Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Халіп: “Пакуль нас спрабуюць забіць прафэсійна”


Марына Коктыш, Ірына Халіп, Натальля Радзіна, Сьвятлана Калінкіна на сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі.
Марына Коктыш, Ірына Халіп, Натальля Радзіна, Сьвятлана Калінкіна на сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі.

«Беларускія ўлады распачалі вайну супраць незалежных журналістаў і інфармацыйных інтэрнэт-сайтаў», — заявіла сёньня журналістка Ірына Халіп. Яна, а таксама Сьвятлана Калінкіна, Марына Коктыш і Натальля Радзіна падчас прэсавай канфэрэнцыі заклікалі беларускіх і замежных калегаў праявіць салідарнасьць у абароне прафэсійнай дзейнасьці журналістаў.


Нагадаем: у сакавіку ў журналістак забралі носьбіты інфармацыі ў рамках крымінальнай справы, распачатай у зьвязку з паклёпам на старшыню Гомельскага ЎКДБ Івана Каржа. Тэхніку дагэтуль не вярнулі, загадаўшы крыміналістам узламаць паролі электронных скрыняў і праверыць усе кантакты журналістак.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі Марына Коктыш паведаміла, што сёньня яе выклікалі ў службу бясьпекі МУС. Ёй паказалі там дыск, на якім былі сфатаграфаваныя паперы, што знайшлі ў яе стале падчас ператрусу.

«На гэтым дыску матэрыял, які ня мае ніякага дачыненьня да крымінальнай справы. На дыску некалькі паперак, якая тычыцца МУС. Там статыстыка, напрыклад, колькі і дзе не хапае ўчастковых, дзе ёсьць вакансіі і г.д.

Я зразумела, што адбылося паседжаньне экспэртнай камісіі, якая дала заключэньне, што зьвесткі, якія былі на тых паперках, на якіх няма ніякіх грыфаў МУС і г.д., утрымліваюць інфармацыю пад грыфам «ДСП».

Цяпер яны высьвятляюць, хто здаў мне гэтую інфармацыю. Я адмовілася адказваць на пытаньні. Я заявіла, што гэта беспрэцэдэнтны ціск на журналіста. Тады мне адзін супрацоўнік сказаў: «Вы ня думайце, што гэта МУС на вас цісьне, вы ж разумееце, чыімі рукамі ўсё гэта робіцца».

Сьвятлана Калінкіна выказала сваё меркаваньне:

«Падчас ператрусу здымалі нейкія паперы, якія нават тэарэтычна ня могуць мець дачыненьня да паклёпу на сп.Каржа. І гэта напярэдадні вельмі важнай палітычнай кампаніі. Гэта наступ на незалежную журналістыку ў цэлым і на інтэрнэт-сайты дакладна. Думаю, што толькі наша агульная салідарнасьць можа нейкім чынам спыніць гэты наступ».

Ірына Халіп выказалася больш эмацыйна:

Пакуль нас спрабуюць забіць прафэсійна, маральна, дэмаралізаваць цалкам. Але заўтра, калі мы нічога ня будзем рабіць, нас пачнуць забіваць фізычна.
«Нас забіваюць! Пакуль нас спрабуюць забіць прафэсійна, маральна, дэмаралізаваць цалкам. Але заўтра, калі мы нічога ня будзем рабіць, нас пачнуць забіваць фізычна.

Мы можам абараніць сябе толькі самі. У журналістаў больш рычагоў узьдзеяньня, чым ва ўсіх палітыкаў сьвету. Прыгадайце, як мы ў 1997 годзе вызвалілі Паўла Шарамета...

Валер Леванеўскі, які спытаўся: „А на якія, уласна, бабкі адпачываў Лукашэнка ў Аўстрыі?“, сеў на 2 гады. А сёньня мы нарэшце атрымалі адказ. І на пытаньне адказалі журналісты, а не аўстрыйскія палітыкі, каб вызваліць палітвязьня Леванеўскага».

Ірына Халіп зьвярнулася да замежных журналістаў, каб тыя праявілі салідарнасьць зь беларускімі калегамі.

Натальля Радзіна паведаміла, што не адмаўлялася ад таго, што некалькі артыкулаў ставіла на сайт «Хартыі’97». Нягледзячы на гэта, сьледчы прызначыў дадатковую экспэртызу. Яна лічыць, што ад 1 чэрвеня, калі пачне дзейнічаць новы закон пра інтэрнэт, сайт папросту могуць зьліквідаваць.

Натальля Радзіна заявіла, што распачата яшчэ адна крымінальная справа за разьмяшчэньне камэнтароў пад артыкулам, перадрукаваным з газэты «Беларусь сегодня» пра аўганцаў.

«Гэта беспрэцэдэнтна. У Эўропе, а нядаўна і Вярхоўны суд Расеі прыняў рашэньне, што СМІ не нясуць адказнасьці за публікацыю камэнтароў. У якасьці сьведак у гэтай крымінальнай справе праходзяць былыя аўганцы Алег Воўчак і Аляксандар Камароўскі. Паглядзім, што будзе далей».

Намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец запэўніў, што будуць падавацца адпаведныя скаргі і заявы, але зазначыў, што журналісцкая салідарнасьць можа даць большы плён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG