Як паведамляе сайт ATN.lt, аўтары пэтыцыі яшчэ раз заклікаюць прэм'ера Андруса Кубілюса і адказныя інстытуцыі ўжыць усе магчымыя захады, каб спыніць плянаванае будаўніцтва АЭС побач зь Вільняй з экспэрымэнтальнымі ядзернымі рэактарамі ВВЭР-1200.
Сёньня, 31 сакавіка, заканчваецца тэрмін, да якога літоўскае грамадзтва можа пакінуць абгрунтаваныя прапановы і камэнтары наконт дакумэнту аб ацэнцы ўзьдзеяньня будучай беларускай АЭС на навакольнае асяродзьдзе.
Паводле Міністэрства навакольнага асяродзьдзя Літвы, пры падрыхтоўцы афіцыяльнай пазыцыі Літвы наконт праекту АЭС у Беларусі, будзе ўлічанае меркаваньне грамадзкасьці.
“Мы абвясьцілі пэтыцыі тры тыдні таму, яна атрымала шырокую падтрымку, і гэтая хваля яшчэ не сунялася. Такая актыўнасьць сьведчыць пра адмоўнае стаўленьне грамадзтва да плянаванага ядзернага аб'екта”, - кажа Мантас Юшка, адзін з ініцыятараў пэтыцыі, студэнт чацьвертага курсу Клайпедзкага ўнівэрсытэту.
Узгадніць ацэнку ўзьдзеяньня плянаванай АЭС на навакольнае асяродзьдзе Беларусь мусіць на патрабаваньне адпаведнай канвэнцыі ААН (”канвэнцыі Эспо”).
Як цьвердзіць юрыст адвакацкай канторы “Бальчунас і Граяўскас” Вайдас Радвіла, паводле канвэнцыі Эспо, на тое, каб праект АЭС лічыўся ўзгодненым з суседняй краінай, патрэбная згода грамадзтва.
Эколягі і звычайныя грамадзяне Літвы, Беларусі і Расеі ўжо раней зьвярталі ўвагу на тое, што Беларусь у падрыхтаванай справаздачы наконт ацэнкі ўзьдзеяньня будучай АЭС на навакольнае асяродзьдзе падае інфармацыю, якая ўводзіць у зман.
“У справаздачы ўсе радыяактыўныя адкіды ў выпадку магчымай аварыі падаюцца ў тысячы разоў меншыя ў параўнаньні з сусьветнай практыкай”, - зазначыў старшыня таварыства аховы асяродзьдзя “Атгая” Саўлюс Пікшрыс.
Эколягаў і жыхароў таксама непакоіць тое, што ваду для астуджэньня ядзернага рэактара плянуецца браць зь Вяльлі. Гэта значыць, што вада, якая вяртаецца пасьля астуджэньня, можа быць заражаная радыяактыўнымі часьцінкамі і яны могуць патрапіць ва ўсю экасыстэму Вяльлі.
Паўстае і праблема ўтылізацыі радыяактыўных адкідаў і выкарыстанага ядзернага паліва, яна ў згаданай беларускай справаздачы не разглядаецца. А значыць, няясна, што будзе адбывацца зь вялікай колькасьці радыяактыўных адкідаў у беларуска-літоўскім памежжы.
Астравецкую АЭС плянуецца пабудаваць за 23 кілямэтры ад беларуска-літоўскай мяжы, за 55 кілямэтраў ад Вільні.