Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі мая Алімпіяда. Уладзімер Копаць


Уладзімер Копаць
Уладзімер Копаць

Алімпійскія гульні ў Ванкувэры — вачыма вядомых у Беларусі асобаў. Ці вераць яны ў посьпех беларускіх алімпійцаў? Як ацэньваюць каляспартовы антураж Алімпіяды? Якое ўвогуле месца ў іх жыцьці займае вялікі спорт?


Пасьля мэдалёвых здабыткаў на мінулым тыдні біятляністаў Сяргея Новікава і Дар’і Домрачавай беларускія заўзятары чакаюць новых узнагародаў. Але ў выходныя ніхто з прадстаўнікоў зборнай Беларусі парадаваць аматараў спорту ня здолеў. Новікаў, відавочна, падчыстую эмацыйна выклаўся 18 лютага і ў мас-старце тройчы прамахнуўся на стрэльбішчы. У выніку — 20-я пазыцыя. Домрачава апынулася нашмат бліжэй да лідэраў, заняўшы 6-е месца. Слабое спадзяваньне на пэрспэктыву падаравалі хакеісты, якія нарэшце выйгралі ў аднаго з аўтсайдэраў алімпійскага турніру, зборнай Нямеччыны. Заўтра падначаленыя Міхаіла Захарава паспрачаюцца за выхад у фінал з камандай Швайцарыі. А ці ёсьць у беларускіх хакеістаў шанец паўтарыць подзьвіг Алімпійскіх гульняў 2002 году, дзе каманда пад кіраўніцтвам галоўнага трэнэра Ўладзімера Крыкунова дасягнула найвышэйшага выніку ў сваёй гісторыі — 4-га месца. Герой Солт-Лэйк-Сіці Ўладзімер Копаць, чыя шайба ў вароты швэдаў і спрычынілася да таго трыюмфу, лічыць, што на гэты момант яшчэ нічога ня страчана:

“Ну, а чаму не? Прынамсі ў тэорыі магчыма ўсё. Цалкам натуральна, што заўсёды можна разьлічваць на посьпех. Што перашкаджае? Сабраныя ўсе мацнейшыя, няма толькі некалькіх траўмаваных гульцоў. Але ж хакей — гэта камандны від спорту, таму ўсё залежыць ад камандных узаемадзеяньняў. Прагрэс па ходу турніру ўжо проста відавочны. У параўнаньні зь першай гульнёй сустрэча зь немцамі будавалася ўжо зусім па іншым сцэнары. Да таго ж гульня са швэдамі ад сярэдзіны другога пэрыяду таксама дадавала аптымізму. Таму прагрэс відавочны”.

Карэспандэнт: “Жэрабя наступнай гульні са швайцарцамі наколькі ўдалае?”

“Я думаю, што гэта ня самы горшы варыянт, таму ёсьць рэальная магчымасьць прайсьці далей. І ў гэтым сэнсе ўсе ў прынцыпе павінны быць аптымістамі. Пакуль не прайграў — навошта ўпадаць у пэсымізм? Заўсёды трэба разьлічваць на перамогу. Мяркую, што і хлопцы ў камандзе дакладна гэтак жа да ўсяго ставяцца. Бо тады не было сэнсу ехаць на Алімпіяду. Дзеля чаго? Проста прайграць усе гульні і вярнуцца дадому? Таму ўсе едуць па перамогу”.

Карэспандэнт: “Асабіста вам якая каманда найбольш сымпатычная?”

“Многія спадабаліся: і расейцы, і тыя ж чэхі, амэрыканцы, канадцы. Дарэчы, і славакі. Нават ня ведаю, тут столькі фаварытаў, што складана прагназаваць, хто стане чэмпіёнам. А тым больш алімпійскі турнір такі хуткацечны, што насамрэч ня ведаеш, на каго і паставіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG