Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На нафтавым фронце пакуль безь перамен


Мазырскі НПЗ
Мазырскі НПЗ

Сёньня ў Маскве працягваюцца беларуска-расейскія перамовы аб умовах пастаўкі нафты ў Беларусь у 2010 годзе, якія пачаліся 25 студзеня. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, расейскі бок прадстаўляюць віцэ-прэм’ер Ігар Сечын і міністар энэргетыкі Сяргей Шматко.

Перамовы ўзнавіліся ў другой палове дня, аднак пакуль ніхто ня можа прагназаваць, ці завершацца яны сёньня падпісаньнем дакумэнтаў. Крыніца ў расейскім урадзе, блізкая да перамоваў, паведаміла карэспандэнту «Свабоды»:

«Зрухі ёсьць у бок паляпшэньня, таму пачакаем вечара. Перамовы працягнуцца ўвечары. Усё ідзе ў плянавым рэжыме. Гэта ж няпростыя пытаньні: людзі лічаць. Гэта пытаньні, зьвязаныя адразу зь некалькімі ведамствамі. Ідуць падлікі, разьлікі. Кожны бок вывярае кожную дэталь з максымальнай выгадай для сябе. Кампраміс знайсьці ў такіх пытаньнях заўсёды складана, калі гэта тычыцца бюджэту краіны».

«Крыніца, якую цытуе БелТА, паведаміла ўчора ўвечары, што засталося ўзгадніць, маўляў, паўтара пытаньня?»

«Не, не паўтара, а пытаньне па тарыфах за пампаваньне нафты. З мэдыяў я ведаю, што беларусы нібыта прапануюць падвысіць на 25-30%, а мы хочам — на 10-11%».

Паводле расейскіх крыніцаў, на беларускіх НПЗ заканчваюцца запасы нафты.

Намесьнік дырэктара Мазырскага НПЗ Сяргей Саладоўнікаў сказаў:

«Чакаю вынікаў з Масквы па падпісаньні пагадненьня. Пасьля гэтага ўсё будзе зразумела. Нафты хапае да канца месяца».

Валянцін Мацкевіч
Ці можа Беларусь у выпадку форс-мажорных абставінаў скарыстаць замест расейскай нафты, да прыкладу, казахстанскую? Незалежны экспэрт у галіне энэрганосьбітаў Валянцін Мацкевіч кажа:

«Вядома, магла б замяніць на любую нафту — нарвэскую ці з Саудаўскай Арабіі, якую заўгодна. Але ж урад дамагаецца, каб яна была танная, каб 8,5 мільёна тон ішло бяз мыта. Гэта якраз перакрэсьлівае іншыя шляхі. Канечне, Казахстан будзе прадаваць нафту па рынкавых коштах. Але для таго, каб яна тут зьявілася, трэба адкруціць 15 гадоў назад, трэба было займацца іншымі шляхамі і будаваць на гэты выпадак нафтавы калектар. Былі толькі дэманстратыўныя паездкі на Ўкраіну, для Расеі нібыта паказвалі, што ў нас ёсьць іншыя варыянты. Але Расею ня спужаеш, яны проста чакаюць, калі гэтая ўся гульня скончыцца».

Яраслаў Раманчук
Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук адзначыў:

«Тое, што Лукашэнка езьдзіць ва Ўкраіну, у Казахстан, размаўляе з Туркмэнбашы, сьведчыць пра тое, што Лукашэнка проста робіць імітацыю вырашэньня рэальнай праблемы. Каб Лукашэнка хацеў вырашыць гэтыя пытаньні, ён сам паехаў бы да Пуціна, Мядзьведзева, узяў бы з сабой урад і там бы начаваў, дняваў, каб пытаньне было вырашана. Бо паслаць Сямашку ці нейкага стрэлачніка — гэта проста зацягваць перамовы і эскаляваць канфлікт. Калі ён дацягне да нейкай кропкі, Лукашэнка возьмецца, каб разам з нафтай разглядаць пытаньне электраэнэргіі, газу, іншыя рэчы. І мы стаім на парозе такога поўнамаштабнага канфлікту паміж Расеяй і Беларусьсю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG