Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бішкеку прайшлі мітынгі прыхільнікаў і праціўнікаў часовага ўраду


У Кіргізстане адзначаюць 40 дзён пасьля драматычных падзеяў 7 красавіка. І па мусульманскім звычаі ў гэты дзень памінаюць мёртвых. У Бішкеку адбыліся не толькі памінкі, але і новыя мітынгі. А на іх ізноў гучалі патрабаваньні вярнуць Курманбека Бакіева ў краіну.


Сьпярша на Старой плошчы кіргіскай сталіцы каля пяці тысяч мітынгоўцаў выказалі незадаволенасьць няздатнасьцю часовага ўраду навесьці ў краіне парадак і дамагчыся вяртаньня ў Кіргізстан Бакіева і суду над ім.

Падчас мітынгу гучалі заклікі штурмаваць Дом парлямэнту, дзе месьціцца часовы ўрад, аднак бальшыня ўдзельнікаў акцыі не падтрымала гэтых намераў.

Тым часам кіраўніца часовага ўраду Роза Атумбаева сёньня раніцаю наведала пад Бішкекам месца пахаваньня некалькіх ахвяраў падзеяў 7 красавіка, а затым пабывала ў сем’ях, дзе людзі паміналі палеглых.

Пазьней сёньня таксама на Старой плошчы адбыўся мітынг прыхільнікаў часовага ўраду. Перад сабранымі выступіў лідэр сацыял-дэмакратаў і сябра часовага ўраду Кіргізстану Алмазьбек Атамбаеў. Ён заявіў, што часовы ўрад мае дастатковыя сілы для ўтрыманьняў заваёваў “красавіцкай рэвалюцыі”. Атамбаеў паабяцаў удзельнікам мітынгу асабіста зьезьдзіць да прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева і вырашыць пытаньне аб адкрыцьці мяжы з Кіргізстанам. Закрыцьцё мяжы паміж дзьвюма краінамі абарочваецца для Кіргізстану вялізнымі фінансавымі стратамі.

У Кіргізстане памінаюць палеглых 7 красавіка

На мітынгу прыхільнікаў часовага ўраду знаходзіўся і Андуруш Тактанасэраў, кіраўнік руху “7 красавіка”. У інтэрвію Алене Ціхановіч ён, у прыватнасьці, сказаў:

“Сябры нашага руху, як і многія кіргізстанцы, вельмі абураныя пазыцыяй прэзыдэнта Лукашэнкі. Чаму дасюль Лукашэнка не выдае нам Бакіева? Бакіеў жа ня мае статусу палітычнага ўцекача. Лукашэнка, напэўна, баіцца сваёй будучыні...”

Андуруш Тактанасэраў таксама паведаміў, што прадстаўнікі руху сёньня хацелі прыйсьці ў беларускае пасольства, аднак на дзьвярох яго ўбачылі надпіс – зачынена з тэхнічных прычынаў. Раней ля беларускага пасольства ў Бішкеку ўжо праходзілі пікеты з патрабаваньнем выдачы Кіргізстану Курманбека Бакіева.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG