"Пуцін зьяўляецца старэйшым партнэрам у гэтых двухбаковых адносінах, ён працягвае зьвяртацца да хлапечага на выгляд Мядзьведзева "на ты", падчас калі Мядзьведзеў з пашанай "выкае" Пуціну. Няма сумневу, што ў Мядзьведзева шмат разумных ідэяў. Але гэтыя ідэі наўрад ці служаць нечаму большаму за дэкарацыю, якая прыдае лібэральнага глянцу аўтарытарызму Пуціна. У канчатковым выніку Мядзьведзеў застаецца ляяльным сябрам каманды Пуціна, і ягоная роля выразна акрэсьленая: рэфармаваць нямоглую эканомію Расеі і прадухіліць сацыяльныя хваляваньні, каб сапраўдная ўлада цьвёрда заставалася ў руках Пуціна і кола былых КГБістаў, вядомых як сілавікі. Насамрэч, рэформы Мядзьведзева не падрываюць сыстэмы, створанай Пуціным, а ўзмацняюць яе", — піша Newsweek.
Тыднёвік зьвяртае ўвагу, што пасьля мінулагодняй прамовы Мядзьведзева, у якой прэзыдэнт загадаў міліцыі і дзяржаўным чыноўнікам спыніць перасьлед прыватнага бізнэсу, выпадкі афіцыйнага шантажу і перасьледу сярод прыватных прадпрымальнікаў яшчэ пачасьціліся. "Роля Мядзьведзева, як здаецца, была ў тым, каб выказаць слушнае абурэньне і адвесьці грамадзкі гнеў ад карумпаванай міліцыі і бюракратыі, практычна не зьмяняючы спосабу працы гэтых структураў", — пішуць Мэт’юз і Нямцова.
Чаму ўвогуле Пуцін патрабуе пры ўладзе чалавека зь лібэральнай закваскай, такога як Мядзьведзеў?
Аўтары артыкулу лічаць, што, па-першае, бачнасьць пэўнага лібэралізму ва ўладзе дазваляе Пуціну лепш маніпуляваць выбаршчыкамі і ўтрымліваць іх у перакананьні, што ў краіне існуе як свабода выказваньня, так і ўрад, які хутка рэагуе на народныя патрэбы.
Па-другое, лібэральныя ідэі Мядзьведзева сапраўды даюць карысны для ўладаў плён у прыватным эканамічным сэктары.
Па-трэцяе, аргумэнтуюць Мэт’юз і Нямцова, Мядзьведзеў зьяўляецца своеасаблівым гарантам капіталаў, якія былі нелегальна выведзеныя з Расеі рознымі службовымі асобамі. "З часу, як Пуцін прыйшоў да ўлады ў 2000 годзе, расейскія службоўцы прысвоілі сабе ад 200 да 300 мільярдаў даляраў, паводле ацэнкі Transparency International Russia" — піша тыднёвік. Аўтары цытуюць Елену Панфілаву з Transparency International Russia, якая кажа, "што ўсе грошы Крамля знаходзяцца за мяжой, і сілавікі ўсьведамляюць сабе, што яны павінны сябраваць з амэрыканцамі, каб запэўніць нейкую бясьпеку сваім грошам". А таму, лічыць Панфілава, найлепшы спосаб для расейскіх сілавікоў, каб пазьбегчы расьсьледаваньня адносна гэтых грошай у будучыні, гэта рабіць выгляд, што яны праводзяць або падтрымліваюць рэформы ў Расеі.