У сярэднюю школу № 38 запрасілі гуртам пяцёх кандыдатаў у дэпутаты — абласнога й гарадзкога саветаў. Прычым кандыдаты ў гарсавет знаходзіліся не на тэрыторыі сваёй акругі.
Кандыдат у дэпутаты аблсавету ў Валгаградзкай акрузе Алесь Яўсеенка, які прадстаўляе ў Гомелі Беларускі Хэльсынскі камітэт, выказаўся пра такую арганізацыю сустрэчы наступным чынам:
«Я думаю, што гэта зроблена было, хутчэй за ўсё, дзеля „птушачкі“. Сабралі ўсіх разам да кучы й кожнаму далі 5 хвілінаў для выступу. Фармальнасьць адбылі, ды ўсё».
Спадар Яўсеенка вылучаўся тым, што зьвяртаўся да прысутных на беларускай мове. Не цураўся нязручных пытаньняў. Засяродзіў асаблівую ўвагу на адукацыі, культуры, цяжкім матэрыяльным становішчы спэцыялістаў гэтых сфэраў.
І сродкі ведае, дзе ўзяць:
«Пераразьмяркоўваць гарадзкі й абласны бюджэты! Я думаю, што трэба ўрэзаць заробкі адміністрацый, таму што сядзяць, ходзяць паліць, з кабінэта ў кабінэт швэндаюцца — у любой адміністрацыі. Стварылі, напрыклад, напачатку прынцып абслугоўваньня насельніцтва „адно вакно“. А зараз з гэтага „вакна“ зрабілі цэлае структурнае падразьдзяленьне. Тут і закопваюцца грамадзкія грошы, якія можна накіраваць на культуру, адукацыю й ахову здароўя».
Рух «За свабоду» на пэрыяд агітацыі забясьпечыў сваіх кандыдатаў эканамічнай праграмай разьвіцьця Савецкага раёну — найбуйнейшага ў горадзе.
Кандыдат ад руху ў гарсавет Зьміцер Сьцепанец, які балятуецца ў Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 29, зьвяртае ўвагуна стан жыльлёвага фонду, бо й сам жыве ў панэльным пяціпавярховіку:
«Самая вялікая праблема — нашы дамы. У іх цякуць дахі, яны падоўгу не рамантуюцца, у іх брудныя пад’езды. Мы плацім вялікія грошы ЖКГ. Але гэтыя сродкі цяперашнія дэпутаты ня могуць кантраляваць. Яны нават толкам ня ведаюць, куды яны ідуць, на што выдаткоўваюцца».
На сустрэчы вызначыліся ня столькі кандыдаты, колькі групы падтрымкі.
Багата пытаньняў «ад сваіх людзей» паступіла кандыдатам у дэпутаты аблсавету студэнту Дзьмітру Сердзюкову й дырэктару ААТ «Малочныя прадукты» Ўладзімеру Коцуру.
Але й канкурэнты не драмалі (пытаньне Жукоўскага):
«Пытаньне да ўсіх кандыдатаў ад улады. Ці трэба вам гэта ўвогуле? У нас дырэктары — ня дурні, людзі насамрэч разумныя. Справа ў тым, што Аляксандар Рыгоравіч кожны раз патрабуе рабіць то тое, то гэтае. Я разумею, што вам гэта цяжка. Ісьці ў дэпутаты — навошта вам гэта трэба?»
Уцямнага адказу на пытаньне не прагучала.
На гэта, і ня толькі, зьвяртае ўвагу й прысутны на сустрэчы грамадзкі актывіст Андрэй Стрыжак:
«На мой погляд, было вельмі шмат адказаў не на тыя пытаньні, якія задаваліся. Дэмакратычным кандыдатам я б параіў памятаць пра тое, што будуць біць на іхнія „болевыя кропкі“ — гэта заробкі, гэта афіцыйныя месцы працаўладкаваньня. І мець больш аргумэнтаваную водпаведзь на такія пытаньні».