Супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС забралі Барыса Хамайду каля так званага “Сіняга дома” (дома №28 па вуліцы Леніна), дзе ён распаўсюджвае незалежныя выданьні. Міліцыянты сказалі, што загад на затрыманьне даў начальнік райаддзелу міліцыі Сяргей Блажэвіч. Спадар Блажэвіч паведаміў Барысу Хамайду, што мае паказаньні двух сьведкаў, якія быццам бы бачылі на беразе Заходняй Дзьвіны 13 лютага двух падазроных людзей сталага веку. Адзін зь іх быў з сівой барадой – зьнешне падобны да Барыса Хамайды. Апазыцыянэр заявіў, што гатовы ўзяць на сябе адказнасьць за вывешваньне сьцяга, калі міліцыянты ўжо некалькі гадоў ня могуць знайсьці сапраўднага Мірона. Аднак Барыс Хамайда папярэдзіў, што ніякіх пратаколаў падпісваць ня будзе. Зараз апазыяцыянэра працягваюць дапытваць у міліцыі.
Як стала вядома, 13 лютага супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС быў затрыманы яшчэ адзін актывіст – Тарас Сурган. Яго і раней затрымлівалі за акцыі з бел-чырвона-белымі сьцягамі, і сябры не выключаюць, што сапраўднай прычынай затрыманьня стала зьяўленьне бел-чырвона-белага сьцягу над Дзьвіной. Аднак афіцыйная прычына затрыманьня – “парушэньне грамадзкага парадку”.