Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцёма Дубскага на волі сустрэне яго дзяўчына з Кіева


Арцём Дубскі на судзе з сваёй дзяўчынай
Арцём Дубскі на судзе з сваёй дзяўчынай

Актывіст Маладога фронту Арцём Дубскі 25 траўня мае быць вызвалены з Магілёўскай калёніі № 16. Цягам году ён адбываў зьняволеньне за парушэньне парадку адбыцьця папярэдняга пакараньня, атрыманага ў так званай «справе 14-ці». Сустракаць маладафронтаўца будуць ягоныя родныя, сябры і паплечнікі, а таксама дзяўчына палітвязьня, якая прыехала на спатканьне з Кіева.


Арцёмава маці Алена Дубская плянуе быць каля варот калёніі ўжо а 8-й гадзіне раніцы, бо да апошняга дня яна ня мае пэўнасьці наконт дакладнага часу і нават месца вызваленьня. Сын нічога паведаміць ня змог, бо двух чаканых тэлефанаваньняў ад яго не было, сказала «Свабодзе» спадарыня Алена:

«Я сёньня тэлефанавала ў калёнію і перапытвала, ці не атрымаецца так, што яго перавядуць у іншае месца. Мы прыедзем сустракаць, а яго там і ня будзе. Мне сказалі, што, маўляў, не, такога быць ня можа, бо калі ён тут адбываў, то адсюль і вызваляцца будзе. Але такі варыянт магчымы, бо Арцём казаў, што яны, магчыма, захочуць яго за дзень-два, напярэдадні альбо нават у той самы дзень, перавесьці ў іншую турму».

Алена Дубская плянуе сустракаць сына разам зь ягоным сябрам і дзяўчынай Тацянай Касянчук, якая зараз знаходзіцца ў Менску, а прыехала з Кіева адмыслова, каб сустрэць на волі сябра. Тое, што здарылася з Арцёмам у Беларусі, Тацяна пракамэнтавала гэтак:

Мяне вельмі часта запытваюць тут, у Беларусі, ці магчыма было б такое ва Ўкраіне. Раней было немагчыма, а зараз, пры новай уладзе, пабачым, што будзе.
«Мяне вельмі часта запытваюць тут, у Беларусі, ці магчыма было б такое ва Ўкраіне. Раней было немагчыма, а зараз, пры новай уладзе, пабачым, што будзе. А раней гэта было б нонсэнсам для Ўкраіны, для мяне, маіх сяброў і майго атачэньня. Але я разумею, што ў Беларусі магчыма ўсё і трэба проста больш спакойна да ўсяго ставіцца. А зараз ужо чакаем вызваленьня».

Паплечнікі Арцёма Дубскага ў так званай «справе 14-ці», праваабаронцы і сябры-маладафронтаўцы таксама плянуюць прывітаць Арцёма Дубскага каля варот турмы, паведаміў «Свабодзе» лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч:

«Канечне, мы спадзяваліся і прыкладалі шмат намаганьняў у Беларусі і на міжнародным узроўні, каб Арцёма вызвалілі раней. Прынамсі, „Міжнародная амністыя“ прызнала яго вязьнем сумленьня. Тым ня менш беларускі рэжым прадэманстраваў сваю прынцыповасьць, ня вызваліўшы Арцёма. Наколькі мы ведаем празь ліставаньне, Арцём плянуе працягваць сваю дзейнасьць, а таксама рэалізавацца ў асабістым жыцьці: мы ведаем, што ў яго ёсьць дзяўчына, зь якой ён зьбіраецца ажаніцца па вызваленьні. Далейшую супрацу будзем абмяркоўваць разам і пазьней».

Арцём Дубскі — адзін з асуджаных у так званай „справе 14-ці“ за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў. У красавіку 2008 году суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў Арцёма Дубскага, Андрэя Кіма, Міхася Пашкевіча, Міхаіла Крывава, Уладзімера Сяргеева, Антона Койпіша, Тацяну Цішкевіч, Алеся Стральцова, Аляксея Бондара і Аляксандара Чарнышова абмежаваньнем волі. Арцём Дубскі цягам году адбываў зьняволеньне за парушэньне парадку адбыцьця пакараньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG