Што для вас свабода?
Рэалізацыя тых талентаў, якія даў Бог.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Адчуваньне, што не хапае сілы і не хапае веры.
Што для вас шчасьце?
У розных сфэрах жыцьця – бачыць, як набліжаесься да таго, што раней было толькі марай.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Не зрабіць таго, для чаго я створаны.
Які талент вы хацелі б мець?
Больш эфэктыўна распараджацца сваім часам.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Богам, таму што мы – Яго сучасьнікі.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Перачытваць удала напісаны ўласны тэкст.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Не пабаяўся бы прыйсьці да Бога раней.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Прыйсьці да Бога.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Усё магу ў Ісусе Хрысьце, Які ўмацоўвае мяне. (Новы Запавет, Пасланьне да Філіпійцаў, 4:13).
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Парлямэнцкай рэспубліцы.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Літоўскай Рэспубліцы Беларусь.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У гэтую.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Зьнізіў падаткі і стварыў бы найбольш спрыяльныя ўмовы для невялікага прыватнага бізнэсу.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Партнэрскія, у меру блізкія.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Мы яшчэ доўга будзем даказваць, што “Беларусь – не Расея”, і сыходзячы з гэтага выбудоўваць стасункі.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?
Дыктатуру ў краіне можна ператрываць. Страту незалежнасьці ўжо не “адкруціш” назад.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Улада зьменіцца нечакана, і ў адносна хуткім часе.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі да ўлады прыйдуць беларускамоўныя кіраўнікі.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Такога ня будзе.