Чыноўнікі абяцаюць, што гарадзкі беспрацоўны на сяле ня толькі знойдзе сабе занятак, але й атрымае жытло. Заахвочваецца грашыма пераезд з гораду цэлых сем'яў.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, сельгаспрадпрыемствы Беларусі прапануюць больш за дзьвесьце вакансіяў для трактарыстаў, мэханізатараў, жывёлаводаў, а таксама аграномаў, вэтэрынараў, заатэхнікаў.
Раней афіцыйныя крыніцы паведамлялі, што сельгаспрадпрыемствам толькі адной Магілёўшчыны нестае 679 мэханізатараў. Каб вырашыць праблему, управа сельскай гаспадаркі рэгіёну вырашыла прыцягнуць да пасяўной 200 студэнтаў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.
Кваліфікаваныя ж спэцыялісты сельскай гаспадаркі зьяжджаюць на заробкі па-за межы Магілёўшчыны й Беларусі. У бальшыні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рэгіёну працаўнікі атрымліваюць у сярэднім менш за 200 даляраў. Кіраўніцтва некаторых гаспадарак вылічвае ў працаўнікоў значныя сумы за любую правіну.
Афіцыйна на Магілёўшчыне беспрацоўных каля пяці тысяч чалавек. Спэцыялісты прызнаюць, што насамрэч людзей, якія ня маюць сталага месца працы, больш разоў у дзесяць.