Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хашчавацкі: “Для ўладаў апазыцыйнае само слова “Воля”


Юры Хашчавацкі.
Юры Хашчавацкі.

Сёньня адзначаецца 92-я гадавіна абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Зь якім мастацкім і культурным пластом атаясамліваецца Беларуская народная рэспубліка ў сучасных беларусаў?


Сёлета ў гонар 92-й гадавіны абвяшчэньня БНР спадарожнікавы тэлеканал “Белсат” распачаў “Тыдзень Волі”. Ад панядзелка тут дэманструюцца фільмы і праграмы, прысьвечаныя гэтай даце. Чаму беларусы ня здолелі захаваць незалежнасьць, атрыманую пасьля Першай усясьветнай вайны? Адкуль ідзе непрыманьне ўладамі аднаго з найважнейшых сьвятаў беларусаў? Таксама “Белсат” прэзэнтуе дакумэнтальны фільм пра генэрала БНР Станіслава Булак-Балаховіча.

А непасрэдна 25 сакавіка выйдзе адмысловы выпуск ток-шоў “Форум”: ці сапраўды гісторыя ходзіць па коле? Сярод запрошаных у студыі – былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, палітыкі Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька ды іншыя.
Сябра мастацкай суполкі “Пагоня” Мікола Купава напярэдадні распавёў, што ў сядзібе Партыі БНФ стартуе традыцыйная выстава, прымеркаваная да Дня Волі:

“Па-сутнасьці, у нас дзьве выставы адкрываюцца. Таму запрашаю ўсіх неабыякавых людзей гэтыя імпрэзы наведаць. Канечне, сёлета маштаб мерапрыемства будзе трошкі іншы, бо гэта ж ня выставачны палац. Але Дзень Волі мы адзначаем, і якраз гэта перадусім важна”.
Сваю першую выставу мастакі “Пагоні” наладзілі якраз да Дня волі 25 сакавіка 1991 году. Авангард і традыцыю, скульптуру і графіку злучала ідэя беларускай свабоды і незалежнасьці. Адным з самых заўзятых пасьлядоўнікаў колісь абранай тэматычнай лініі стаў старшыня суполкі Аляксей Марачкін. Таксама адчувальны плён у прапаганду Дня Волі зрабілі згаданы ўжо Мікола Купава і мастак Алесь Пушкін. Дарэчы, Пушкін ў свой час чырвоную сарцавіну нацыянальнага сьцяга вывеў уласнай крывёю.

2006 год з новай сілай узрушыў нацыянальную сьвядомасьць беларусаў. Зьявілася цэлая нізка мастацкіх і кінэматаграфічных твораў, дзе Дзень Волі наклаўся на ўчынак дэмакратычнай моладзі, якая пяць дзён на знак пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў жыла ў намётавым мястэчку на Кастрычніцкай плошчы, перайменаванай удзельнікамі пратэсту ў пляц Каліноўскага.

Адзін з найбольш вядомых беларускіх кінадакумэнталістаў Юры Хашчавацкі зьняў фільм “Плошча” паводле падзеяў Дня Волі 25 сакавіка 2006-га. Фільм стаў дакумэнтальным сьведчаньнем непрымірымасьці прыхільнікаў нацыянальнай ідэі і па-савецку кансэрватыўных дзяржаўных апанэнтаў. І ў штучным замоўчваньні гістарычнай падзеі на дзяржаўным узроўні творца нічога дзіўнага на бачыць:

“А гэта ўсё ўзаемазьвязана, разумееце? Бо ўвогуле само слова “воля” у нашай дзяржаве ў пэўнай ступені апазыцыйнае. І натуральна, што ў прынцыпе змагаюцца нават з самім гэты словам, таму што свабода нашай уладзе не патрэбная. Бо нашы ўлады намагаюцца выхоўваць нявольнікаў. І гэта вельмі сумна, таму што ніякія эканамічныя дасягненьні (якіх, дарэчы, няма), ніякія сацыяльныя дасягненьні (якіх таксама няма, а наадварот, робіцца ўсё горш і горш), яны не апраўдваюць галоўнага – працэсу мінімізацыі асобы ў чалавеку. Чалавек павінен быць свабодным, чалавек мусіць расьці са сваіх магчымасьцях. Ён павінен набываць вялікую сілу. А на гэта здольная толькі свабода. Калі ён унутрана свабодны, калі ён адчувае свабоду ў іншых людзях, вось тады наступае грамадзкі парэтыт, тады мы маем грамадзтва свабодных, роўных і па-сапраўднаму вялікіх людзей”.

У гэтыя дні два гады таму быў прэзэнтаваны супольны фільм Юрыя Хашчавацкага і пісьменьніка Ўладзімера Арлова “Дзень Волі”. Рэфрэнам там ідзе разважаньне на простую тэму: а што б было, каб Эўропа прызнала незалежную Беларусь напачатку ХХ стагодзьдзя?

У 2008-м Радыё Свабода абвясьціла літаратурны конкурс “Адзін дзень у БНР”. Умовай было стварэньне тэксту адвольнага жанру, які б апісваў жыцьцё ў Беларускай Народнай Рэспубліцы падчас адзначэньня яе 90-годзьдзя. Журы ў складзе пісьменьнікаў Ўладзімера Арлова, Уладзімера Някляева, Алеся Пашкевіча, перакладчыка Сяргея Шупы і гісторыка Захара Шыбекі вызначыла 12 фіналістаў і прапанавала слухачам выказаць сваю думку аб іх творах, выстаўленых на сайце Свабоды.

3-е месца прысуджанае Кастусю Сырэлю за апавяданьне “Малыш”, 2-е заняў аўтар пад псэўданімам “Пяты” за апавяданьне “Крылаты вершнік”, а пераможцам стаў празаік з Гомеля Сяргей Балахонаў з аповесьцю-коміксам “Пятля зацятасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG