Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры тамы крымінальнай справы Сяргея Каваленкі


Сяргей Каваленка
Сяргей Каваленка

Сёньня ва Ўправе папярэдняга расьсьледаваньня абласной міліцыі Сяргею Каваленку паведамілі, што сьледзтва па ягонай справе скончана, і цягам месяца ён можа знаёміцца з усімі матэрыяламі.

Паводле Сяргея Каваленкі, матэрыялаў крымінальнай справы, распачатай супраць яго за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на галоўнай гарадзкой ёлцы ў Віцебску, набралася на тры тамы. Іх зьбіралі па чарзе трое сьледчых — Тацяна Турлаева, Аксана Муравіцкая і Андрэй Баранаў.

Апошні сьледчы і выклікаў Сяргея Каваленку спачатку на допыт, а потым даў магчымасьць пазнаёміцца са справай. Шмат якія матэрыялы Сяргея Каваленку здзівілі і ўразілі:

«Усіх жыхароў дзевяціпавярхоўкі — дома № 8 па Маскоўскім праспэкце — апыталі. Адна жанчына добра адказала, ці замінаў ёй сьцяг. Яна сказала, што ёй замінае лямант, грукат, музыка, канцэрты на плошчы, а сьцяг не замінаў зусім. Але розныя выказваньні былі. Нехта, можа, спалохаўшыся, казаў, што замінаў ім сьцяг».

7-га студзеня, калі Сяргей Каваленка вывесіў сьцяг, пад ёлкай якраз ішоў навагодні канцэрт. З ініцыятывы старшыні Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Косінца на мэмарыяльнай некалі плошчы Перамогі цяпер ладзяцца розныя забавы: тут залітыя два каткі і з ранку да вечара з дынамікаў гучыць музыка, што вельмі недаспадобы жыхарам бліжэйшага жылога дома.

У матэрыялах справы таксама ёсьць паказаньні ўдзельнікаў і арганізатараў канцэрту мастацкай самадзейнасьці Кастрычніцкага раёну, гледачы якога заміж сцэны глядзелі на Сяргея Каваленку, які вывешваў сьцяг на самай вершаліне.

Ёсьць і сьведчаньні трох міліцыянтаў, якія затрымлівалі віцебскага сябра КХП БНФ. За маральную шкоду і зьнявагу сваёй годнасьці яны запатрабавалі ад Сяргея Каваленкі грашовай кампэнсацыі:

Я мяркую, што гэта звычайны бандытызм: схапіць, зьбіць, а потым яшчэ й грошы вымагаць.
«За маральную шкоду, што я іх фашыстамі нібыта назваў, хочуць па 10 мільёнаў рублёў на кожнага. Можа, яны думаюць, што апазыцыя мне шмат грошай за сьцяг заплаціла? Я мяркую, што гэта звычайны бандытызм: схапіць, зьбіць, а потым яшчэ й грошы вымагаць».

Апрача Сяргея Каваленкі, сёньня на допыт выклікалі і ягоную жонку Алену. Сьледчага Андрэя Баранава цікавіла, ці ёсьць у іх дома швейная машынка. На думку спадарыні Алены, сьледчы хацеў высьветліць, хто пашыў бел-чырвона-белы сьцяг і ці можна знайсьці верагодных саўдзельнікаў.

Пытаньне сьледчага, мяркуе Алена Каваленка, трохі дзіўнае: пасьля затрыманьня Сяргея ў іхнай кватэры праводзіўся ператрус, і міліцыянты добра бачылі, што швейнай машынкі ў іх няма. Але тады супрацоўнікаў міліцыі больш цікавіла іншае: яны знайшлі і забралі некалькі асобнікаў розных незалежных выданьняў.

На іншыя пытаньні Алена Каваленка адказваць адмовілася, скарыстаўшы сваё права не даваць паказаньняў, якія могуць быць скарыстаныя супраць мужа.

Пасьля таго, як Сяргей Каваленка пазнаёміцца са справай, ён будзе мець магчымасьць выказаць свае заўвагі або хадайніцтва. Потым справу перададуць у пракуратуру, якая разгледзіць усё яшчэ раз і вырашыць, ці перадаваць матэрыялы ў суд, ці адправіць сьледчаму на дапрацоўку.

За парушэньне грамадзкага парадку і супраціў міліцыі, у чым вінавацяць Сяргея Каваленку, яму пагражае да 6 гадоў турэмнага зьняволеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG