У рэанімацыі абласнога клінічнага шпіталю знаходзіцца чатырохгадовы хлопчык з пераломам зводу чэрапа і пашкоджаньнем галаўнога мозгу цяжкай ступені. Яго прывезьлі на “хуткай дапамозе” ад свайго ж дому – дзіця гуляла на вуліцы, калі з даху яму на галаву зваліўся кавалак лёду.
У той самы шпіталь “хуткая дапамога” даставіла і 16-гадовую дзяўчыну з рубленай ранай галавы. Яе паклалі ў хірургічнае аддзяленьне. Пашкоджаньні пацярпелая атрымала таксама каля ўласнага дому.
Абодва выпадкі дзіцячага траўматызму зафіксаваныя ў Першамайскім раёне Віцебску, дзе шмат прэтэнзіяў да працы службаў ЖКГ. Зараз пракуратура правярае акалічнасьці здарэньня.