Што для вас свабода?
Прысьвячэньне ў наступнасьць.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
І-і: нястача і лішак, набытак і страта, сыстэма і хаос.
Што для вас шчасьце?
Вішні цьвітуць.
Чаго вы найбольш баіцеся?
На крутым спатыкнуцца, на роўным пасьлізнуцца.
Які талент вы хацелі б мець?
Усе маюць адзін і той самы найвялікшы талент — талент быць, таму замест таго, каб перакідвацца з транскрыпту ў транскрыпт, лепш спраўджвацца ў тым, што маеш.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Тымі, хто адданы слову (як Ніл Гілевіч), хто перамагае згубу (як Анатоль Галушка з Івацэвічаў), хто дзейсьніць учынак — відавочны (як Сяргей Каваленка зь Віцебска) і невідочны.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Аддаваць пазыкі.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Навучыўся б хадзіць па вадзе.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Малы ад дарослых: «Вялікі расьці!..»
Які ваш улюбёны дэвіз?
Tat twam asi (Гэта ёсьць ты).
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У пчалінай.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Айчыне.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У велікодную — калі ў людзях уваскрасае Бог.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Увёў бы ў дзеяньне закон Адпаведнасьці, а сам вярнуўся б да таго, чым займаюся цяпер.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Вядомыя — што памятаюць, дзе быў дом.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Сьвядомыя — што ведаюць, дзе дом ёсьць.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?
Калі свая, то не дыктатура, калі дыктатура, то не свая.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Паступова і раптам — раней, чым ветах перакуліцца ў маладзік.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі не ў сераду, то ў пятніцу, калі не ў чацьвер, то ў суботу, — тады, калі якасьць пяройдзе ў колькасьць.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Сабакі забрэшуць, вароны закаркаюць, а ляўрэаты прэміі «За духоўнае адраджэньне» вернуць узнагароды таму, ад каго іх атрымалі.