Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На што разьлічваюць кандыдаты ад апазыцыі?


Ці будзе на гэтых выбарах адзіны кандыдат ад апазыцыі? На што разьлічваюць кандыдаты ў прэзыдэнты? Якую ролю адыграе Масква на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі? Гэтыя пытаньні ў “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць аглядальнік інтэрнэт-выданьня “Беларускія навіны” Аляксандар Зайцаў, палітоляг Уладзімер Роўда і аглядальнік нашага радыё Віталь Цыганкоў.


Дракахруст
: На мінулым тыдні пра свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах абвясьціў самы рэйтынгавы пасьля дзейнага прэзыдэнта беларускі палітык, адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на мінулых выбарах, лідэр руху “За Свабоду” і нефармальны лідэр Незалежніцкага блёку Аляксандар Мілінкевіч. На тым самым тыдні адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі, які яшчэ раней абвясьціў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, агучыў формулу адбору адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў – паводле колькасьці чальцоў ініцыятыўнай групы. Свае паслугі ў вызначэньні адзінага прапанавала і Рада інтэлігенцыі. На ваш погляд, ці могуць гэтыя мэханізмы спрыяць вызначэньню адзінага, ці многія кандыдаты пагодзяцца гуляць паводле гэтых (ці нейкіх іншых) правілаў адбору?

Роўда
: Калі казаць пра рэйтынгавасьць Мілінкевіча, то яна вельмі маленькая – гэта адносная перавага і нават, на маю думку, і не перавага. Ён страціў частку падтрымкі нават дэмакратычнага электарату, які ў 2006 годзе галасаваў за яго. Так што плюсы Мілінкевіча вельмі адносныя.
Плюсы Мілінкевіча вельмі адносныя...


А цяпер аб працэдуры, агучанай Рымашэўскім. Гэта працэдура вылучэньня адзінага кандыдата ад БНБ. Яна сыходзіла ад БХД і моладзевых арганізацый, якія ўваходзяць у блёк, супраць яе выступаў Губарэвіч – намесьнік Мілінкевіча ў руху “За Свабоду” і адначасна намесьнік старшыні Партыі БНФ. Гэта даволі дзіўная сытуацыя, бо працэдура павінна быць. Калі мы кажам пра дэмакратычнае абраньне кандыдата ў межах гэтага блёку, то дэмакратыя – гэта якраз улада працэдуры. Тое, што Рада інтэлігенцыі будзе браць у гэтым удзел як пэўны арбітар – гэта добра. На маю думку, кааліцыя не павінна абмяжоўвацца БНБ, трэба імкнуцца да ўключэньня ў кааліцыю як мага большай колькасьці партый і арганізацый.

Дракахруст: Віталь, калі абстрагавацца ад таго, добрую ці кепскую формулу вылучэньня адзінага прапануе БХД, якім будзем вынік? На нейкі мэханізм пагодзіцца большасьць патэнцыйных кандыдатаў? Ці ў адных будзе адзін адзіны, у другіх – іншы, а некаторыя кандыдаты наагул будуць пляваць на ўсе формулы і пойдуць на выбары самастойна?

Цыганкоў
: Такія алярмісцкія настроі што да немагчымасьці абраць адзінага маюць права на існаваньне. Але пакуль нічога звыштрагічнага не адбылося. Варта прыгадаць гісторыю прэзыдэнцкіх выбараў 2001 і 2006 гадоў, калі апазыцыі ўрэшце ўдавалася дасягнуць адзінства ў той ці іншай ступені. Нагадаю, што ў кожнай з гэтых кампаніяў напачатку таксама вылучалася даволі шмат кандыдатаў, многія патэнцыйныя прэтэндэнты пачыналі зьбіраць подпісы выбарнікаў, некаторыя нават блізка даходзілі да неабходных 100 тысячаў, але потым яны адсейваліся і пачыналі працаваць на таго кандыдата, якога абіралі адзіным. У 2006 годзе адзінага абіралі на кангрэсе. У цяперашняй сытуацыі кангрэсу ня будзе, а выбар адзінага будзе адбывацца ў выніку нейкіх дамоўленасьцяў, у гэтым сэнсе кампанія будзе падобная да кампаніі 2001 году.
Выбар адзінага будзе адбывацца ў выніку нейкіх дамоўленасьцяў, у гэтым сэнсе кампанія будзе падобная да кампаніі 2001 году...


Вы, Юры, ужо прыгадалі варыянт Рымашэўскага. Мне здаецца, што наўрад ці гэтая прапанова задаволіць большасьць, паколькі імкненьне БХД – маладой, але вельмі актыўнай палітычнай сілы, браць масоўкай падабаецца далёка ня ўсім у апазыцыі. Бо сапраўды калі ў цябе нават самая вялікая ініцыятыўная група, гэта ня значыць, што ты самы пэрспэктыўны кандыдат. Прапанова Рымашэўскага наўрад ці пройдзе, але гэта ня значыць, што немагчымыя іншыя прапановы.

Ясна, што пэўная частка тэхнічных кандыдатаў адсеецца натуральным чынам, не зарэгістраваўшы ініцыятыўнай групы або не сабраўшы патрэбнай колькасьці подпісаў. Ну а астатнія будуць дамаўляцца. Я згодны з тым, што ўжо зараз трэба вызначыць, паводле якога прынцыпу яны будуць дамаўляцца.

Дракахруст: Аляксандар, а якая вашая ацэнка: ці праблема ў тым, што кепскія формулы прапаноўваюцца, ці ў тым, што гэтым разам ня надта і ахвота кандыдатам устаўляцца ў нейкія формулы?

Зайцаў
: Практыка падказвае, што часам самы просты плян – ён і самы эфэктыўны. З гэтага пункту гледжаньня прапанова БХД мае сэнс:
Часам самы просты плян – ён і самы эфэктыўны...
у каго большая ініцыятыўная група, той і адзіны. Нешта падобнае летась прапанаваў Статкевіч, калі склікаў свой Эўрапейскі форум, але той ініцыятывы не падтрымалі. Не выключаю, што і прапанова БХД застанецца прапановай “для ўнутранага карыстаньня”. Што да іншых варыянтаў, таго, напрыклад, што прапанавала Рада інтэлігенцыі, то можна прыгадаць таксама няўдалы варыянт праймэрыз АДС: кожны падае сваю прапанову як выключную, да якой трэба далучацца іншым. Мне здаецца, што пры такой пастаноўцы пытаньня гэтая спрэчка ня будзе вырашаная ніколі. І таму хутчэй за ўсё зьявіцца некалькі адзіных кандыдатаў ад найбольшых блёкаў плюс тыя, хто гатовыя ісьці бяз блёкавай падтрымкі.

Дракахруст: Мінулыя мясцовыя выбары паказалі, што электаральны апарат дзейнічае бяз збояў, выдаючы патрэбны, даволі сумны для апазыцыі вынік. І гэта пры тым, што змаганьне ішло за месцы ў бясьсільных саветах. Да таго ж Аляксандар Лукашэнка і аб’ектыўна – моцны і папулярны палітык. У сьвятле гэтага – на што разьлічваюць шматлікія апазыцыйныя кандыдаты? Вось Мілінкевічу часта закідаюць, што ён маўляў, не разьлічвае на перамогу. А іншыя разьлічваюць? А калі разьлічваюць, ці ня ёсьць іх разьлік паказьнікам неадэкватнай ацэнкі сытуацыі?

Цыганкоў: Я прывяду свае любімыя спартовыя аналёгіі. Гулялі фінал нейкага спаборніцтва, і слабейшая каманда выйграла. Потым яе трэнэр прызнаўся, што калі б была сэрыя з 10 матчаў, то яго каманда прайграла б 8 ці 9. Але гэты канкрэтны адзіны матч яны выйгралі і сталі чэмпіёнамі.
Заўсёды варта спадзявацца, верыць у перамогу, нягледзячы на рэальнае разьмеркаваньне сілаў...


Заўсёды варта спадзявацца, верыць у перамогу, нягледзячы на рэальнае разьмеркаваньне сілаў. Мы ўсе шмат у апошнія месяцы чыталі пра Кіргізстан, і я быў уражаны, колькі ў гэтых матэрыялах было паралеляў зь Беларусьсю: і што апазыцыя была слабая і расьцярушаная, і што народ ня меў ніякіх пратэставых настрояў, – і вось чым скончылася.

Некаторыя маладыя лідэры сапраўды глядзяць у будучыню, яны заяўляюць, што зьбіраюцца вылучацца ў 2016 годзе. Магчыма, яны ня вельмі спадзяюцца на перамогу на гэтых выбарах, іх можна назваць “практыкамі”. Але я размаўляў зь некаторымі палітыкамі старэйшага пакаленьня, і яны настроеныя сур'ёзна, яны разумеюць, што бяз рэзкіх дзеяньняў іх ва ўласных партыях маладыя падпіраюць. І для іх актуальная формула – калі ня сёньня, то калі?

На выбарах ніхто не спадзяецца, што прачнецца грамадзянскае сумленьне ў чальцоў выбарчых камісій і яны будуць сумленна лічыць галасы. Апазыцыя спадзяецца на дзьве рэчы – на крызіс і на вуліцу. Што крызіс можа ўзьняць электарат таго ці іншага палітыка да лічбы парадку 30%, а потым ужо падключыцца вуліца. Як казаў Мілінкевіч, верыць у перамогу заўсёды трэба.

Дракахруст: Аляксандар, а які ваш адказ – на што разьлічваюць кандыдаты ў прэзыдэнты?

Зайцаў: Мне здаецца, што наша апазыцыя да праблемы прэзыдэнцкіх выбараў падыходзіць аднабакова. Першым і галоўным пунктам яна
У апазыцыі асаблівага выбару няма – ці байкот, ці плошча...
лічыць вызначэньне ў сваім асяродзьдзі лідэра. Але ёсьць больш важная праблема – вызначэньне стратэгіі. Тут, мне здаецца, у апазыцыі асаблівага выбару няма – ці байкот, ці плошча. Усё, што паміж гэтымі варыянтамі, запраграмавана на паразу і будзе спрыяць легітымацыі чарговага прэзыдэнцкага тэрміну Лукашэнкі. Толькі калі найбуйнейшыя структуры апазыцыі дамовяцца пра канкрэтную стратэгію, толькі тады будзе мець сэнс пошук чалавека, які возьмецца перанесьці гэтую стратэгію з паперы ў рэальнасьць. А цяпер мы назіраем ня пошукі мэтадаў барацьбы, што павінна быць галоўным, а ўнутрыапазыцыйную барацьбу за лідэрства, якая нічога не дае для дасягненьня мэты.

Дракахруст: Аляксандар, вось вы сказалі пра стратэгію. Але наколькі можна падрыхтаваць плошчу? Плошча – гэта ў пэўным сэнсе цуд. Віталь казаў пра падзеі ў Кіргізстане, але тое, што мне даводзілася чытаць пра тыя падзеі, сьведчыць, што іх ніхто не рыхтаваў і нават ніхто не чакаў.

Зайцаў: Можна запраграмаваць сваю лінію дзеяньняў у канкрэтны пэрыяд часу і ў канкрэтнай кампаніі. У сучасных умовах цяжка казаць,
Кожны другі, і мы ў тым ліку, можам клясьці ўлады, а вось выйсьці з такімі настроямі на вуліцу ахвотнікаў, здаецца, знойдзецца малавата...
наколькі гэта будзе рэальна. Той самы Мілінкевіч мімаходзь закранаў варыянт вулічных пратэстаў. Але малаймаверна, што такі сцэнар можа быць рэалізаваны бязь дзейснай падрыхтоўкі. Для такога варыянту патрабуецца адзінства сярод апазыцыі, чаго цяпер няма і наўрад ці на дзень выбараў будзе. Ну і да такіх акцыяў грамадзтва не сасьпела. Тыя ж апытаньні НІСЭПД сьведчаць, што пратэставая маса расьце, але ж яна расьце на кухнях, там кожны другі, і мы ў тым ліку, можам клясьці ўлады, а вось выйсьці з такімі настроямі на вуліцу ахвотнікаў, здаецца, знойдзецца малавата. А калі яшчэ правадыром будзе Мілінкевіч, то шмат хто лічыць, што ён скампрамэтаваў сябе няўпэўненымі дзеяньнямі ў сакавіку 2006 году.

Дракахруст: Уладзімер, а які ваш адказ – на што разьлічваюць апазыцыйныя кандыдаты? Мы сёньня бачым іх заўважнае нежаданьне саступаць адзін аднаму. Можа быць, яны вырашаюць свае праблемы, праблемы свайго становішча ў апазыцыі. У свой час дзяржсакратар ЗША Генры Кісынджэр пытаўся, куды патэлефанаваць, каб даведацца думку Эўропы. Можа, нехта проста імкнецца стаць абліччам беларускай апазыцыі? І ўсё.

Роўда: Сапраўды, цяпер і Эўропе, і Амэрыцы няма куды патэлефанаваць, каб паразмаўляць зь лідэрам беларускай апазыцыяй.
На гэтых выбарах Аляксандар Лукашэнка ўжо ня будзе на 100% падтрымлівацца Крамлём ці Крэмль выставіць яму ўмовы, якія акажуцца непрымальнымі...


Але, кажучы пра спадзевы, варта падкрэсьліць, што сытуацыя зьмянілася кардынальным чынам, дзякуючы таму, што зьмяніліся адносіны паміж афіцыйным Менскам і афіцыйнай Масквой. На гэтых выбарах Аляксандар Лукашэнка ўжо ня будзе на 100% падтрымлівацца Крамлём ці Крэмль выставіць яму ўмовы, якія акажуцца непрымальнымі. Рэжым губляе галоўнага спонсара, галоўную сілу, дзякуючы якой ён трымаўся пры ўладзе ўсе апошнія гады. Гэтую сытуацыю хацелася б выкарыстаць. Для гэтага, па-першае, патрэбная адзіная, аб'яднаная апазыцыя. Толькі тады можна ставіць пытаньне аб зьмене рэжыму, у прыватнасьці, пытаньне аб правядзеньні свабодных выбараў.

Па-другое, патрэбны лідэр, які хоча і ўмее праводзіць масавыя акцыі пратэсту. Бо гэта робіцца галоўнай задачай, каб плошча, якая была ў 2006 годзе, стала больш шматлюднай.

Сёньня многія людзі сапраўды расчараваліся ў апазыцыі, але сытуацыя можа зьмяніцца, бо эканамічнае становішча таксама ня варта скідаць з рахункаў. Ня думаю, што Лукашэнка цяпер будзе атрымліваць тыя вялікія прывілеі ад Расеі, якія атрымліваў раней.

Цыганкоў: Кожны раз падчас выбараў, і ня толькі ў 2001-м і 2006-м, але яшчэ і ў 1996 годзе, падчас супрацьстаяньня паміж прэзыдэнтам і Вярхоўным Саветам, узьнікала пытаньне – каго падтрымае Масква, Лукашэнку ці яго апанэнтаў. Я асабіста, і ня я адзін, на двух апошніх прэзыдэнцкіх выбарах пісаў, што Масква зноў падтрымае Лукашэнку. Цяпер можна сказаць тое самае, можа, у крыху падрэдагаванай форме – Масква не падтрымае нікога з празаходніх кандыдатаў і ня будзе чыніць кардынальных стратэгічных перашкодаў пераабраньню Лукашэнкі. У яе будзе жаданьне яго патузаць, панэрваваць, выбіць зь яго як мага больш абяцаньняў і абавязкаў.

Сытуацыя сапраўды кардынальна зьмянілася ў параўнаньні і з 1996-м, і з 2001-м, і з 2006-м гадамі. Але ня ў тым, пра што казаў
Цяпер Лукашэнку, як ніколі ў гісторыі незалежнай Беларусі, не патрэбна падтрымка Масквы ...
Уладзімер. Цяпер Лукашэнку, як ніколі ў гісторыі незалежнай Беларусі, не патрэбна падтрымка Масквы, цяпер у яго рукі разьвязаныя, як ніколі. Масква сапраўды ўзяла стратэгію паступовага і няўхільнага эканамічнага ціску, але палітычна Лукашэнка адчувае сябе ўсё больш свабодным ад Масквы, тым больш на выбарах. А што яна практычна можа зрабіць? Вылучыць нейкага прамаскоўскага кандыдата? І ён набярэ 60% у канкурэнцыі з Лукашэнкам? Сёньня Лукашэнка можа даволі спакойна глядзець на ўсходні кірунак і асабліва не турбавацца з нагоды таго, якія выбрыкі зробіць Масква.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG