Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка: “Трэба намагацца аб'яднаць людзей, падштурхнуць іх да самаарганізацыі”


16 красавіка ўвечары жыхары Сельгаспасёлку ў Менску сустракаліся з кандыдатам у дэпутаты на мясцовых выбарах Вінцуком Вячоркам. Жыхары абураныя дзеяньнямі сталічных уладаў, якія хочуць зьнесьці прыватны сэктар, і заяўляюць, што будуць адстойваць сваё жытло.


Падчас сустрэчы з выбарчшыкамі кандыдата ў дэпутаты мясцовых саветаў Вінцука Вячоркі, высьветліліся некаторыя аспэкты абурэньня грамадзянаў наконт зносу іх нерухомасьці. Мужчыны, якія жывуць побач з 78-ай школай, у якой адбывалася сустрэча з выбаршчыкамі, паведамілі, што на сёньняшні дзень існуе тры схемы. Першая – гэта калі банкі зацікаўленыя ў зносе дамоў, каб прыватызаваць зямлю, на якой хочуць пабудаваць нейкую нерухомасьць. Яны не кампэнсуюць людзям ніякіх стратаў пасьля зьнясеньня дома. Папросту бюджэт выдзяляе ім нейкія кватэры, прычым, на ўскрайку гораду. Калі ж гэта дзяржава робіць знос на карысьць новай будоўлі або камэрцыйнай структуры, тады людзям кампэнсуюць прыкладна з разьліку 1 тыс. даляраў за квадратны мэтар. І ёсьць яшчэ адзін варыянт, як гэта адбывалася летась на праспэкце Дзяржынскага, калі людзям прапануюць за катэдж, часам, двух- трохузроўневы толькі 15-20 кв. мэтраў аднапакаёвую, у лепшым выпадку – двухпакаёвую кватэру.

Вінцук Вячорка таксама адзначыў, што мала людзей прыйшло на гэтую сустрэчу. Самі жыхары патлумачылі гэты тым, што і няма цікавасьці да гэтых выбараў, і таксама людзі ня маюць дастатковай інфармацыі. "Ведаю, што цікавасьць людзей да праблемы лёсу Сельгаспасёлку, увогуле да зямельнай палітыкі ў межах гораду, надзвычай высокая, таму што гэта іхняе жыцьцё. Гэта іхныя маёмасныя правы. Гэта будучыня іхных дзяцей і ўнукаў. Кажу так таму, што абышоў сам тут мноства прыватных дамоў у менскім Сельгаспасёлку. І думаю, што самым правільным, маючы на ўвазе непапулярнасьць мясцовых выбараў, няверу людзей у тое, што мясцовыя выбары нешта зьменяць, гэта спалучаць выбарчую кампанію з узьняцьцем балючых праблемаў і намагацца аб'яднаць людзей, падштурхнуць іх да самаарганізацыі. І, відаць так як сёньня прапанавалі тутэйшыя жыхары, прыступім да стварэньня камітэту тэрытарыяльнага самакіраваньня ўсяго сельгаспасёлку”.

На сустрэчы жыхары таксама адзначылі, што большасьць людзей , якія тут жывуць, трымаюць свой дробненькі бізнэс. Гэта нейкія майстэрні па рамонту аўтамабіляў, а таксама амаль увесь прыватны сэктар здае пакойчыкі і нават у некаторых дамах можна ўбачыць яшчэ адзін уваход для кватарантаў. І гэта таксама такая істотная частка даходу людзей вось у гэтых умовах крызісу, ва ўмовах беспрацоўя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG