Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах — партыі не ў авангардзе


Сярод патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў, якія ўжо здалі свае дакумэнты на рэгістрацыю, пакуль пераважаюць асобы, якія вылучаюцца праз збор подпісаў выбарцаў і ад працоўных калектываў. Падобная карціна і пры вылучэньні кандыдатаў у склад участковых выбарчых камісіяў. А вось палітычныя партыі не сьпяшаюцца.

Сакратар ЦК партыі «Справядлівы сьвет» Валеры Ўхналёў кажа: пакуль патэнцыйныя прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты непасрэдна ад партыі вылучаныя толькі ў Менску:

«Мы рыхтуем нашых кандыдатаў на мясцовыя выбары. А таксама рыхтуем партыйныя сходы для іх вылучэньня. У Менску такі сход ужо правялі. Мы вылучылі 21 кандыдата ў сталічны гарадзкі савет. Іншыя сходы правядзем 9, 10, 11 сакавіка. Увогуле плянуецца, што каля 200 чалавек ад партыі менавіта праз партыйнае вылучэньне будуць рэкамэндаваныя кандыдатамі ў дэпутаты».

Аб’яднаная грамадзянская партыя ўжо назвала сваіх вылучэнцаў у тры абласныя і сталічны гарадзкі саветы. Яшчэ ў тры абласныя саветы прэтэндэнтаў вызначаць 6 сакавіка. Рыхтуецца вылучэньне і ў дэпутаты ніжэйшых роўняў — кажа старшыня выканкаму партыі Ігар Шынкарык:

«Мы якраз працуем цяпер над гэтым, рыхтуем неабходныя дакумэнты. І адпраўляем іх у рэгіёны. Яны там праводзяць свае паседжаньні, прыкладам, рады абласной арганізацыі, і называюць кандыдатаў. Дзякуй Богу, у нас там дасьведчаныя людзі ў абласным кіраўніцтве».

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік мае сваё тлумачэньне, чаму партыйцы затрымліваюцца. Ён лічыць, што, з аднаго боку, яны традыцыйна трымаюць у сакрэце да апошніх дзён, хто з партыйных лідэраў па якой акрузе пойдзе. А па-другое, мабыць, партыі, якія супрацоўнічаюць паміж сабою, яшчэ да канца не падзялілі акругі.

Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў завяршаецца 15 сакавіка.

А з 8 па 10 сакавіка пройдзе фармаваньне ўчастковых камісіяў. Іх у краіне будзе амаль 7000. А ўжо пачынаючы ад 5 сакавіка тры дні будзе цягнуцца спэцыяльны трэнінг для дэмакратычных актывістаў, якія ўдзельнічаюць у правядзеньні мясцовых выбараў. Сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Сяргей Калякін адзначае:

«Спачатку навучым, так бы мовіць, групу трэнэраў. А затым ужо яны будуць вучыць чальцоў выбарчых камісіяў ад апазыцыі. Калі ў акруговыя і тэрытарыяльныя камісіі мы накіравалі дасьведчаных і высокакваліфікаваных спэцыялістаў, то ва ўчастковыя камісіі прапанаваныя кандыдаты зь меншым досьведам. Таму і трэба расказаць ім пра паўнамоцтвы, якія надае ім закон з пункту гледжаньня абароны правоў кандыдатаў у дэпутаты».

Выбары ў мясцовыя Саветы адбудуцца ў Беларусі 25 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG