Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД робіць стаўку на новыя імёны


Павал Севярынец прэзэнтуе выбарчы сьпіс БХД на мясцовыя выбары
Павал Севярынец прэзэнтуе выбарчы сьпіс БХД на мясцовыя выбары

Сёньня Беларуская хрысьціянская дэмакратыя абвясьціла пра пачатак шырокамаштабнай выбарчай кампаніі — праз збор подпісаў яна плянуе вылучыць 204 кандыдаты ў мясцовыя саветы.

Сябры аргкамітэту дзеля стварэньня БХД падкрэсьліваюць, што гэта будзе першая кампанія нацыянальнага ўзроўню. Сустаршыня БХД Павал Севярынец кажа:

“Для нас вельмі важна ўскалыхнуць людзей перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2011 году”.

Павал Севярынец прэзэнтаваў сьпіс, у якім 204 кандыдаты ў мясцовыя саветы:
90% людзей, якія ў гэтым сьпісе, вылучаюцца на мясцовых выбарах упершыню ...

“Сярод іх такія вядомыя людзі, як Аляксей Шэін, Георгі Дзьмітрук, Таісія Кабанчук, кіраўніца Магілёўскай абласной арганізацыі БХД, Мікола Баўсюк, кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі, Дзяніс Садоўскі, Канстанцін Жукоўскі, гомельскі абласны кіраўнік. Гэта сьпіс, які ўключае, у першую чаргу, новых людзей. 90% людзей, якія ў гэтым сьпісе, вылучаюцца на мясцовых выбарах упершыню. Таму гэта прынцыпова адрозьнівае гэты сьпіс ад сьпісаў іншых партый”.

Напачатку ў гэтым сьпісе было больш за 300 чалавек, але ў апошнія дні пачалася маштабная хваля ціску на кандыдатаў, і некаторыя ня сталі рызыкаваць.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі распавёў, што яны узгадняюць сваю стратэгію зь іншымі палітычнымі партыямі і рухамі:

“У Менску мы вылучаем 25 кандыдатаў, мы закрываем амаль палову ўсіх акругаў сталіцы. Мы ўзгаднялі гэты сьпіс з нашымі партнэрамі па Беларускім незалежніцкім блёку з той мэтай, каб па адной акрузе не ішло некалькі кандыдатаў ад БНБ. І адна з мэтаў гэтых выбараў — даказаць, што БХД — гэта народная партыя”.

Сустаршыня БХД Аляксей Шэін падкрэсьліў, што галоўная мэта — ахапіць як мага больш рэгіёнаў:
пастараліся зрабіць тое, чаго, бадай, ніхто не рабіў ...

“Мы паставілі перад сабой задачу вылучэньня людзей ня толькі ў вялікіх гарадах і ў Менску, але пастараліся зрабіць тое, чаго, бадай, ніхто не рабіў — гэта падняць нізавы пласт мясцовых выбараў. Для нас вызначальным прынцыпам дзейнасьці зьяўляецца прынцып субсыдыярнасьці, то бок праблема павінна вырашацца на тым узроўні, на якім яе вырашэньне найбольш эфэктыўнае і на якім яна ўзьнікла. Праблемы мясцовыя, праблемы лякальныя не павінны вырашацца на нейкім высокім узроўні”.

Паколькі БХД пакуль не зарэгістраваная, усе кандыдаты мусяць вылучацца шляхам збору подпісаў. Але ў гэтым ёсьць і станоўчы момант, кажа Павал Севярынец:

“Тыя людзі, якія ідуць шляхам збору подпісаў — а ад БХД гэта ўвесь сьпіс, — тыя людзі якраз найбольш моцна, найбольш сур’ёзна працуюць з выбарцамі. Таму нам здаецца, што кампанія БХД будзе найбольш сьвежай, найбольш моцнай, найбольш натхняльнай для Беларусі”.

БХД зьбіраецца перадаць свой сьпіс з 204 кандыдатаў у дыпляматычныя прадстаўніцтвы эўрапейскіх краін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG