Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белфільм” зарэгістраваны ў Літве


У Літве зарэгістравана новая грамадзкая арганізацыя – “Белфільм”. Гэта міжнародная асацыяцыя беларускіх кінэматаграфістаў, тэлевізійных работнікаў і усіх творцаў, зьвязаных зь відэапрадукцыяй. Арганізацыя, як плянуюць яе пачынальнікі, аб'яднае і тых, хто працуе ў Беларусі, і прадстаўнікоў розных краін, беларусаў або людзей іншых нацыянальнасьцяў, зьвязаных зь беларускімі тэмамі у відэавытворчасьці.


Заснавальнікі аб'яднаньня расказалі радыё “Свабода”, што ў асацыяцыі прапануецца шматгранная праграма для ўсіх творцаў, зьвязаных і з кіно, і з тэлебачаньнем, незалежна ад таго, у якіх структурах яны працуюць — дзяржаўных або грамадзкіх, і працаваць плянуецца ўва ўсіх напрамках, зьвязаных зь беларускімі тэмамі ў відэавытворчасьці.

Беларускі рэжысэр-кінадакумэнталіст Алег Дашкевіч, адзін са стваральнікаў і старшыня асацыяцыі “Белфільм”, кажа, што вельмі істотны менавіта міжнародны характар арганізацыі, якая будзе цалкам адкрытая для ўсіх зацікаўленых у яе дзейнасьці:


“Мы зацікаўленыя, каб людзі, якія падтрымліваюць беларускую ідэю, беларускую творчасьць, беларускамоўную творчасьць, з усіх краін – чым болей, тым лепей, – маглі спрабаваць праз асацыяцыю рэалізаваць свае магчымасьці і задумы. Гэта самае галоўнае. Няважна, адкуль гэты праект прыйдзе, ці з Эстоніі, ці з Аўстраліі, самае галоўнае — каб быў выразны беларускі акцэнт”.

Адзін з сузаснавальнікаў асацыяцыі, літоўскі журналіст, які працуе і зь беларускай незалежнай тэлепрадукцыяй і дакумэнталістыкай, старшыня управы Інфармацыйнай палаты народаў Літвы “Інфорум” Віталь Каракорскі кажа, што ў Літве ёсьць пэўныя умовы для стварэньня такой асацыяцыі:


“У нас тут ёсьць пэўная база, мы ужо маем дамову гэтай асацыяцыі з Інфармацыйнай палатай народаў Літвы, і мы будзем супрацоўнічаць. “Інфорум” мае вельмі добрую базу тэхнічную, і мы можам ствараць фільмы, – а гэта галоўнае”.

“Белфільм” заснавальнікам бачыцца своеасаблівай лябараторнай структурай, дзе б нараджаліся і афармляліся новыя ідэі, кажа Алег Дашкевіч:

“Мне здаецца, што цяпер час адпавядае новаму. Вось зараз мусіць зьявіцца нешта новае, таму што стагнацыя ў творчым асяродку цяпер канчаецца. І ў гэтым сэнсе трэба адпавядаць новаму часу. Мне здаецца, што цяпер у людзей шмат новых ідэяў, якія, магчыма, і будуць рэалізаваныя пад дахам нашай асацыяцыі”.

Асацыяцыя пакуль ня мае свайго сайту. Як паведаміў старшыня асацыяцыі Алег Дашкевіч, “арганізацыйная частка яшчэ распрацоўваецца” і “неўзабаве адбудзецца прэзэнтацыя “Белфільму”, якая спачатку пройдзе там, дзе асацыяцыя нарадзілася — у Вільні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG