Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычная лягістыка Лукашэнкі: з Вэнэсуэлы — у Бразылію


Афіцыйная частка hвізыту Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу завершаная. Наколькі выканальныя задумы наконт экспансіі беларускай прадукцыі за акіян? Ці рэальна ў пэрспэктыве часткова пераарыентавацца з расейскай на вэнэсуэльскую нафту? Чаго спадзяецца Лукашэнка ад заплянаванай на 22 сакавіка сустрэчы з прэзыдэнтам Бразыліі Луісам Ігнасіё да Сільва?


За некалькі дзён, праведзеных Аляксандрам Лукашэнкам у кампаніі з Уга Чавэсам, абвешчаныя намеры паставіць цягам 2010 году 4 мільёны тон вэнэсуэльскай нафты на беларускія НПЗ, пабудаваць у Вэнэсуэле зборачныя прадпрыемствы магутнасьцю 10 тысяч трактароў і 5 тысяч грузавых аўтамабіляў штогод, узьвесьці жылыя мікрараёны і вайсковыя гарадкі, наладзіць сыстэму супрацьпаветранай абароны Вэнэсуэлы. Гэтыя пляны ацэньваюць экспэрты, якія сачылі за ходам паездкі Лукашэнкі. Гаворыць спэцыяліст у машынабудаўнічай галіне, эканаміст Васіль Шлындзікаў:

Васіль Шлындзікаў
«Ня бачу праблемы, каб сабраць 10 тысяч трактароў на 5 тысячах квадратных мэтраў плошчы. Было б толькі з чаго зьбіраць. Але калі Вэнэсуэла пойдзе іншым шляхам — ня самі будуць вырабляць гэтыя вузлы, а, прыкладам, некаторыя асноўныя кампанэнты будуць закупляць у той жа Амэрыцы — тады гэта будзе зусім іншая гісторыя. Карацей, усё залежыць ад таго, наколькі прадумана падыдуць да гэтай справы людзі, якія ёй зьбіраюцца займацца. Але калі будуць кляпаць самі, то атрымаецца нешта, што проста будзе рухацца на чатырох колах. А калі гаворка пра тое, каб проста зьбіраць 5 ці 10 тысяч — дык ніякіх праблемаў, было б з чаго. Бо сабраць трактар можна нават у трохпакаёвай кватэры».

Сяргей Чалы
Фінансавы аналітык Сяргей Чалы ацэньвае ступень сыравіннай бясьпекі Беларусі ў зьвязку з абвешчанай пераарыентацыяй на вэнэсуэльскую нафту:

«Важныя нават не аб’ёмы паставак той нафты, наколькі яны магчымыя, колькі ўжо адно тое, што Беларусь пачала дэманстраваць пошукі альтэрнатыўнага шляху, уключна з размовамі пра пастаўкі вэнэсуэльскай, казахстанскай нафты і г.д. І хоць, хутчэй за ўсё, нафта будзе не вэнэсуэльская, а будуць заліковыя схемы (продаж дзесьці там паблізу і атрыманьне ўжо бліжэй да Адэсы), але ўзьнікае вельмі шмат цікавых рэчаў. Калі спачатку плянуюцца сьмешныя аб’ёмы чыгуначным транспартам, то цалкам магчымае ўключэньне ў авэрсны рэжым нафтаправоду Адэса — Броды, пра які так шмат гаварылі і які ў свой час быў ідэяй Юшчанкі. То бок, калі яны насамрэч здольныя праглынуць 4 мільёны тон, то, абсалютна магчыма, і ўдвая больш пройдзе. Тут нават пытаньне ня столькі кошту, колькі пытаньне энэргетычнай незалежнасьці ад Расеі. Сама па сабе рэч карысная. Плюс, зноў жа, умацоўвае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва з Украінай».

Валер Костка
Дэмакратычны актывіст Валер Костка перакананы: паглыбленьне па ўсіх франтах інтэграцыі з Вэнэсуэлай — вынік сапсаваных адносінаў з Расеяй:

«Што Вэнэсуэле можа прапанаваць Беларусь? Найперш ідэалягічную, маральную падтрымку. Але падтэкст трэба шукаць у адносінах не паміж Менскам і Каракасам, а паміж Менскам і Масквой. У былых саюзьнікаў практычна нічога ня клеіцца, пачаліся праблемы ў адносінах з Крамлём, ідзе гульня, спроба паказаць, што мы, маўляў, згуляем і бяз вас. З гледзішча палітыкі тут нейкая лёгіка сапраўды ёсьць, але з пазыцыі эканомікі гэта, канечне, абсурдна. Усё неяк ня так, як увогуле трэба, як павінна быць. Безумоўна, сувэрэнная дзяржава, трэба разьвіваць міжнародныя адносіны. Дык вы ж выбудоўвайце палітыку так, каб было ўсім і ўсё зразумела. Што гуляць з той жа Расеяй? У Мытны саюз гулялі-гулялі, а зараз пачынаецца лямант: ой, дык яны ж нас „кінулі“! Ну дык як вы гуляеце, так і кідаюць».

Тым часам Аляксандар Лукашэнка адпачывае. Ягоныя пляны на бліжэйшыя дні не анансуюцца. Ёсьць зьвесткі, што выходныя ён правядзе ў адной з краінаў Карыбскага басэйну — ня выключана, што яго ўладкуюць на адзін з курортаў Кубы. А вось у панядзелак — зноў праца. Лукашэнку прыме прэзыдэнт Бразыліі Луіс Ігнасіё да Сільва. Мяркуецца, што сустрэча адбудзецца ў Рыё-дэ-Жанэйра. Ці варта чакаць падвышэньня актыўнасьці і на беларуска-бразыльскім напрамку? Сяргей Чалы кажа, што трапіць на ёмісты бразыльскі рынак марыць любая краіна:

«Нядаўна я глядзеў статыстыку па нашых заводах — якія захады яны рабілі ў мінулым годзе, якраз у сытуацыі „росквіту“ крызісу — дык там Бразылія ўзгадвалася вельмі часта. То бок прынамсі спроба дывэрсыфікацыі — відавочная. Думаю, што ў гэтым сэнсе якраз візыт на вышэйшым узроўні будзе цалкам карысны».

Карэспандэнт: «Туды — машыны і калійныя ўгнаеньні. У „імпарце“ — бразыльскія футбалісты, трапічная садавіна. На што яшчэ прэтэндуе Беларусь?»

«Гэта так. Але, разумееце, тут ня столькі важна, колькі і чаго мы ад іх атрымаем. Важна тое, што мы ім прадамо. Бо нашай асноўнай праблемай якраз было закрыцьцё зьнешніх рынкаў. Калі ледзьве ня ў 10 разоў упалі продажы МАЗаў у Расеі, дык гэта ж пра штосьці сьведчыць! Прычым тут яўна пытаньне ня столькі цэнавае, колькі гэта было пытаньне менавіта пратэкцыянісцкае. Таму ў дадзеным кірунку ўсё насамрэч ідзе лягічна. У Бразыліі — свая магутная здабыўная галіна, таму, прыкладам, наша кар’ерная тэхніка для іх вельмі цікавая. То бок патэнцыйна рынак вельмі ёмісты».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG