беларускае радыё- і тэлеканалы — гэта суцэльная саладжавая патака, нізкапробныя пераробкі расейскіх забаўляльных праграм, адсутнасьць праўдзівых навін, грубая прапаганда. Расейскія тэлеканалы трансьлююцца ў скалечаным выглядзе, праходзяць папярэднюю беларускую цэнзуру, напаўняюцца мясцовым прапагандысцкім зьместам. Словам, усё толькі дзеля ЯГО, пад ЯГО. Ну які можа быць ад гэтага настрой? Бяз вас ды яшчэ без расейскай "Свабоды" мы, напэўна, наагул памерлі б ад інфармацыйнага голаду.

І вось наперадзе прэзыдэнцкія выбары — і ЁН зноў хоча... Ну калі гэта Бог нас пашкадуе?"
.

Мяркуючы паводле досьведу іншых народаў, якія перажылі і адолелі аўтарытарныя рэжымы, Бог у гэтай справе шкадуе найперш тых, хто спадзяецца ня толькі на Яго, але найперш прыкладае ўласныя намаганьні дзеля таго, каб зьмяніць сваё жыцьцё ў лепшы бок. Па-іншаму не атрымлівалася ў суседзяў. І наўрад ці атрымаецца ў беларусаў.

Калектыўны ліст ад жыхароў дома нумар 32 па вуліцы Рэвалюцыйнай у Менску. Падпісалі яго спадарства Калашнікава, Сержановічы, Паўлаў і Шамбах.

"Просім абароны ад чыноўніцкага самаўладзтва супрацоўнікаў Менгарвыканкаму і Адміністрацыі Цэнтральнага раёну", — пішуць яны ў сваім звароце ў рэдакцыю. — "Нас спрабуюць выселіць з кватэраў, якія належаць нам на правах прыватнай уласнасьці. Раённая адміністрацыя з дапамогай міжведамаснай камісіі, нават не паведаміўшы жыхарам, перавяла наш дом у нежылы фонд. Яны вырашылі, што дом нібыта непрыдатны для жытла і патрабуе рамонту. А Менгарвыканкам, не разабраўшыся ў пытаньні, пастанавіў адсяліць нас на край гораду і перавесьці дом у нежылы фонд.

Атрымліваецца, што па жаданьні чыноўніка любога грамадзяніна Беларусі можна выселіць зь ягонай кватэры, не зьвяртаючы ўвагі на ягоныя правы. Скардзімся. У адказ — адпіскі і фармалізм. Ніводнага ўцямнага адказу, толькі бяздумнае выкананьне тэрмінаў адказу.

Магчыма, гэта адбываецца таму, што, спрабуючы выселіць нас, чыноўнікі прыкрываюць іншыя парушэньні, якія дапушчаны пры рэканструкцыі гістарычнага цэнтру Менску.

Мы перакананыя: калі ў нашым доме, які зьяўляецца архітэктурным помнікам 19-га стагодзьдзя, ня будзе жыльцоў, дык яго імгненна разбураць, як ужо адбылося на нашых вачах з дамамі 17, 24/1, 24а, 24/1а ды іншымі. А гэта злачынства ня толькі перад законам, але і перад наступнымі пакаленьнямі, якім мы не пакінем гістарычнай спадчыны"
.

На працягу мінулага дзесяцігодзьдзя мы ня раз расказвалі пра падобныя сытуацыі. Вырашыла дзяржава пабудаваць Нацыянальную бібліятэку, ці нейкі палац, ці дарогу, ці лінію мэтро — чыноўнікі мала турбуюцца пра тое, што на месцы, якое яны выбралі для будоўлі, жывуць людзі, што там разьмешчана іхная ўласнасьць, што гэтая ўласнасьць абараняецца законам. У беларускіх умовах абарона гэтая — вельмі слабая, у шмат якіх выпадках — умоўная. Дастаткова чыноўніку абгрунтаваць свае жаданьні дзяржаўнымі інтарэсамі — і ў простага грамадзяніна будзе адабраны прыватны дом у цэнтры гораду, а ўзамен выдадзена кватэрка ў панэльным блёку на ўскраіне. На Захадзе ў падобных сытуацыях грамадзянін мог бы прэтэндаваць на мільённыя кампэнсацыі. У Беларусі ж судзіцца ў такіх выпадках зь дзяржавай, як паказвае досьвед многіх і многіх людзей, фактычна бескарысна.

Аўтар наступнага (апошняга ў сёньняшнім аглядзе) ліста — Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску — згадвае пра нядаўні санкцыянаваны ўладамі разгром грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду". Гэтыя падзеі выклікалі ў слухача наступныя іранічныя заўвагі (цытую ліст):

"Ну, не атрымалася акцыя "Гавары праўду!" Можа, давайце паспрабуем правесьці "Гавары хлусьню!"? Калі ўжо і гэта не атрымаецца, тады давядзецца прыдумаць нешта іншае... А можа, для іншых галоў гэтыя паняцьці наогул адсутнічаюць? Ці сьцерлася розьніца паміж імі?

Я хачу зьвярнуць увагу на інтэлігенцыю таго часу, калі, апроч ведаў, у школах давалі і іншае: вучылі танцаваць, сьпяваць, маляваць, граць на музычных інструмэнтах, пісаць вершы. Вучылі шмат моў, а зь імі і культур, падмуркам якіх заўсёды былі родная мова і абрад зь песьняй.

У расейскага гумарыста Петрасяна ёсьць такая показка пра сучасную школу: "Хто вучыўся на "двойку", той мае дзьве рэчы — машыну і кватэру; хто на "тройку" — тры: машыну, кватэру, лецішча; а хто на "пяцёрку" — пяць: мэдаль зь нержавейкі за выдатную вучобу, чырвоны дыплём аб унівэрсытэцкай адукацыі, каморку ў інтэрнаце, галаўны боль і вечныя даўгі..."


Калі ў нас пры ўладзе такая асоба — то і ўся ўлада такая, пад яго. Якая яблыня, такія і яблыкі".

Цяжка сказаць, які пэрыяд беларускай гісторыі вы, спадар Яцкевіч, маеце на ўвазе, калі пішаце пра школу, у якой аддавалі столькі ўвагі роднай і замежным мовам, а таксама эстэтычнаму выхаваньню... Калі гэта на адрас савецкай школы, то дарэмна вы яе ідэалізуеце. Згадваю, чаму вучылі ў 9-м і 10-м клясах у звычайнай вясковай беларускай школе на пачатку 80-х гадоў. Замежная мова — два ўрокі на тыдзень, беларускай увогуле не было, затое вывучэньне трактара і сельгасмашын — шэсьць урокаў (цэлы навучальны дзень). Пра музыку, сьпевы, маляваньне і танцы ўвогуле размовы не было. Зразумела, да чаго рыхтавалі вясковых дзяцей: зусім не да ўнівэрсытэту і не да глыбокага валоданьня мовамі. Адметна, што ніводзін з маіх аднаклясьнікаў, зь якіх так стараліся зрабіць трактарыстаў-машыністаў шырокага профілю, на трактары не працуе.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG