Агітацыйная акцыя доўжылася больш за гадзіну. За гэты час валянтэры раздалі мінакам ладны стос улётак зь перадвыбарчымі праграмамі двух ахвотнікаў на дэпутацтва. Чаму хлопцы вырашылі ахвяраваць свой час на непрэстыжны, здавалася б, занятак. Вось думка валянтэра Рамана:
«Я мяркую, што ад іх будзе вялікі толк. Калі яны праб’юцца. Я наагул рады дапамагчы сваёй краіне. І я думаю, што гэтыя хлопцы змогуць дапамагчы маёй краіне».
Сярод мінакоў знайшліся й прыхільнікі апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Напрыклад, адна з спадарыняў гатовая ўжо цяпер галасаваць за Анатоля Аношкіна:
«Я яго ведаю. Раней працавала ў яго. Калі ён нешта задумае, то абавязкова свайго даб’ецца. Такі ў яго характар. Лічу, што ён быў бы годным дэпутатам».
Некаторыя мінакі наагул выказвалі зьдзіўленьне, што ў Беларусі дазваляюць апазыцыянэрам праводзіць агітацыйныя пікеты:
«Я проста ў Маскве працую. Там таксама заціскаюць, бо там пайшлі беларускім шляхам. Аднак тут я бачу, што, нягледзячы ні на што, людзі спрабуюць нешта зьмяніць».
Выбары — гэта перадусім відовішча, якое павінна быць ня толькі карыснае, але й прыгожае для людзей.
«Мы хочам прадэманстраваць, што выбары — гэта перадусім відовішча, якое павінна быць ня толькі карыснае, але й прыгожае для людзей, каб ім стала цікавей жыць», — заявіў «Свабодзе» Юры Стукалаў.
Кандыдат у дэпутаты Стукалаў абяцае для акругі рабіць толькі добрае.
Больш сталы яго аднапартыец Анатоль Аношкін у сваіх улётках заклікае беларусаў, каб яны жылі дзеля Бога і народу:
«Беларусам патрэбнае пакаяньне, а ў нас няма пакаяньня ў народзе. Пакуль жа ня будзе пакаяньня, ня будзе толку», — тлумачыць Анатоль Аношкін.
Акцыю лібэралаў суправаджала расейскамоўная музыка. Па-расейску былі і лістоўкі. Расейскамоўны быў і агітацыйны ролік.
Тое, што ў агітацыйных выбарчых матэрыялах няма ні слова па-беларуску, Юры Стукалаў прызнаў за памылку:
«Я адразу адкажу, што не падумалі. Нават пра гэта не задумваўся. Усе па-расейску. Нават думкі не было па-беларуску. Чэсна прызнаю. Каб хто сказаў, што трэба па-беларуску, я зрабіў бы».