Судзіў Аляксандра Казуліна судзьдзя Міхаіл Хома. Паводле назіральніка Кацярыны Садоўскай, судзьдзя «рабіў выгляд, што спрабуе разабрацца ў абставінах справы». Кацярына Садоўская прывяла такі прыклад: калі адвакат Казуліна хадайнічаў пра тое, каб запатрабаваць відэастужку падзеяў 6 траўня каля суду, судзьдзя, па сутнасьці, адхіліў гэтае хадайніцтва. «Пасьля перапынку спадар Хома зачытаў адказ зь міліцыі Ленінскага раёну, што відэазапісу не вялося, а тое, што там здымалі са спэцслужбаў, яго не зацікавіла», — мяркуе праваабаронца Садоўская.
6 траўня пасьля суду над Мікалаем Аўтуховічам былі затрыманыя 4 назіральнікі за тым працэсам: Аляксандар Казулін, Алесь Макаеў, Мікола Дземідзенка і Ўладзь Яроменак. Разам зь іншымі людзьмі яны ішлі з суду па вуліцы Леніна ў бок праспэкту Незалежнасьці. Сёньня Аляксандар Казулін гэтак згадваў момант затрыманьня: «Прайшлі Мастацкі музэй, дайшлі да вуліцы Карла Маркса. На сьвятлафоры гарэла чырвонае, толькі загарэлася зялёнае і я зрабіў крок на пераход, як падлятае аўтобус, выскокваюць міліцыянты са спэцназу і хапаюць мяне, а потым тых, хто быў побач». Аляксандар Казулін цалкам абверг паказаньні міліцыянтаў, што нібыта нецэнзурна ўголас лаяўся на адрас міліцыі, нягледзячы на шматлікія заўвагі.
Сьведкамі з боку Аляксандра Казуліна былі на судзе Раіса Міхайлоўская, Наста Лойка, Аліна Радачынская і Вячаслаў Сіўчык. Яны таксама абверглі паказаньні міліцыянтаў, як і Ўладзімер Барадач. Яго допыт вёў адвакат Зьміцер Гарачка.
Адвакат Гарачка: «Скажыце, ад Вярхоўнага суду да скрыжаваньня Аляксандар Казулін нецэнзурна лаяўся?»
Сьведка Барадач: «Не, ціха ішоў, спакойна».
Адвакат Гарачка: «Ці крычаў гучна?»
Сьведка Барадач: «Не, не крычаў».
Адвакат Гарачка: «Ці неяк інакш парушаў грамадзкі парадак?»
Сьведка Барадач: «Не, усё ішло мірна. Размовы ён вёў толькі з жанчынай, якая ішла побач».
Міліцыянты зь менскага палку асаблівага прызначэньня Дзьмітры Чэвушаў і Віктар Ляшковіч казалі пра адваротнае. Пры гэтым сьведкі блыталіся ў паказаньнях. Адзін казаў, што Казуліну зрабілі заўвагу ў адным месцы, другі назваў іншае месца. Ляшковіч казаў, што быў з напарнікам у чорнай службовай вопратцы, Чэўшаў — што яны зь Ляшковічам былі апранутыя ў плямістую камуфляжную форму. Як высьветлілася, абодва, калі складалі пратаколы, пераблыталі месца затрыманьня і рабілі праўкі ў пратаколе. Аляксандар Казулін быў перакананы, што абодва хлусяць, і прасіў суд прыцягнуць іх да адказнасьці. Адразу пасьля абвяшчэньня рашэньня, паводле якога яго прызналі вінаватым у дробным хуліганстве, спадар Казулін сказаў:
Судзьдзя: «Судовае паседжаньне абвяшчаецца закрытым».
Галасы ў залі: «Ганьба!», «Ганьба!»
Казулін: «Самі бачыце: доказаў няма, наадварот, ёсьць доказы невінаватасьці, але судзьдзя выносіць такое рашэньне. Гэта ён сабе падпісаў прысуд і ўсёй судовай сыстэме. Мне падалося, што яму пры гэтым усё ж было сорамна».
Актывісты Мікола Дземідзенка, Алесь Макаеў і Ўладзь Яроменак былі аштрафаваныя на 15 базавых велічынь кожны.