Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовая хроніка пятніцы


Сёньня ў Менскім раённым судзе пачнецца новы разгляд крымінальнай справы супраць Яна Міхайлава. Хлопца абвінавачваюць ва ўхіленьні ад вайсковай службы. Ён правёў амаль тры месяцы за кратамі, але прысуд прызналі незаконным. Паралельна ў менскім гарадзкім судзе адбудзецца разгляд скаргі вернікаў суполкі “Новае жыцьцё”, якія паводле рашэньня Маскоўскага райсуду павіны плаціць амаль 23 000 даляраў штрафу за нібыта нанесены ўрон навакольнаму асяродзьдзю. А ў Маскоўскім судзе будзе агалошана рашэньне ў справе аднаўленьня на вучобе ў БДУ Тацяны Шапуцькі.


У Менскім раённым судзе зьбяруцца дзясяткі чалавек, якіх турбуе лёс Яна Міхайлава. Летась 15 сьнежня хлопца арыштавалі пасьля таго, як ён прасіў ваенкамат даць яму магчымасьць як верніку габрэйска-мэсіянскай суполкі служыць у рэзэрве.

Суд пакараў Яна арыштам на тры месяцы, нягледзячы на тое, што хлопец зьяўляецца старшым сынам у шматдзетнай сям’і і матэрыяльна дапамагае сваім бацькам.

9 сакавіка, літаральна за 4 дні да заканчэньня тэрміну пакараньня, абласны суд палічыў, што хлопца пакаралі незаконна і Яна вызвалілі з-пад варты.

Сам Міхайлаў лічыць, што новы разгляд справы не прывядзе да больш жорсткага пакараньня. Тым больш, што згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам пасьля перагляду справы пакараньне можа быць толькі менш цяжкім. Ян Міхайлаў паведаміў “Свабодзе”:

“Я мяркую, што мне дадуць штраф ці абмяжуюцца тым, што было. Што да альтэрнатыўнай службы, то гэта для мяне прынцыповае пытаньне. Я буду дамагацца, каб быў прыняты такі закон, бо я такі не адзін.

Мне мінулы раз на судзе задавалі пытаньне: “Хто павінен будзе абараняць краіну, калі раптам нападуць зьнешнія ворагі?”. Я тады адказаў, што гэта мусіць быць прафэсійнае войска. Паводле расповедаў маіх знаёмых, якія прайшлі службу ў войску, я мяркую, што наша войска небаяздольнае”.

Вернікі суполкі “Новае жыцьцё” прыйдуць у Менскі гарадзкі суд, дзе будуць разглядаць іх касацыйную скаргу на прысуд Маскоўскага раённага суду. Паводле судовага рашэньня, вернікі мусяць заплаціць амаль 20 000 даляраў за нанясеньне ўрону прыродзе. Так ацаніў Камітэт аховы прыроды Менгарвыканкаму наяўнасьць нафтапрадуктаў у глебе на тэрыторыі, прылеглай да будынку царквы.

Аргумэнты юрыста Сяргея Луканіна аб тым, што пробы бралі каля дарогі і, што раней каля будынку была гарадзкая звалка, на суд не паўздзейнічалі. Акрамя гэтага штрафу ім давядзецца заплаціць яшчэ амаль 3000 даляраў.
Гаворыць Сяргей Луканін:

“Хаця мы й ня верым, што нам удасца абскардзіць рашэньне Маскоўскага суду, але мы вырашылі прайсьці ўсе судовыя інстанцыі. Будзем зьвяртацца, калі спатрэбіцца, і ў Вярхоўны суд, каб мець магчымасьць потым для звароту ў міжнародныя структуры. Лічым, што супраць нас ужываюць эканамічныя санкцыі, каб паставіць пад пагрозу існаваньне нашай царквы”.

Разгляд скаргі вернікаў “Новага жыцьця” ў менскім гарадзкім судзе прызначаны на 15 гадзінаў. Праз гадзіну пасьля гэтага ў Менскім раённым судзе пачнецца суд над Янам Міхайлавым, а а 11-й у судзе Маскоўскага раёну будзе агалошана рашэньне ў справе аднаўленьня на вучобе ў БДУ Тацяны Шапуцькі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG