Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сойм Партыі БНФ разгледзіць кадравыя пытаньні


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

У суботу, 12 чэрвеня, сойм Партыі БНФ разгледзіць пытаньні далейшага сяброўства ў партыі шэрагу яе чальцоў. У прыватнасьці, магчыма, што будуць выключаныя з партыі актывісты «Моладзі БНФ»: Франак Вячорка, Андрусь Крэчка, Антон Койпіш і некаторыя іншыя.

З такой прапановай выступіў старшыня партыі Аляксей Янукевіч, які сваю ініцыятыву пракамэнтаваў гэтак:

«У партыі існуе шэраг асобаў, якія зьяўляюцца сябрамі партыі, але пры гэтым мэтанакіравана працуюць выключна на зьнішчэньне партыі і прычыненьне ёй як мага большай шкоды. Гаворка як пра інфармацыйную, так і пра матэрыяльную шкоду.

Гэтая сытуацыя ня можа быць пакінута без разгляду, і бліжэйшы сойм, які адбудзецца ў суботу, разгледзіць усе такія выпадкі. Што тычыцца пэўных прозьвішчаў, то прэтэнзіі тычацца ня толькі гэтых асобаў, але і шэрагу іншых. На маю думку, ёсьць відавочнае парушэньне рашэньняў пра захаваньне партыйнай дысцыпліны з боку 5-6 сябраў партыі.

Па кожным выпадку будуць свае прапановы і свае ацэнкі. Хто падчас сойму будзе выключаны з партыі, а хто ня будзе выключаны — можна будзе сказаць пасьля разгляду гэтай сытуацыі. Што тычыцца прэтэнзіяў, то я не хацеў бы паглыбляцца. Прэтэнзіі вельмі важкія, і насамрэч сябры сойму прымуць мудрае рашэньне на карысьць партыі».

Паводле Аляксея Янукевіча, магчыма, што разгляд кадравых пытаньняў пройдзе ў закрытым рэжыме, як гэта адбывалася падчас выключэньня з Партыі БНФ Алеся Міхалевіча ў чэрвені 2008 году. Сваё магчымае выключэньне з «Моладзі БНФ» адзін з актывістаў, Франак Вячорка, пракамэнтаваў наступным чынам:

Франак Вячорка
«Мяне хочуць выключыць за антыпартыйную дзейнасьць. Калі для Янукевіча і кампаніі антыпартыйная дзейнасьць — змаганьне з Лукашэнкам, то правільна выключаюць. На мой погляд, цяперашняму кіраўніцтву варта дбаць пра прэзыдэнцкую кампанію, пра арганізацыю рэгіянальных структур і не ваяваць з моладзьдзю. Бо на сёньня ўсё, чым вызначылася цяперашняе кіраўніцтва, то гэта суцэльнымі скандаламі са старэйшымі фронтаўцамі, якіх проста выжылі зь сядзібы. А зараз яшчэ і „Моладзь БНФ“, якую ў сядзібу не пускаюць ужо некалькі месяцаў. „Моладзь БНФ“ зараз праводзіць свае рады на вуліцы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG